«Святая ноч» у храме святых апосталаў Пятра і Паўла

16:19 / 09.01.2012

Па добрай традыцыі Раждзественскае богаслужэнне ў храме святых апосталаў Пятра і Паўла завяршылася святочным спектаклем, які падрыхтавалі вучні старэйшай групы нядзельнай школы.


Называўся ён “Святая ноч”. Героі п’есы – Бабуля, унукі Анатоль, Аня і Лена, а таксама тры пастухі і Анёл – расказалі прыхаджанам аб вялікай падзеі, што адбылася больш чым два тысячагоддзі таму ў Віфлееме: Прасвятая Дзева Марыя нарадзіла сына – Збавіцеля свету Ісуса Хрыста. Стварыць уяўленне аб Святой ночы дапамагалі дэкарацыі – вярцеп і Віфлеемская зорка над ім, вогнішча, вакол якога грэліся пастухі…
Не засталіся ў баку і вучні малодшай і сярэдняй груп – яны натхнёнымі паэтычнымі радкамі славілі Дзіцятка Хрыста.
За талент і майстэрства маленькія артысты атрымалі ўзнагароды – калядныя падарункі ад настаяцеля храма іерэя Георгія Савіцкага і дружныя апладысменты ад гледачоў.


Таіса СЯМЁНАВА.