Нараджэнне Езуса ў Гудагайскім касцёле

11:25 / 29.12.2011

Вось так… Чакаеш-чакаеш пастэрку… З радасным нецярпеннем яшчэ з раніцы падрыхтоўваеш цёплыя рэчы, каб “пасярод начной цішыні” камфортна адчуваць сябе ў Гудагайскай “стаенцы”. Хаця дакладна ведаеш: нават у моцны мароз замерзнуць не ўдасца – парафіяне на чале з братамі і сёстрамі ордэна Кармялітаў, якія апякуюцца Гудагайскай святыняй, на зямлю перад “яселькамі” абавязкова насцелюць тоўсты слой саломы. У вялізных жалезных колах будуць палаць вогнішчы – падыходзь грэйся падчас імшы. Ды і хіба можна замерзнуць сярод людзей, якіх аб’ядноўваюць агульныя вера, надзея, любоў і малітва?!


Але недзе за паўтары гадзіны да паўночы пайшоў дождж. Самы непрыемны з усіх магчымых – аблівака. Дарогі і дарожкі ён пакрыў скарынкай лёду, а ганарысты ворс выхадных футравых паліто ператварыў у поўсць лінялага кацяняці. Дажджу з усіх сіл дапамагаў вецер – вырываў з рук парасоны, выварочваў іх на благі бок, здзіраў з людскіх галоў капелюшы…
Прызнаюся: узбірацца па гладкай, як каток, дарозе Ліпкавай гары сярод ночы было, мякка кажучы, няўтульна – машыну выразна “насіла”. Але ж ехалі да Нованароджанага. Да Таго, Хто ў гэты дзень, як і дзве тысячы гадоў таму, прыйшоў да нас разам з першай зоркай…
Каля касцёла Наведання Маці Божай месца для паркоўкі знайсці было складана – не толькі мы не пабаяліся лядовай дарожнай скарынкі. А “Бэтлеем” свяціўся шматлікімі агеньчыкамі. Прычым не толькі электрычнымі – вецер, злосна накідваючыся на распаленыя вогнішчы, раздзьмуваў іх іскры ў сапраўдныя феерверкі. А дождж заліваў пялюшкі, развешаныя на прасушку руплівай рукой Маці Божай…
Пастэрка адбудзецца ў касцёле, вырашылі кармяліты – з надвор’ем не паспрачаешся. Тым больш, што і ўнутры храма зроблена прыгожая “шопка”, а да калыскі з Немаўлём цячэ, не спыняецца ручаінка вернікаў – кожнаму хочацца палюляць… Не, не Збавіцеля (у гэтую радасную ноч не верыцца ў магчымасць здрады), а проста Дзіцятка, Якое прыйшло на свет як самы каштоўны з падарункаў чалавецтву.
– Калі б да мяне ў мой дзень нараджэння прыйшло столькі гасцей, я ад радасці нават, напэўна, забыўся б пра падарункі, – гэткімі нязвыклымі словамі распачаў сваё казанне падчас святочнай літургіі ксёндз Павел Рудзьман. – Асабліва ў такое надвор’е, як сёння! Касцёл поўны, і гэта самы вялікі і самы галоўны падарунак Божаму Дзіцяці.
Святар павіншаваў людзей з Нараджэннем. А потым раптам… пачаў прасіць прабачэння ў вернікаў. За тое, што яны, ксяндзы Гудагайскай парафіі, можа быць, не заўсёды ці не да канца падзялялі клопаты вернікаў. І за тое, што іх малітва (магчыма) не кожны раз дасягала апагея сваёй глыбіні. Што не заўсёды былі побач з тым, хто пакутаваў ад сумненняў. За тое, што, напэўна, маглі зрабіць больш, а не зрабілі…
І дзякаваў вернікам. За глыбіню веры. За шчырасць малітвы. За адданасць касцёлу…
…Нешта адбываецца ў нашай агульнай свядомасці. Нешта вельмі важнае і добрае. Хрысціянскае ў яго першапачатковай існасці. Хрыстос любіў людзей: праведнікаў і грэшнікаў, прыгожых і агідных – усіх аднолькава. Любіў і іншых вучыў любіць. Але гэтую Яго безумоўную любоў паступова падмянілі на страх – з амбонаў стагоддзе за стагоддзем вернікаў палохалі пякельным агнём і рыпеннем зубоў. А тут раптам: “прабачце” і “дзякуй за веру” – любоў Хрыстуса вярнулася да нас ва ўсёй сваёй прыгажосці…
Я вось думаю: можа, кепскае надвор’е ў Калядную ноч было невыпадковым? Там, на вуліцы, ля вогнішчаў, у цалкам іншай, куды больш разняволеных абставінах можа і не запалі б так глыбока ў душу словы, сказаныя айцом Паўлам? А ў касцёле яны былі пачуты, праніклі ў сэрцы і розумы. І радасць ад Нараджэння Божага Дзіцяці запалала яшчэ ярчэй.
– Жадаю вам гарэць, а не тлець, – такімі словамі закончыў казанне кармяліт. – Гарэць, а не капціць. Гарэць і своечасова выдаляць з сваіх сэрцаў попел перагарэлых часцінак кнота.
Каб полымя нашай веры было моцным, яркім, радасным. Сапраўдным. Як “кавалачак” Іерусалімскага агню, які, прывезены пілігрымамі са Святой Зямлі, у гэтую ноч праменіў на алтары Гудагайскай святыні.
…Пасля заканчэння імшы святары і вернікі “ламаліся” аплаткамі, складаючы адзін аднаму ўзаемныя святочныя пажаданні. А потым усе разам, як некалі бэтлеемскія пастушкі, пайшлі да “стаенкі”. Дзе іх ужо даўно зачакаліся і авечачкі ў кучаравых футрах, і рознакаляровыя качкі, і сямейка вясёлых зайчанят…
Загучала радасная калядная песня, і вецер разгублена здзьмуў свае шчокі. Дождж яшчэ працягваў разводзіць макрату, але на яго перасталі звяртаць увагу. Пастэрка закончылася, а людзі не спяшаліся дамоў – разам з “Марыяй і Юзафам” спявалі Божаму Дзіцяці калыханку: “Спі. Езунька, спі. Люлі-люлі-лі...”
Зрэшты ў Гудагайскай святыні заўсёды так – з яе шчырасцю не хочацца развітвацца.


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.