Пастэрка ў Гудагаі

16:55 / 29.12.2010
9171

Завея, здавалася, перакрэсліла ўсе спадзяванні. У аўторак вечарам яна дзьмула з такой сілай, што ўсе зажурыліся. “Не, відаць, не атрымаецца сёлета пастэрка пад адкрытым небам, – развяла рукамі сястра Богна з Гудагайскага кляштара кармелітанак. – Сёння ўстанаўлівалі ёлкі на перадкасцельнай плошчы – снегу вышэй калена.  А інтэрнэт абяцае толькі пагаршэнне надвор’я. Так што ў калядную ноч будзем маліцца ў касцёле”.


Толькі чалавек плануе, а Бог кіруе. Снегапад скончыўся ў чацвер. А пятніцу з раніцы тэлефаную айцу Казіміру, пробашчу Гудагайскага касцёла Наведання Маці Божай. Мяне цікавіць адно пытанне: дзе?
–Сустракаемся апоўначы ў касцёле, – адказвае пробашч. І вытрымаўшы паўзу, каб маё расчараванне дасягнула апагею, дадае, – А потым разам з Божым Немаўляткам ідзём на плошчу. Пастэрка адбудзецца пад адкрытым небам. Падрыхтоўка ў разгары – сцелем салому, падводзім асвятленне…
…І няхай Бэтлеемскай зорцы ў Калядную ноч не ўдалося прабіцца скрозь аблогу цяжарных снегам хмараў, не трэба было быць адным з трох каралёў, каб беспамылкова знайсці дарогу да Нованароджанага – незлічоныя агні Гудагайскай святыні, кляштара, амфітэатра нельга было не заўважыць нават з цэнтральнай дарогі.
Дзверы святыні расчынены. І адразу ад парогу кожны ўваходзячы – мужчыны, жанчыны, дзеці – кленчыць і так на каленях праз увесь касцёл ідзе да драўлянай самаробнай калыскі, у якой ляжыць Той, Каго чакалі. Каб на кароткае імгненне ўзяць у рукі стужку і пакалыхаць Божае Дзіця – дакрануцца да Таямніцы.
Пастэрка пачынаецца тут жа – ля калыскі. Айцы-кармяліты вымаюць з калыскі сімвалічнае Дзіця і разам з працэсіяй ідуць да ззяючага сотнямі агнёў і агеньчыкаў амфітэатру. Іосіф і Марыя прымаюць з іх рук Немаўля – і імша пачынаецца.
Можна было б доўга расказваць пра “шопку” гудагайцаў: пра жывых авечак – сапраўдных сведкаў нараджэння Езуса; пра цудоўнае афармленне падмосткаў амфітэатра, пра тоўсты слой саломы, насцелены на снезе, каб людзям не холадна было стаяць і тым больш кленчыць; пра чатыры вогнішчы, раскладзеныя ў спецыяльна звараных жароўнях, дровы ў якія два парафіяне падкладалі ўвесь час, пакуль доўжылася імша… Але, паважаныя чытачы, гэта лепш убачыць і перажыць самому – прыязджайце  на будучы год у Гудагай. Як сёлета прыехалі з Ашмян і Астраўца, з Солаў, з усіх навакольных вёсак і нават з Літвы. Людзей было – як летам на фэсце!
–Сэнс не ў тым, – сказаў айцец Казімір  падчас начнога казання, – каб прыйсці, памаліцца ля “жлобка”, споўніць ахвяру і вярнуцца ў цёплую кватэру, пакінуўшы Божае Дзіця ў холадзе і адзіноце. Сэнс у тым, каб забраць Яго з сабой – глыбока ў сэрцы. І падзяліцца з тымі, хто не змог прысутнічаць на пастэрцы. Або не схацеў.
Перадам толькі самыя галоўныя пачуцці. Дакладней, адно-адзінае, якое валодала сэрцамі ўсіх прысутных, – радасць. Радасць такой сілы, што і пасля заканчэння імшы вернікі не спяшаліся разыходзіцца. Таму што не было для нас у гэтую святую ноч месца больш утульнага і цёплага, чым перадкасцельная плошча ў мястэчку Гудагай.


А на другі дзень Каляд уласна дзейства з мястэчка Гудагай перасялілася спачатку ў Ліпкі, а потым у Лошу.
Мясцовая дзятва давала калядныя прадстаўленні: у Ліпках – у каплічцы, у Лошы – у сельскім Доме культуры.


Спачатку рабяты паставілі некалькі сцэнак на тэму Нараджэння Божага Дзіцяці. Пра тое, як 2 тысячы гадоў таму Марыя, Іосіф і анёлы выратавалі Божае Дзіця ад служкаў злоснага цара Ірада. Перамогу святла над цемрай маленькія артысты адзначылі спяваннем калядных песень.
Потым надыйшоў час ламання аплатак – з добрымі пажаданнямі, са шчырымі ўсмешкамі, з адкрытымі сэрцамі. А далей і артыстаў, і гледачоў чакаў смачны сюрпрыз – айцы-кармяліты падрыхтавалі для іх пачастункі.
Застаецца дадаць, што прадстаўленне ў Ліпках падрыхтавала катэхетка Алена Мечыславаўна Вадэйка, а ў Лошы сястра Ідалья, кармелітанка з Гудагайскага кляштара.


Ганна ЧАКУР.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений