Сёння нарадзіўся ў свет Сын Божы, Сын Чалавечы!

08:00 / 07.01.2012

З глыбіні біблейскіх часоў гучыць заклік Бога да чалавека — ісці шляхамі ісціны і здзяйсняць падарожжа свайго жыцця шляхамі розуму. Магчыма, нехта ўспрыме яго толькі як літаратурны вобраз, прыгожую фразу, якая амаль не мае дачынення да цяперашняга жыцця са штодзённымі турботамі і праблемамі. Але гэта не так, бо сёння мы святкуем падзею, якая раскрыла для кожнага чалавека дакладны і ясны сэнс Божага закліку.
Сёння нарадзіўся ў свет Сын Божы, Сын Чалавечы! І Ён сведчыў аб сабе тымі самымі словамі і вобразамі, якія сыходзілі з вуснаў Яго Нябеснага Айца: “Я – шлях і ісціна, і жыццё: ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як праз мяне” (Ін,14,6).
Свет людзей, у якім заззяла Віфлеемская зорка Збавіцеля, жорсткі і саманадзейны. Але гэты свет здольны змяняцца, калі ў чалавечых сэрцах адбываецца зварот да дабра.


Нараджэнне і зямное служэнне Госпада Ісуса Хрыста, Яго словы і малітвы, самаахвярны подзвіг і ўваскрэсенне з мёртвых сталі не толькі натхняльным прыкладам для хрысціян усіх часоў і народаў. Евангельская гісторыя і евангельскае вучэнне раскрылі перад чалавечым родам самыя падрабязныя настаўленні і парады, перасцярогі і нават прадказанні адносна таго, як зрабіць сваё жыццё паўнавартасным не толькі ў зямным вымярэнні, але і ў бессмяротнай вечнасці.
Дзіцятка Ісус нарадзіўся ў пячоры, дзе ў непагадзь гаспадары трымалі сваіх авечак. У Віфлееме, куды святое сямейства прыбыло для перапісу насельніцтва Рымскай імперыі, ім не знайшлося месца ні ў перапоўненым пастаялым двары, ні ў доме людзей, якім належала пячора. Аднак гэта не было віною альбо сведчаннем жорсткасці сэрцаў жыхароў горада. Наадварот: таямніца нараджэння чалавека ў свет заўсёды патрабуе адасобленасці для маці, а ў шумным горадзе і сапраўды не было больш прыдатнага месца.
Але як дзівосна і прадбачліва ўладкавала Божая Прамудрасць дом для Нованароджанага Богадзіцяці Хрыста! Паводле падання, у ноч Ражаства ў пячоры заструменіла крыніца; тут былі яслі і зерне. І калі маленькі Ісус, спавіты, быў пакладзены Прачыстаю Маці ў гэтую хлебную калыску, тады замкнулася сувязь часоў: у “горадзе хлеба”, як перакладаецца слова “Віфлеем”, у яслях, напоўненых хлебам, узлёг “хлеб жывы, які сышоў з неба” (Ін. 6,51).
У шляхах Божага Промыслу Гасподзь Бог атрымаў сродак адкрыць сябе людзям так, каб агонь Яго Бажаства не спаліў слабой чалавечай існасці і святло Божай славы не асляпіла чалавечых вачэй. У Прамудрасці Сваёй Бог наканаваў з’явіцца Сыну Божаму на зямлі ў прыніжаным, смірэнным выглядзе, Дзіцяткам. Увасоблены Сын Божы жыве на зямлі, выходзіць на сваю пропаведзь, на Свой Боскі подзвіг, на працягу трох з палавінай гадоў крочыць з горада ў горад, з паселішча ў паселішча па Святой Зямлі Палесціны, адкрываючы твар свой людзям, прапаведуючы ім аб Царстве Нябесным, аб выратаванні нашай бессмяротнай душы, здзяйсняючы цуды. Плачучы разам з тымі, хто плача, уздыхаючы з тымі, хто ўздыхае, прабачаючы блудніцам, мытарам, грэшнікам, якія пакаяліся, вылечваючы хворых.
Збылося прароцтва Ісайі: “І наракуць імя Яму Емануіл, што значыць: з намі Бог” (Іс.7:14; Мф. 1,23). Емануіл – гэта не ўласнае імя Збавіцеля свету, яго імя – Ісус, што азначае “збавіцель”. Прарок Ісая хацеў паведаміць сваім прадказаннем, што людзі будуць праслаўляць народжанага на зямлі Госпада словамі, поўнымі духоўнага натхнення і радасці: “З намі Бог!”
Прамудрасць Божая стварыла для сябе дасканалы дом, заснаваны на Таямніцах, якія раскрываюцца і робяцца зразумелымі і даступнымі ўжо не для вузкага кола абраных, а для кожнага чалавека. Гэты дом мы называем Царквою Божай – Хрыстовай Царквой, якая створана Богам для людзей і складаецца з людзей, і Заснавальнік якой – Сын Божы, Сын Чалавечы.
Па цудоўнай традыцыі мы ўладкоўваем калядныя вярцепы ў храмах, дамах, школах – паўсюль, дзе людзі радуюцца Ражаству Хрыстоваму. Дык давайце прадаўжаць гэтую традыцыю і ў паўсядзённым жыцці, уладкоўваючы нашыя сем’і і дамы як месцы знаходжання Бога. Давайце ўвасабляць Віфлеемскую святыню ў сваім жытле і ў сваіх сем’ях, дзе не будзе месца ні смеццю, ні сваркам, ні спрэчкам; дзе святло Раждзественскай зоркі асвятляе словы і думкі, дзе багавейная цішыня любові і павагі да чалавека не падменьваюцца шумам пустаслоўя і пажаднасцей.
Гасподзь наш Ісус Хрыстос сказаў, што “не прыйдзе Царства Божае прыкметна і не скажуць: “вось яно тут”, ці: “вось, там”. Пры гэтым Збавіцель з асаблівай настойлівасцю падкрэсліў, кажучы Сваім суразмоўцам: “...вось, Царства Божае ўнутры вас” (Лк, 17, 20-21).


Падрыхтавала Таіса СЯМЁНАВА.