З Нараджэннем Хрыстовым!

08:15 / 07.01.2012

Паважаныя вернікі праваслаўнай канфесіі раёна!
Ад усёй душы віншуем вас са светлым святам Ражаства Хрыстова!


Больш за два тысячагоддзі гэта вялікае свята прыносіць нам светлую радасць і надзею, вучыць кіравацца маральнымі запаведзямі, праяўляць любоў да бліжняга і тварыць добрыя справы.
Ражаство Хрыстова як сімвал высокай, усеабдымнай любові і вялікай радасці абнаўляе і ачышчае сэрцы людзей, заклікае жыць у міры і згодзе, тварыць справы міласэрнасці. У цудоўныя калядныя дні хрысціяне з любоўю звяртаюць свае погляды да бліжніх і да ўсіх, каму патрэбна чалавечая спагада і спачуванне, акружаючы іх міласэрнасцю, клопатам і любоўю.
Жадаем, каб у гэты цудоўны святочны дзень кожная душа напаўнялася радасцю, спакоем, высакародным імкненнем жыць па правілах хрысціянскай маралі.
Няхай цеплыня цудоўнага свята Ражаства Хрыстова пастаянна сагравае вашы сем’і, дапамагае быць больш клапатлівымі адзін да аднаго. Няхай наступіўшы год парадуе новымі дасягненнямі, прынясе ў кожны дом утульнасць, дастатак і ўзаемаразуменне.


А.Д. КАВАЛЬКА, старшыня раённага выканаўчага камітэта.
В.В. БАРТАШЭВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў.



Узлюбленыя ў Госпадзе браты і сёстры!
Сардэчна віншуем усіх вас са святам Ражаства Хрыстова!


Вось і прайшоў яшчэ адзін год нашага зямнога жыцця, і зноў мы ўспамінаем, як здзейснілася “вялікая набожная таямніца: Бог явіўся ўва плоці” (1 Цім,3.16.) Усемагутны і і прадвечны Гасподзь, сувязь з Якім чалавецтва страціла з-за граху Адама і яго патомкаў, сышоў з Неба і стаў чалавекам – такім жа, як мы, але пазбаўленым граху. Ён прыйшоў, каб збавіць нас і ўратаваць, каб стаць за нас ахвярай і зноў адкрыць нам вароты Неба.
“Хрыстос нараджаецца – слаўце, Хрыстос з Нябёсаў – сустракайце!” – так спявае Царква ў свята яго Ражаства, якое з хваляваннем чакаюць кожны год усе хрысціяне. У гэтыя святочныя дні заклікаю ўсіх прыйсці ў храм Божы, каб ушанаваць малітвай і любоўю Богадзіцяці Хрыста. Памятайце, дарагія браты і сёстры, што дзверы храма заўсёды для вас адчынены. Там чакае вас Гасподзь, чакае Яго Прачыстая Маці, чакаюць анёлы і святыя, каб выцерці ўсялякую слязу, суцешыць, дапамагчы ў любой цяжкасці, даць сілы для нясення нялёгкага жыццёвага крыжа.
Мы спадзяёмся, што для кожнага з вас наступаючы год будзе годам міласці Божай, што Гасподзь блаславіць нас, нашы подзвігі і служэнні Сваёй благадаццю і паможа нам прайсці гэты перыяд нашага жыцця ў здароўі, душэўным паратунку, узрастаючы ў хрысціянскай дабрадзейнасці. Яшчэ раз віншуем вас, дарагія браты і сёстры, з Ражаством Хрыстовым.
Пастарайцеся гэтай радасцю падзяліцца з тымі, хто вас акружае, асабліва з адзінокімі, хворымі, у каго няма родных і блізкіх. Ім прынясіце радасць аб нараджэнні на зямлі Збавіцеля свету. Тады і наша ўласная радасць будзе прымножана, і мы прынясём духоўнае суцяшэнне тым, разам з кім мы падзелім урачыстасць светлага свята.
Са святам, дарагія нашы!


Праваслаўныя святары Астравецкага благачыння.