Пілігрымка да шопкаў Смаргоншчыны

10:51 / 06.01.2012

“Пойдзем усе мы да стаенкі, да Езуса і Паненкі. Павітаем немаўляце і Яго Святую Маці”, – у літаральным сэнсе ажыццявіць заклік адной з самых папулярных калядных песень вырашылі члены раённага аддзялення Саюза палякаў Беларусі (старшыня Тарэса Мацвееўна Мароз) і арганізавалі пілігрымку па касцёлах Смаргонскага раёна.


Падарожжа распачалося з… Астраўца – раніцай пілігрымы сабраліся ў касцёле Узнясення Святога Крыжа і не толькі памаліліся разам з яго пробашчам, ксяндзом Андрэем Горбачам, але і пасвенцілі віно (гэта быў дзень святога Яна-евангеліста), “паламаліся” аплаткай і атрымалі блаславенне на шчаслівае падарожжа.
Першы прыпынак – Нястанішкі. Няроўнасці даўно не грэйдзіраванай грунтовачкі загадзя папярэдзілі падарожнікаў: мястэчка перажывае не лепшыя свае часы. А касцёл Маці Божай Добрай Рады… Дык гэта ж родны брат Гервяцкага храма! Іх яўна праектаваў адзін і той жа архітэктар – неаготыка, чырвоная цэгла, аднолькавы (толькі меншы на 2/3) цэнтральны алтар унутры. Вось толькі Нястанішскаму пашанцавала менш: васьмідзесяцігадовы пробашч Казімір Вальчук і маленькая парафія не спрыяюць яго добраму стану.
Бакавы (правы) алтар касцёла ўпрыгожвае абраз святога Ізыдора, апекуна хлебаробаў. Тут жа захоўваецца рэліквія святога, прывезеная з Мадрыда. Ёсць і яшчэ адна святыня – драўляны крыж, у цэнтры якога знаходзіцца прах Аўгуста Чартарыйскага, ксяндза-салезіянца. Гэтую рэліквію прывезлі з Рыма.
Пробашч касцёла расказаў гісторыю храма, паказаў рэліквіі, падвёў да “шопкі” з маленькім Хрыстом. А пілігрымы ўславілі Маленькага каляднымі спевамі.
Касцёл святога Тадэвуша ў Вішневе ўражвае сваёй нябескасцю – ён размешчаны на такім узвышшы, што, здаецца, плыве ў аблоках. Светлыя класічныя калоны – нібы крылы. Яго будаўніцтва распачата было роўна 200 гадоў таму. Храм адносна невялікіх памераў, але намолены і вельмі ўтульны. Шопка зроблена з фантазіяй і добрым густам. Пробашч, ксёндз Антоній Казлоўскі – чалавек гасцінны і, гэта адчуваецца адразу, любіць і свой касцёл, і сваю парафію. Пілігрымы аддзячваюць ксяндзу за гасціннасць выкананнем некалькіх песень. Святар спявае разам з імі.
А вось вызначыць архітэктурны стыль касцёла Святой Тройцы ў Войстаме складана. Гэта таму, што яго будаўніцтва распачалося напярэдадні Другой сусветнай вайны – парафіяне, як маглі, дабудоўвалі храм, заведама спрашчаючы яго архітэктурнае рашэнне. Таму звонку храм не ўражвае элегантнасцю ліній, затое ўнутры пануюць святло, прастора і бездакорная дагледжанасць. Ля храма ўстаноўлены помнік Святому Айцу тысячагоддзя, блаславеннаму Папе Рымскаму Яну ІІ і Крыж у памяць аб загінуўшых падчас Другой сусветнай вайны, а таксама ад сталінскіх рэпрэсій. А вось шопкаў у Войстаме – ажно тры: на вуліцы, у бакавым нефе і ля самага алтара. У правым бочным алтары захоўваецца рэліквія ксяндза-мучаніка Ежы Папялушкі – пробашч касцёла ксёндз Леон Ладыш дазваляе кожнаму з нас прыкласціся да рэліквіі і дорыць на памяць па абразіку з выявай кс. Папялушкі і малітвай аб яго заступніцтве. Шчырасць пробашча ксяндза Леона, супольная малітва і спевы ў гонар Нованароджанага пакідаюць глыбокі след у душах падарожнікаў.
Касцёл Святой Тройцы ў Жодзішках – наступны аб’ект пілігрымкі. Помнік архітэктуры рэнесансу. Сучасны будынак касцёла Святой Троіцы замест старога драўлянага быў перароблены ў 1820-ым годзе з муроў былога кальвінскага збору мясцовым пробашчам Станкевічам. Прыбудаваныя ў 1902-1904 гадах ксяндзом Эдвардам Дзібелам бакавыя капліцы надалі плану касцёла выгляд лацінскага крыжа. Асаблівасць Жодзішскага касцёла ўжо хаця б у яго фрэсках, якія ў канцы трыццатых гадоў зрабіў знакаміты мастак Пётр Сергіевіч. А яшчэ, трапіўшы ў гэты храм, нельга не пакланіцца светлай цені ксяндза і беларускага дзеяча Вінцэнта Гадлеўскага, які працаваў тут у міжваенны час. Таго самага, гарачага патрыёта Беларусі – паплечніка Яна Станкевіча, сябра Канстанціна Стэповіча (на пахаванні нашага святара-паэта менавіта Гадлеўскі маліўся па-беларуску). Таго самага, якога немцы закатавалі ў снежні 1942 года ў Трасцянцы…
Святар Павел Калеснік узначальвае парафію ўжо больш дзесяці гадоў – многае ў храме зроблена яго намаганнямі. На жаль, па цалкам аб’ектыўных прычынах сустрэць пілігрымаў ён не змог, але арганізаваў усё так, што госці адчулі сябе ў храме чаканымі.
Касцёл святога Міхала Арханёла ў Смаргоні быў пабудаваны калісьці ў адпаведнасці са сціплымі патрабаваннямі кальвінісцкага богаслужэння – без выдзялення прывычнай нам алтарнай часці. Зрэшты, калі б алтар і быў выдзелены, пілігрымы наўрад ці змаглі б яго заўважыць – незлічоныя блакітныя агеньчыкі, якімі былі ўбраны алтарныя ёлкі, стваралі ў храме эфект раю.
Папярэдняй дамоўленасці са смаргонскім клірам не было, таму на сустрэчу са святарамі не прыходзілася разлічваць. Тым больш, што ксяндзы ў гэты час якраз прымалі гасцей з-за акіяна. Але даведаўшыся, што ў храм завіталі астраўчане, пробашч касцёла (ён жа – дэкан Смаргонскага дэканата) ксёндз Здзіслаў Вэдэр, адклаў у бок усе справы.
Святар расказаў пілігрымам не толькі пра касцёл, але і зладзіў ім цікавую экскурсію па каталіцкім салезіянскім цэнтры моладзі, які дзейнічае пры храме. Умовы, у якіх вучацца (тут навучаюць не толькі катэхізісу, але і свецкім навукам. Да прыкладу, французскай, нямецкай, італьянскай і інш. мовам) і адпачываюць юныя смаргонцы, зрабілі моцнае ўражанне на экскурсантаў. Нашым бы дзецям такія ўмовы…
Апошняй “кропкай” пілігрымкі быў касцёл Перамянення Пана ў Крэве. Як і Вішнеўскі, ён стаіць на высокай гары, падымацца на якую – кожны раз крыху расці. Храм новы – пабудаваны толькі ў 90-ых гадах. А яго пробаш ксёндз Юрый Церабей добра знаёмы астраўчанам – некалькі гадоў ён працаваў у Астравецкай парафіі.
Самаго святара ў храме не было – ён ужо распачаў каледаванне, але гасцей сустрэў старшыня касцельнага камітэта. Расказаў пра касцёл і яго справы. Паказаў батлейку. Разам з пілігрымамі паспяваў у гонар Божага Дзіцяці калядныя песні. І сказаў добрыя словы аб працы святара. Зрэшты, тут словы былі не асабліва патрэбнымі – стан храма красамоўна сведчыў: святар ставіцца да сваіх абавязкаў неабыякава.
Як і ўсе астатнія ксяндзы, касцёлы якіх у гэты святочны дзень наведалі пілігрымы. Яно і зразумела: сапраўдны пастыр людскіх душ не можа быць абыякавым.


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.