Выпрабаванне для душы і веры

15:47 / 12.03.2010
Трэба адразу зрабіць агаворку: хваробы, пакуты, смерць апраўдаць нельга. Гэта ненармальнасць, якая пануе ў ненармальным, паўшым свеце, дзе ўсё падуладна распаду. Аднак напачатку ён не быў такім. І сэнс прышэсця ў наш свет Бога ўва плоці – дараванне выратавання ад граху, пракляцця і смерці.
Такія мы, людзі, ёсць: калі нам добра, калі ўсё ладзіцца ў жыцці, працы, сям’і, Госпада ўспамінаем рэдка. Яшчэ радзей дзякуем Яму за ўсё, што Ён нам даў. Але варта захварэць, пацярпець няўдачу ў нейкай важнай для нас справе, замест таго, каб задумацца над сваім жыццём, пачынаем наракаць: навошта так жорстка караеш, Госпадзі? За якія грахі? Тады і малітвы ўспамінаем, і дарогу да храма знаходзім... Цудаў чакаем. Але ці жыве ў нашых сэрцах вера?
Мы не можам падпарадкаваць Бога сваёй волі, мы можам толькі прасіць. Пры гэтым Ён лепш за нас ведае, ці варта адгукацца на нашы просьбы – калі варта, то якім чынам. Таму для прыняцця Яго дарункаў патрэбна вера – не як прызнанне (дакладней – неадмаўленне) існавання Бога, а як давер Яму, Яго Промыслу аб нашым жыцці. Мы ўжо атрымалі ад Бога дар быцця, дар самасвядомасці, свабоды, творчасці, любві (г.зн. здольнасці любіць – Бога, бацькоў, асоб процілеглага полу, Радзіму), стасункаў, дар паветра, неба, зямлі, ежы... А калі чалавек сказіў гэтыя дарункі ў грэхападзенні, вырак сябе і свет на распад і смерць, Ён Сам выйшаў яму насустрач, каб, прайшоўшы праз укрыжаванне, смерць і Уваскрэсенне, выратаваць яго шляхам падаравання Самога Сябе... Як яшчэ можна даказаць Сваю любоў? І калі пасля ўсяго гэтага ён папускае нам пакутаваць, можа, нам гэта ўсё-такі патрэбна? Можа, у гэтых выпрабаваннях ёсць сэнс, і ў іх таксама праяўляецца любоў Божая?
Ёсць адна хрысціянская легенда. Аднойчы па дарозе ішоў старац (манах высокага духоўнага жыцця) са сваімі вучнямі. На сваім шляху яны сустрэлі калеку, што сядзеў на ўзбочыне і прасіў міласціну. У выніку родавай траўмы ў яго аказаліся паралізаваныя ногі, і бядак вырачаны быў усё жыццё праводзіць на ўзбочыне дарогі, на ўскраіне жыцця — закінуты, забыты, нікому не патрэбны – і цярпець нягоды, толькі таму, што такім нарадзіўся. Вучні, бачачы гэткі прыклад праяўлення пакут, пытаюцца ў свайго настаўніка: за што? Чаму Бог папусціў гэта, хто вінаваты, хто зграшыў – сам калека (у чым магло быць вінавата немаўлятка?), яго бацькі, продкі (ці, як нярэдка людзі мяркуюць, вінаваты псута, сурокі)? Старац, якому Гасподзь адкрыў лёс гэтага няшчаснага, адказаў: ніхто не вінаваты. Бо калі б у яго былі здаровыя ногі, ён агнём і мячом прайшоў бы ўвесь свет...
Так праз кроў і разбурэнне чалавек мог бы пакарыць і кінуць сабе пад ногі цэлы свет, але загубіў бы сваю душу для вечнасці. І Бог, каб уратаваць яго, згодна з легендай, папускае гэтую хваробу. Цяпер ён не толькі нікому не можа прычыніць зла, але і сам, за свае бязвінныя пакуты, перанесеныя без крыўды і наракання, атрымае ўзнагароду ў Царстве Нябесным.
Але калі ёсць вечнасць, і ёсць Бог, тады ўсё мае значэнне і кожны наш крок, учынак, думка і слова могуць быць суаднесены з гэтай вечнасцю. У тым ліку і хваробы, пакуты, смерць, у якіх і праз якія раскрываецца сэнс самога жыцця. Аднак ці хочам мы, ці гатовыя прыняць Бога і Яго вечнасць, любіць Яго як свайго Тварца і Айца, што падараваў нам ўсё – нават Самога Сябе? У хваробах, пакутах якраз і выпрабоўваецца гэтая гатоўнасць, гэтае жаданне. У часіну бяды ў нас з’яўляецца магчымасць задумацца над сэнсам жыцця, над значэннем усяго, што адбываецца ў душы і навокал, пераасэнсаваць мэты, дзеля якіх жывеш, убачыць іх сапраўдную каштоўнасць. Углядзецца ў свае адносіны да сям’і, родзічаў, сяброў, супрацоўнікаў – і заўважыць, колькі памылак дапушчана, колькі болю некаму нанесена... І наколькі сэрца глухое да Бога – адзінай Крыніцы нашага жыцця. Вярнуць свой твар, вярнуць чалавечнасць...
Кэрал Льюіс сказаў некалі: “Бог звяртаецца да нас спачатку шэптам любові, калі не чуем – голасам сумлення, калі не чуем і гэтага – рупарам пакут”. Зрэшты, калі чалавек абсалютна глухі, то, пастукаўшы ў дзверы яго сэрца, Бог можа яго пакінуць на ўласную волю і разуменне. А калі чалавек зусім не пакутуе, значыць, ён пакінуты Богам. Такі чалавек можа быць вельмі паспяховым у жыцці, толькі яно пазбаўлена сэнсу. Калі ж ён яшчэ не страціў здольнасці адгукацца на Покліч – Гасподзь выкарыстае кожную магчымасць, каб, збіўшы з яго пыл, ачысціўшы, вызваліўшы ад страсцей, эгаізму, падарыць Сябе. Каб у Ім і толькі Ім Адзіным мы знайшлі крыніцу нашага жыцця і шчасця.
Хрысціянства не адмаўляе нашай зямной, чалавечай радасці, людскога шчасця. Аднак і не можа гарантаваць. У Евангеллі апісваецца нямала выпадкаў вылечвання, цудаў, здзейсненых Хрыстом. Апошні цуд Хрыста – Яго ўкрыжаванне – жудасная і ганебная кара. Сам Бог, Тварэц светаў, галактык, успрыняўшы чалавечую прыроду, дазволіў сябе ўкрыжаваць. Што можа быць больш цудадзейным, чым такая Божая пакора і любоў?
Падрыхтавала Таіса СЯМЁНАВА.