Гервяцкі фэст: час малітвы і месца сустрэч

11:22 / 22.06.2011

Троіца – вялікае хрысціянскае свята. А для Гервяцкай парафіі, лічы, галоўнае. Прынамсі, у сэнсе падрыхтоўкі да яго і падчас правядзення.


Далёка за межамі не толькі Астравеччыны, але і Беларусі ведаюць пра троіцкія фэсты ў Гервятах. Зрэшты, як і пра сам касцёл Святой Троіцы – велічны, прыгожы, дагледжаны, і пра мініяцюрны батанічны сад вакол яго.
Некалькі гадоў таму храм быў бездакорна адрэстаўраваны звонку, а сёлета распачаліся ўнутраныя рамонтныя работы, што, адзначым, не асабліва перашкодзіла правядзенню чарговага шматлюднага фэсту – больш за тысячу чалавек у мінулую нядзелю знайшлі ў Гервяцкім касцёле Святой Тройцы сабе ўтульнае месца для святочнай малітвы.
 Традыцыйна фэст складаўся з двух умоўных частак – з імшаў на літоўскай і беларуска-польскай мовах.
Першую вельмі ўрачыста і натхнёна адслужыў ксёндз Касціціс Крыкшчукайціс з Пелясы. Акадэмічнае музычнае суправаджэнне літургіі забяспечылі спевакі з Віленскай катэдральнай капелы, свой музычны ўклад у імшу ўнеслі і самадзейныя спевакі з міжнароднага клуба “Гервечяй”.
Пасля заканчэння службы на літоўскай мове адбылася агульная працэсія вакол касцёла – з харугвамі, спевамі і цудоўным настроем – адным на ўсіх: літоўцаў, беларусаў, палякаў… Шматкроп’е ў канцы папярэдняга сказу зусім невыпадковае, таму што разам з вернікамі вышэйназваных нацыянальнасцей святкавалі Тройцу рускія, украінцы… А яшчэ – госці з Фінляндыі і Аргенціны, для якіх Гервяцкі касцёл і яго свята сталі сапраўдным адкрыццём – прынамсі, відэакамеры гасцей з дальняга замежжа працавалі на поўную магутнасць.
З гасцей ад высокай палітыкі ў свяце прынялі ўдзел консул Беларусі ў Літве Аляксандр  Вінакураў і консул Літвы ў Беларусі Вальдас Бурнэйка.
І ўсё ж апагеем фэсту стала імша на беларуска-польскай мовах – свая кашуля бліжэй да цела! У тым сэнсе, што калі словы малітвы табе блізкія і зразумелыя, надзея быць пачутым Богам разрастаецца да памераў храма. А можа, і вышэй.
Сапраўдным адкрыццём фэсту стаў ксёндз Павел – кармяліт, які працуе ў Гудагайскім касцёле. Беларус, выпускнік Пінскай духоўнай семінарыі, які якраз у нядзелю адзначаў першую гадавіну свайго высвячэння. Яго казанне было такім шчырым, пранікнёным, натхнёным, што гучала ў абсалютнай цішыне – тысячны натоўп вернікаў затаіў дыханне, убіраючы мудрую праўду слоў маладога манаха.
Разам з айцом Паўлам урачыстую імшу служыў ксёндз-дэкан Астравецкага дэканату Здзіслаў Пікула. Удзельнічалі ў свяце святары з Астраўца, Міхалішкаў, Гудагая.
Але фэст – гэта не толькі малітва. Прынамсі, Гервяцкі. Гэта яшчэ час і месца сустрэч. Калі вяртаюцца на маленькую радзіму (няхай сабе толькі часова!) птушаняты, якія шмат гадоў таму вылецелі з роднага гнязда і даўно ўжо паспелі стаць дарослымі птушкамі, вывесці ўласных птушанят. І радасныя абдымкі – “колькі зім, колькі вёснаў!” – адзін з атрыбутаў (а можа, і адзін з відаў малітвы?) сапраўднага фэсту.
А на перадкасцельнай тэрыторыі разбілі шатры работнікі грамадскага харчавання, расклалі ў прыгожым малюнку свае спакуслівыя тавары – і не хочаш, а купіш. Зрэшты, за добрыя паўдня, што доўжыўся фэст, прагаладаліся ўсе, так што чэргі да спажыўтаварысцкіх смакотаў не змяншаліся: кожны з прысутных стараўся падмацаваць свае сілы, каб маліцца пасля з патроенай сілай.
А дождж, які з самай раніцы спрабаваў збіць імпэт удзельнікаў фэсту, пацярпеў сапраўднае фіяска…


Ганна ЧАКУР.
Фота Івана ПЕТРЫКА.