Цуд духоўнага яднання

09:42 / 03.08.2011

Збіраючыся сёлета на Украіну, ніякіх асаблівых планаў не складалі, проста намерыліся  праведаць родзічаў, якіх даўно не бачылі.



Відаць, ва ўзнагароду за сціпласць жаданняў ваяж быў напоўнены духоўным зместам — нас запрасілі паўдзельнічаць ва Усеўкраінскай і маладзёжнай прошчы  да Зарваніцкай цудатворнай іконы Маці Божай разам з групай падвалачыскіх паломнікаў.


Зарваніцкі цудатворны абраз Багародзіцы – адна з найвялікшых святынь Украіны. Яго ўшаноўвае не толькі грэка-каталіцкая царква (уніяты), пазіцыі якой на Заходняй Украіне былі моцныя нават у часы ганенняў на веру, але і рымска-каталіцкая, і праваслаўная. Аб тым сведчаць штогадовыя прошчы – паломніцтвы, на якія збіраецца часам да паўмільёна чалавек, ды не толькі з Украіны, але і з украінскай дыяспары ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Сёлета Усеўкраінская прошча была аб’яднана з маладзёжнай і праходзіла 16-17 ліпеня. А яшчэ штогод свае, так бы мовіць, карпаратыўныя пілігрымкі арганізуюць педагогі, медыкі, падаткоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС… Людзей яднае жаданне адчуць сябе пад пакровам Маці Божай, малітва за сябе, сваю сям’ю і ўвесь народ.


Зарваніца – вялікае і прыгожае сяло ў Цярнопальскай вобласці, размешчана больш чым за сотню кіламетраў ад Падвалачыска, дзе мы гасцявалі. Як расказала арганізатар паездкі і экскурсавод у адной асобе, былы культработнік Марыя Міхайлаўна,  археалагічныя знаходкі сведчаць, што ў тутэйшай мясцовасці людзі пасяліліся яшчэ ў часы Трыпольскай культуры – гэта значыць, за 3000 гадоў да нараджэння Хрыстовага.


Паводле падання, першае з’яўленне цудатворнай іконы Маці Божай адбылося ў 1240 годзе, калі татара-манголы зруйнавалі Кіеў, найперш — цэрквы і манастыры. Аднаму з манахаў удалося ўцячы з  горада і дабрацца аж да галіцкага Падолля. Змучаны і галодны, са збітымі да крыві нагамі, заначаваў ён у лесе над рэчкай Стрыпай.  У сне з’явілася перад ім Дзева Марыя, датыкнулася да яго ран сваім амафорам. Манах прачнуўся, падышоў да крынічкі і ўбачыў ікону Маці Божай.  Упаў на калені, шчыра памаліўся і стаў абмываць свае раны вадой. Яны адразу загоіліся! Выздаравелы чарнец збудаваў пячору, у якой змясціў абраз Багародзіцы. Пазней узвёў тут капліцу, перанёс у яе ікону, а мясцовасць назваў Зарваніцай.


Вестка пра цудоўнае выздараўленне манаха  і пра каплічку, з-пад якой выцякае крынічка з гаючай вадой, хутка распаўсюдзілася ў народзе. На працягу многіх стагоддзяў людзі наведвалі гэтае святое месца, дзе сталася мноства цудаў.  У 1867 годзе адбылася каранацыя зарваніцкай іконы Маці Божай (карону прывезлі з Рыма).


Многа разоў святыню разбуралі ворагі, але вернікі зноў і зноў яе адбудоўвалі. Наймацнейшае спусташэнне пацярпела Зарваніцкая святыня падчас ганенняў на веру з боку камуністычных бязбожных улад. Толькі ў 1989-1991 гадах была адкрыта новая царква, адбудаваны капліца і Крыжовая Дарога. Тады ж узнікла ідэя ўзвядзення сабора Зарваніцкай іконы Маці Божай. Ахвяраванні паступалі з усёй Украіны і ад суайчыннікаў за мяжой. У ліпені  2000 года  ў прысутнасці тысяч паломнікаў ён быў асвечаны.


…Дарогу да Зарваніцы лёгкай і радаснай зрабіла сумесная малітва. “Ойча наш”, “Багародзіца Дзева, радуйся”… прамаўлялі на адным дыханні ўсе – і грэка-католікі, і праваслаўныя. Вядома ж, па-ўкраінску, – і я не заўважыла, як сама перайшла на гэтую мову.


Перад Цярнопалем у спадарожным накірунку пачалі трапляцца пешаходныя групы пілігрымаў – шматлюдныя і невялікія,  з харугвамі ды абразамі, у суправаджэнні святароў і проста маладзёжныя кампаніі, дзе кожны пілігрым цягнуў на сябе важкі заплечнік і скручаны паралонавы матрас або спальнік. Выпрабаванне фізічных сіл і духоўнай моцы яшчэ тое! Да таго ж, па згадках бывалых пілігрымаў, ні адна Усеўкраінская прошча не абышлася без здзекаў прыроды – то дождык сыпле цэлыя суткі, то навальніца громам грукоча, маланкамі слепіць. Ды нікога ні разу не напалохала! Няўжо і сёлета так будзе? Неба зранку хмурыцца і ўчарашняя задушлівая спякота адступіла…


На фінішы нас сустракаў міліцэйскі нарад, які хутка знайшоў месца для аўтобуса – на школьным стадыёне. Пакідаем у салоне свае курткі і – была не была – парасоны: можа, пранясе? А “перакус” экскурсавод раіць прыхапіць з сабой – час падмацавацца будзе, а магчымасць падступіцца да “харчовых” радоў  — наўрад. Да святыні шыбуем напрасткі – праз лес, уважліва гледзячы пад ногі, пераступаючы цераз карані дрэў. Праўда, напачатку перабіраемся цераз  прыдарожны равок – нешматлікія спадарожнікі-мужчыны дапамагаюць дамам адолець гэтую перашкоду. Дзіўна: столькі людзей  штодня ходзіць гэтай дарогай, а ніхто не дадумаўся скалаціць для іх зручнасці нават самы прымітыўны масток.  Позна ўначы, калі вяртацца будзем, давядзецца нясоладка…


І тут вачам адкрываецца цуд: між лясістымі гарамі ляжыць, нібы разгорнутыя разам дзве далоні, лагчына, акружаная і перасечаная акуратнымі дарожкамі, газонамі ды клумбамі. У цэнтры высіцца велічны золатагаловы сабор, купалы якога добра бачны з усіх бакоў, якой бы дарогай ні ішоў у Зарваніцу. Перад храмам – шырокі памост з павеццю – тут заўтра адбудзецца ранішня Архіерэйская Святая Літургія, а пакуль размясціліся  пілігрымы. Хто падсілкоўваецца, хто  дрэмле, хто бінтуе сцёртыя да крыві ногі. Некаторыя папрасілі дапамогі ў медыкаў, што дзяжурылі ў некалькіх машынах “хуткай дапамогі” — змазвалі зялёнкай і заклейвалі пластырам ранкі і драпіны,  перавязвалі намуляныя канечнасці…


Паломнікі ўсё прыбываюць, бясконцы людскі паток бурліць, але бязладдзя не адчуваецца. Адны групы, як і наша, аглядаюць тутэйшыя славутасці – каплічку на месцы з’яўлення Маці Божай  (многія пакідаюць тут запіскі з просьбамі-малітвамі), высачэзную званіцу, у ніжняй галерэі якой развешаны фатаграфіі  з усіх агульнанародных прошчаў.  Трохі воддаль ад званіцы стаіць сучасны трохпавярховы будынак. На ніжнім паверсе – пакоі для прыезджых святароў і высокіх гасцей, два іншых аддадзены духоўнай семінарыі. Тут першакурснікі, так бы мовіць,  правяраюцца на “прафпрыгоднасць” – жывуць па строгаму семінарска-манастырскаму статуту цэлы год. Хто не вытрымлівае – вяртаецца да свецкага жыцця.


У падземнай царкве, названай так таму, што алтарная яе частка  выходзіць у горную пячору, прыкладваемся да копіі цудатворнай Зарваніцкай іконы Маці Божай – датыкаемся ілбом і абедзвюма далонямі, прамаўляем  малітвы і запаветныя просьбы. Адчуванне неапісальнае…


Выходзім на Крыжовую Дарогу. Яна крутая і звілістая, як і  жыццё чалавечае. Вось толькі ў жыцці часта не бывае стацый, на якіх можна ачысціць і падсілкаваць душу малітвай, адумацца і аддыхацца. А можа, ёсць – ды мы не жадаем спыняцца ў сваёй безразважнасці? За Крыжовай Дарогай – невялікая старая каплічка з пабляклымі абразамі, што абвешаны выцвілымі вышыванымі рушнікамі. Побач пабудавана новая, драўляная, прыгожая, але яна пакуль не асвечана. За ёю пачынаецца ледзь прыкметная дарожка, што вядзе да манастыра, схаванага ў глыбіні лесу – ён зачынены для наведвальнікаў.


Вяртаемся да сабора. Адразу за ім – вялікі стан паломнікаў. Палаткі, павеці з падручных матэрыялаў, проста раскінутыя на зямлі спальнікі і коўдры. Хто спіць, хто падсілкоўваецца. Шчыльны натоўп ля купелі з гаючай вадой (тут жа манахі і паслушнікі даюць напракат або прадаюць новыя кашулі для акунання). Зроблена яна ў выглядзе басейна, выкладзенага блакітнай пліткай,  дзе – глыбейшага, дзе плыткага. Не хочаш ці баішся акунацца ўвесь – можаш пагрузіць толькі ногі. Вада праточная, абнаўляецца, халодная – чатыры градусы ўсяго. Але калі з малітвай ды верай акунешся, атрымаеш невыказную асалоду. А выйдзеш  з  купелі – табе тут жа  гарбаты духмянай травяной аднаразовы кубачак паднясуць і булку пульхную манастырскую. Булкі падвозілі ў вялізных мяхах, якія пусцелі проста на вачах.


Неўпрыкмет звечарэла. Натоўп паломнікаў рушыў у сяло, дзе ў парафіяльным храме павінна было пачацца вячэрняе багаслужэнне. Людская рака запаланіла шырокую шашу. Абцякала доўгі строй шапікаў з царкоўнай атрыбутыкай, сувенірамі, прахаладжальнымі напоямі, піражкамі-чабурэкамі-булачкамі. Усё ўкраінскай вытворчасці, ніякіх вам “каланіяльных” тавараў. Народ збольшага апрануты ў кашулі і блузкі-вышыванкі. Па спалучэнні колераў, напэўна, можна было даведацца, адкуль прыбылі пілігрымы. А іх сабралася столькі… У адзін вялізны бівак ператварылася сяло, літаральна ў кожным двары радамі накіданы паломніцкія лежакі. Імі ж запруджана немалая прыхрамавая тэрыторыя. У зручных месцах на аналоях ляжаць Евангеллі і крыжы, святары спавядаюць вернікаў.  Воддаль – альтанка, у якой будуць даваць Святое прычасце. Пачынаецца служба, голас святара і спеў царкоўнага хору добра чутны на вуліцы. Народ усё прыбывае, і гэтая акалічнасць робіць практычна неажыццявімай надзею прыпасці да арыгінала цудатворнага абраз Маці Божай.


Вячэрня доўжылася дапазна. Пасля яе – усеагульнае шэсце з запаленымі свечкамі, змешчанымі ў спецыяльныя пластыкавыя шкляначкі, каб не патухлі. Свечкавы шлях расцягнуўся ў часе і адлегласці. Шматлікія саноўныя госці – епіскапы не толькі з Цярнопальшчыны, але і з Запарожжа, Крамянчуга, Кіева, Харкава, замежныя – з Канады, Іспаніі, Італіі –  з абразамі і харугвамі размясціліся на амвоне перад беламармуровай статуяй Маці Божай і пачалі Святую Літургію, а зіхаткая людская рака ўсё сцякалася на прасторны пляц – і канца ёй не было…


Магутныя гукаўзмацняльнікі рабілі чутным кожнае слова святароў нават у самым аддаленым куточку святога месца, і тысячы вернікаў падхоплівалі малітвы  і песнапенні. І ў адзіным парыве ўзляталі ўверх мірыяды трапяткіх агеньчыкаў… Такой душэўнай і духоўнай прыяднанасці, далучанасці  я ніколі раней не адчувала – і не ведаю, ці адчую калі-небудзь яшчэ.


Святая Літургія з малебнам да Маці Божай і асвячэннем вады скончылася блізка да поўначы. Хто, як мы, прыязджаў на адзін дзень, сабраліся ў зваротную дарогу, але многія засталіся на начныя чуванні ў саборы, падземнай і парафіяльнай цэрквах, моладзь – на  канцэрт духоўнай музыкі на Пеўчым полі. А раніцай Архіерэйская Святая Літургія пакліча пілігрымаў да подыуму перад саборам – і зноў узнясуцца да нябёсаў шчырыя малітвы Ісусу Хрысту і Багародзіцы аб міры ў свеце, шчасці ўсіх людзей на зямлі і ў роднай Украіне.


А назаўтра, у нядзелю, я паспяшалася на Літургію ў новазбудаваны праваслаўны сабор Святой Троіцы ў Падвалачыску. Помніцца, у наш прыезд тры гады таму ў храме ішлі завяршальныя будаўнічыя работы, добраўпарадкавалася тэрыторыя. Ужо тады ён уражваў сваёй веліччу і цудоўным роспісам. Яшчэ не ззялі шчодрай пазалотай Царскія Вароты, але па-мастацку выкананая разьба не давала адвесці погляд.


І вось гучны голас настаяцеля сабора мітрафорнага протаіерэя айца Тарасія заклікае “Госпаду Богу памолімся”… З высокіх хораў адгукаюцца пеўчыя: “Госпадзі, памілуй!” Акустыка – проста выдатная, хор пяе зладжана, многагалоса. І здаецца, з недасяжнай вышыні зліваецца на вернікаў Божая благадаць.


Таіса СЯМЁНАВА.