Традыцыі абноўленага храма

14:40 / 15.07.2011

У мінулы аўторак праваслаўныя вернікі адзначалі свята першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла. Для прыхаджан Астравецкай царквы, якая асвечана ў  іх гонар, гэта асаблівае, прастольнае свята. І адзначалася яно асабліва, цёпла і ўзнёсла, з захаваннем ранейшых традыцый і падтрыманнем новых, нядаўна ўзнікшых.
І таму, нягледзячы на будні дзень і на цёплы летні дожджык, які імжэў з самай раніцы, людзей у гэты дзень на святочную літургію сабралася шмат. Хоць, сказаць да слова, у апошні час на кожную службу прыходзіць многа прыхаджан – і тое, што  людзі цягнуцца ў храм, да Божага слова, малітвы і Божай ласкі, не можа не радаваць.


Радуюць прыхаджан царквы і тыя змены, што адбываюцца апошнім часам у храме. Амаль кожную нядзелю тут можна заўважыць нешта новае. У царкве поўнасцю заменены вокны і дзверы — гэта дазволіла ў сцюдзёныя зімовыя месяцы захаваць цяпло. А запоўніць ім вялікае памяшканне дапамагае спецыяльная печка, прывезеная ажно з Расіі. У будынку храма зроблены касметычны рамонт, а каля храма – добраўпарадкаванне тэрыторыі. Літаральна перад святам Пятра і Паўла вокны пакрылі новыя вітражы, якія нават у пахмурнае надвор’е ствараюць адчуванне, што праз блакіт неба царква запаўняецца сонечным святлом. А неўзабаве тут з’явіцца і новы іканастас – галоўныя іконы для яго ўжо напісаны і знаходзяцца ў храме… Цяжка нават уявіць, што ўсе гэтыя змены адбыліся ў храме за няпоўны год дзякуючы намаганням і працы настаяцеля царквы айца Георгія Савіцкага, прыхаджан і мецэнатаў, якія ахвяруюць грошы, хто колькі можа,  на богаўгодную справу. На кожнай літургіі бацюшка просіць у прыхаджан не толькі і не столькі матэрыяльнай дапамогі на ажыццяўленне шматлікіх і жыццёва неабходных для храма праектаў, а найперш – малітоўнай падтрымкі, каб ажыццявіць з Божай дапамогай і на славу Божую ўсё задуманае.
Святочная літургія ў гонар першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла праходзіла асабліва ўрачыста і кранальна. Закончылася яна хрэсным ходам вакол храма, падчас якога чатыры разы святары – айцец Георгій Савіцкі і айцец Вячаслаў Шасцітка — чыталі Евангелле.
Па традыцыі хрэсны ход прыпыніўся ля магілы заснавальніка і будаўніка гэтага храма, першага настаяцеля Свята-Петрапаўлаўскай царквы айца Паўла Варановіча, каб памаліцца за спачын яго душы: святыя айцы і прыхаджане памятаюць і шануюць памяць свайго першага бацюшкі, які шмат зрабіў для аб’яднання праваслаўных вернікаў Астравеччыны і так рана пайшоў з жыцця.
А закончылася свята – і гэта таксама становіцца добрай традыцыяй — сумеснай трапезай на царкоўным падвор’і, падчас якой прыхаджан частавалі смачнай кашай з палявой кухні салдаты-пагранічнікі.


Ніна АЛЯКСЕЕВА, фота аўтара.