Вышываныя абразы Веры Гноза прадстаўлены не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі

13:32 / 06.01.2012

Я даўно ведаю гэтую жанчыну, для якой вышыванне стала песняй душы. Не! Скажу больш – малітвай! Цудоўнай душы чалавек, а цяпер – цудоўнага таленту, прагі да жыцця. І цяжка ўявіць, што не так даўно жыццё для яе не мела сэнсу.


Бяда заўсёды прыходзіць знянацку. Да Веры Аляксандраўны Гноза, жыхаркі вёскі Лазоўка, раптоўна прычапілася хвароба. Яна стала амаль прыкаванай да ложка, магла хіба што па хаце прайсці, і то з цяжкасцю. Так вось раптоўна жыццё “дало трэшчыну”, і стала такое нямілае і непатрэбнае... “Жыць не хацелася” – успамінае Вера. Успамінае, усміхаецца і не верыць, што такое было.
Муж не пакінуў яе ў бядзе. Стараўся быць побач, а калі ішоў на работу, з ёй заставаліся сябры, родныя. Вось тады хтосьці і параіў Веры заняцца вышыўкай. Вырашыла паспрабаваць. Рукі спачатку не хацелі слухацца, але памаленьку справа пайшла на лад. Ды душы ўсё ж чагосьці не хапала... Неяк прыяцельніца прынесла ёй узор абраза Маці Божай. Вера з хваляваннем глядзела на абраз. “А ці змагу я такую адказную работу выканаць? А ці заслугоўваю я?” – былі галоўнымі пытаннямі ў Веры. Памаліўшыся вечарам, папрасіла Бога перад сном: “Божа, калі я вартая Цябе – дай знак, пашлі натхненне”. Пад раніцу ў сне, як наяве, яна ўбачыла Бога і ясна пачула словы: “Вышывай, у цябе атрымаецца, і гэта будзе твая малітва!” Вера прачнулася ў поце, збянтэжаная, і каб чаго не прапусціць і не забыць – стала вышываць. Клалася спаць і прачыналася з лёгкасцю, вышыўка ішла хутка, яна не стамлялася, здароўе не падводзіла – адкуль што бралася. На адным дыханні яна вышыла абраз. І так паляцелі дні за днямі – у гармоніі з духоўнай працай і радасцю.
– Гэта цяпер мая малітва, – з дня ў дзень гаворыць Вера.
З 2003 года яна вышывае толькі абразы – каталіцкія, праваслаўныя – хто якія папросіць. Але ніводнага абраза яна не прадала за грошы.
– Гэты дар даў мне Бог, не магу я ім гандляваць, – гаворыць Вера. –Я ганаруся, што мае абразы ёсць у Рыме, Грэцыі, Францыі, Швейцарыі, Даніі, Германіі, Польшчы, Літве, Латвіі. А ўжо ў Беларусі – не злічыць. У маёй роднай Лазоўцы – у кожнай хаце.
Жарт сказаць – лік створаных Верай Аляксандраўнай абразоў ідзе ўжо на сотні. Людзі цягнуцца да яе, ніколі яна не бывае адна, з ёй проста і прыемна весці размову. Прыязджаюць святары, манахіні, вязуць канву, ніткі. Рулон канвы, вялізны пакет нітак, узоры абразоў.
– Я ведаю, што я абавязана жыць – яшчэ столькі нявыкананай работы, – гаворыць Вера.
І мне падарыла Вера цудоўны абраз Маці Божай Вострабрамскай. “Ювелірная работа” – ацаніла я. Вера, здаецца, змагла зазірнуць мне ў душу: гэты абраз найбольш дарагі мне...
Цяпер я разумею, што ВЕРА – гэта духоўнае імя і стан душы гэтай цудоўнай жанчыны. А яе праца, яе абразы – гэта яе штодзённая, заўсёдная малітва, якой яна дзеліцца з усім светам.


Рэгіна ДРЭМА.