Пад шкаплерным плашчом Маці Божай

17:44 / 22.07.2011

У яго светлых і жывых (драўляныя ж!) сценах дыхаецца лягчэй, думаецца святлей, верыцца мацней,  жывецца радасней.


Як і належыць санктуарыуму, фэст у Гудагайскай святыні доўжыцца два дні. Пачынаецца ў суботу – з імшы. І неяк адразу набірае пік духоўнай вышыні – і трымае яго на гэтай вышыні без натугі – лёгка, нібы бусел, што, раскінуўшы крылы, свабодна планіруе ў паветраных патоках. Так што нават вызначыць нельга, дзе, у які момант наступае кульмінацыя фэсту…


Цэнтральная імша ў нядзелю? Яе ж адпраўляе сам біскуп Аляксандр Кашкевіч! Магчыма, але па сіле эмацыйнага ўздзеяння, па нязвыкла блізкаму яднанню вернікаў, па магчымасці пераадолець уласныя хваробы, ляноту, нявер’е кульмінацыйным момантам можна лічыць і Крыжовую дарогу.


У Гудагаі яна няпростая – чатыры з гакам кіламетры па палях, лясах, сярод пагоркаў Ашмянскай узвышанасці. Пад небам, набрыняўшым дажджом – вось-вось абрушыцца на галовы вернікаў лавіна вады…


Мы ідзём дарогай Хрыста. Старыя, малыя, дарослыя… Здаровыя і хворыя – ёсць сярод нас нават такія, хто ідзе, кульгаючы, нехта абапіраецца на палачку…


“Кланяемся Табе, Езус. Ты праз смерць і пакуты змог адкупіць свет”… Ты цярпеў за чужыя грахі – мы на Кальварыйскім шляху хочам пакінуць уласныя. У непад’ёмным цяжары грахоў свету, якія Ты ўзваліў на свае плечы, ёсць і мой крыж, здзейснены думкай, мовай, учынкам і занядбаннем. Дазволь мне, як Сымону Кірэнейчыку, дапамагчы Табе хоць крыху – крыж, які ўзначальвае наш шлях, нясём па чарзе – кожны жадаючы. Жадаюць усе, нават тыя, хто ідзе, абапіраючыся на палачку…


А Нешпары! Калі кармяліты славяць Марыю Панну. Усе разам – плячо ў плячо. І ад вібрацыі іх прыгожых галасоў дрыготкім становіцца святло знічак.


А начная працэсія з факеламі! Калі начная цемра адступае перад тысячамі агеньчыкаў знічак. Словы малітвы ў гонар Найсвяцейшай множаць нават нябачныя конікі. І да самай сваёй сэрцавіны ўражаная хараством дзейства поўня завісае над касцёлам, нібы агромністая паходня – нябесная…


А начная імша пад адкрытым небам, з якога насуперак прагнозам, так і не ўпала ні кроплі. Святары спавядаюць проста на вуліцы – кленчыш на расісты ад начной вільгаці газон, а ўражанне:  трава – мокрая ад слёз. І не зразумець: шчаслівых ці раскаяння. Алтар зіхаціць агнямі, якія адбіваюцца ў золаце святочнага ўбранства кліру. Але яны не засцяць вочы – і высветлены няяркай падсветкай цудатворны абраз Маці Божай Гудагайскай пануе над светам. Шчымліва спявае скрыпка, і высокія  галасы юных харыстаў з Брэста не заглушаюць яе гукаў – узмацняюць, узбагачаюць малітвай. Молімся на роднай мове. На дзіва зладжана. Можа, таму што ў імшы ўдзельнічае шмат пілігрымаў – з Нарачы, з Мінску, з Канстанцінава, з Нясвіжа… У касцёлах усіх дыяцэзій, акрамя Гродзенскай, беларуская мова стала галоўнай. І нават адзінай падчас літургіі.


Не было раўнадушных і пасля імшы – калі нядаўна высвенчаны айцец Пётр, кармяліт, які служыў прыміцыйную літургію, ускладаннем рук блаславіў кожнага прысутнага…


Для некага… Для таго, хто лічыць сябе палякам,  у нядзелю ёсць імша на польскай мове і, можа, для яго менавіта яна з’яўляецца апагеем фэсту. І добра. Абы не бяздушна. Абы – ад сэрца.


А для некалькіх тысяч вернікаў, якія сабраліся на цэнтральную імшу, кульмінацыя фэсту наступіла апоўдні. Калі агульная малітва набрала асаблівую моц. Калі сам біскуп маліўся за прысутных.


…А дождж так і не пайшоў. Ні кроплі. “Маці Божая накрыла мястэчка Шкаплерным плашчом”, – кажуць людзі. І праўда…


Ганна ЧАКУР.