Песнапеннямi Хрыста славiлi

08:47 / 19.01.2012





У мінулы аўторак Ашмянскі гарадскі Дом культуры гасцінна прымаў удзельнікаў адборачнага тура штогадовага фестывалю Раждзественскіх песнапенняў “Слава ў вышніх Богу”. Астравецкае благачынне прадстаўлялі хары праваслаўных прыходаў святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Астравец і святога прарока Іліі пасёлка Альхоўка, а таксама вакальная група маленькіх прыхаджан астравецкага храма на чале з яго настаяцелем Георгіем Савіцкім.


Дарослыя калектывы ў абавязковай праграме выконвалі малое славаслоўе “Слава ў вышніх Богу”, песнапенне “Свете тихий” і калядку “Ночь тиха над Палестиной”. Абодва калектывы выступілі вельмі годна, што сведчыць аб іх вялікім творчым патэнцыяле. Журы на чале з настаяцелем сабора Архістратыга Міхаіла г. Ліды айцом Сергіем Шафаростам прыняло гэта да ўвагі і запрасіла для ўдзелу ў фінальным туры фестывалю сярод хароў сельскіх прыходаў пеўчы калектыў альхоўскага храма.
А сімпатыі гледачоў былі аднадушна аддадзены юным астравецкім хрыстаславам – Дашы Харытонавай, Насці Вайцяхоўскай, Лізе Кандратовіч і маленькім Каці Вайцяхоўскай і Леры Даўляш. Дружнымі апладысментамі аддзячылі прысутныя юных спевакоў і іх кіраўніка айца Георгія за калядную песню “Неба і зямля”. Калі ж Кацюша і Лерачка сваімі звонкімі і крыху нясмелымі галаскамі праспявалі песню пра маміну малітву, апладысменты перайшлі ў авацыю і былі самымі працяглымі за ўвесь час канцэрта. У многіх на вачах блішчэлі слёзы. А прывітальнае песнапенне “Многае лета” падхапілі і гледачы.
Раждзественскія фестывалі царкоўных песнапенняў – мерапрыемства традыцыйнае і праходзіць па добра адпрацаванай праграме: абавязковыя песнапенні і калядкі па выбары. Некаторыя калектывы, асабліва дзіцячыя, уключалі і музычныя нумары, свецкія па сутнасці і духоўныя па змесце. Але царкоўнае песнапенне вызначаецца разнастайнасцю распеваў – той жа твор “Свете тихий” прагучаў у апрацоўцы розных кампазітараў, сярод якіх і рэгент хора Свята-Прэабражэнскага сабора г. Смаргоні – а значыць, патрабуе ўдасканалення выканаўчага майстэрства. А межаў дасканаласці, як вядома, не існуе. Але імкнуцца да яе трэба, чаго і хочацца пажадаць хорам нашага благачыння.


Таіса СЯМЁНАВА.