Роля жанчыны ў сям'і

15:54 / 09.03.2010



Развагі сястры Алены
аб ролі і месцы жанчыны


–Давайце пачнём з пачатку. З самага-самага пачатку. З моманту стварэння свету. На шосты дзень Бог стварыў мужчыну, як сказана, “па ўзору і падабенству свайму”. А з каго, у такім разе, ён пазней скапіраваў жанчыну? Па чыйму вобразу і падабенству Усявышні ствараў нас?
– Чалавецтва прывыкла думаць стэрэатыпамі, адзін з якіх заключаецца ў тым, што мы ўспрымаем Бога, як мужчыну. А Ён па-над палавым падзелам. І чалавек створаны менавіта так. Чалавек – гэта мужчына і жанчына разам. Таму “…пакіне мужчына сям’ю сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць яны адно”.


– Але ж мы моцна рознімся. Спосабам успрыняцця свету, у тым ліку…
– Так. Мужчына ў жыцці кіруецца розумам і логікай, жанчына – пачуццямі і інтуіцыяй. Але гэта толькі пацвярджае іх адзінства і ўзаемадапаўненне.


– І якая, на вашу думку, галоўная мэта стварэння жанчыны?
– У першую чаргу, безумоўна, гэта рэпрадуктыўная функцыя. Жанчына паклікана быць маці, выхоўваць сваіх дзяцей. Заўважце: у Старым Запавеце жанчыны, як проста асобы, няма – там размова ідзе толькі пра маці або пра гаспадыню. І ўслаўляюцца такія яе якасці, як мудрасць, сціпласць, дабрачыннасць, прыгажосць… Ды і ў сучасным свеце – калі жанчына мудрая, тады і сям’я моцная.


– А калі мудрасці ў жанчыны няма?
– Трэба прасіць яе ў Бога. Ён добры – ён дасць.


– Але ў Бібліі прысутнічаюць і такія жанчыны, як Юдыф і Даліла. Жанчыны-ваяўніцы.
– А яшчэ біблейская каралева Эстэр. Гэта хутчэй за ўсё не гістарычная, а міфічная постаць, але для нас яна служыць прыкладам беззапаветнага служэння Богу і свайму народу. Высокадухоўныя жанчыны ў крытычнай сітуацыі заўсёды гатовы аддаць жыццё за свой народ. Або за канкрэтнага чалавека. Маісея, да прыкладу, выратавала яго сястра Мірыям. У біблейскія часы, калі яўрэі былі рабамі егіпцян, апошніх стала хваляваць, выказваючыся сённяшнімі тэрмінамі, дэмаграфічная сітуацыя: усе яўрэйскія сем’і былі мнагадзетнымі, і егіпцяне спалохаліся, што яны хутка пераўзыдуць іх колькасцю. Таму фараон выдаў загад, каб павітухі адразу пасля нараджэння ўсіх яўрэйскіх дзяцей мужчынскага полу тапілі ў водах Ніла. Загад стаў выконвацца. Але дзве павітухі ўзбунтаваліся і тайком сталі аддаваць немаўлят іх мацяркам. Так здарылася і з Маісеем. Але трымаць малыша пры сабе ягоная маці не магла – яго ўсё роўна знішчылі б. Таму яна паклала немаўля ў кошычак, сплецены з галінак лазы, і пусціла яго па рэчцы. Сказаўшы, што, калі Бог захоча… Бог захацеў – і кошычак трапіў у рукі дачцэ фараона, якая купалася, і яна забрала яго ў палац. А Мірыям, пазнаўшы брата, параіла наняць карміліцу і ў яе якасці прывяла сваю маці. Вось так Маісей выжыў, вырас і вызваліў цэлы народ. І гэта з ім размаўляў Усемагутны.


– Вядома, у аналах гісторыі засталіся імёны жанчын, якія ўласнае жыццё ахвяравалі радзіме або свайму народу, але іх адносна няшмат. У той час як за сваё дзіця амаль кожная жанчына, не задумваючыся, гатова кінуцца і ў агонь, і ў ваду.
– Так. Тут спрацоўвае голас крыві, закон непарушнасці сувязі паміж маці і яе дзіцем. Хаця ёсць у гэтай ахвярнасці і тое першаснае пакліканне, атрыманае ад Бога: нарадзіць і выхаваць, быць прадаўжальніцай роду чалавечага. І хто ведае, можа, на падсвядомым узроўні менавіта яно гоніць жанчыну, як вы кажаце, і ў агонь, і ў ваду.
Адносна нядаўна ў Беларусі адбывалася кананізацыя пакутнікаў. Да іх сонму была прылічана і Марыя Бярнацкая, пажылая жанчына з Гродзеншчыны. Як ўспаміналі яе землякі, Марыя з маладых гадоў вылучалася вялікай набожнасцю і міласэрнасцю ў стаўленні да людзей. Падчас вайны немцы выгналі на плошчу ўсіх жыхароў яе вёскі. Пастроілі ў шарэнгу, а потым выбралі кожнага дзесятага, каб расстраляць. У лік гэтых дзесятых трапіла і цяжарная нявестка Марыі Бярнацкай. І тады Марыя сама выйшла наперад... Яе расстралялі, але дзякуючы яе ахвяры, на свет прыйшло дзіця яе сына – іх род працягваў жыць.


– Па-мойму, лягчэй зразумець высокую ахвярнасць мацярок, чым здраду жанчын, якія кідаюць уласных дзяцей дзеля алкаголю або наркотыкаў.
– Гэта наша бяда. Наша – значыць, усяго грамадства. Той факт, што пры жывых мамах малышы растуць сіротамі – гэта сапраўднае злачынства. Ва ўсялякім выпадку, на духоўным узроўні. Зрэшты, на фізічным – таксама. Да нас у нядзельную школку прыходзяць дзеці з розных сямей. І не трэба распытвацца, хто з якой – відаць адразу. Нават не па вопратцы – па вачах малыша можна даведацца, як яму жывецца. На свеце няшмат больш страшных рэчаў, чым старэчыя, поўныя болю вочы шасцігадовага хлопчыка ці дзяўчынкі. Быў такі выпадак: сястрычка і брацік з праблематычнай сям’і раптам перасталі хадзіць на заняткі. Я пацікавілася ў вучняў, што здарылася з гэтымі дзецьмі, і ў адказ пачула: “Іх забралі ў прытулак, таму што іх мама і тата п’юць гарэлку”. Разанула па сэрцы, як нажом… Але што ў такой сітуацыі можна зрабіць? Хіба што памаліцца... І як радасна стала на душы, калі праз пару месяцаў хлопчык і дзяўчынка зноў сталі хадзіць на “катэхезы”. Страх назаўсёды страціць дзяцей прымусіў бацькоў апамятацца. Хаця, на жаль, так бывае не заўсёды.


– Сястра Алена, але ж і ў нармальных сем’ях нямала праблем у адносінах паміж бацькамі і дзецьмі.
– На жаль. І корань падобных праблем, на маю думку, ляжыць у фактычнай адсутнасці гэтых адносінаў. Таму што нярэдка яны зводзяцца да бытавога: пад’еў, апрануты не горш за іншых, камп’ютэр вось нядаўна купілі – што яшчэ трэба? А трэба любоў. Дзіця, якое вырасла ў любові, потым само ўсё жыццё яе выпраменьвае. Канешне, жанчын вінаваціць цяжка – яны вымушаны працаваць, каб зарабіць на тую ж ежу, вопратку, камп’ютэр. Хутчэй тут вінавата недастатковая абароненасць жанчыны ў сацыяльным плане. Хаця часам, асабліва ад маладых мам, прыходзіцца чуць, што ім сумна сядзець дома. І сваіх гадавалых малышоў яны аддаюць у яслі – не таму, што зрабіць гэта іх прымушае недахоп сродкаў для жыцця, а таму, што хочуць развязаць сабе рукі. Вядома, у садку дзіця атрымае і прафесійную апеку, і збалансаванае харчаванне, і навыкі існавання ў калектыве. Не атрымае толькі аднаго, самага галоўнага, – любові. І не варта потым здзіўляцца, што сын расце – як чужы...


– Мяне – і спадзяюся, не толькі мяне – цікавіць, чаму Божыя запаведзі рэгулююць толькі адзін бок сямейных адносін? Маю на ўвазе чацвёртую: шануй бацьку і маці сваіх. Як, скажыце, дзіця можа шанаваць маці-алкагалічку, якая выносіць з хаты апошні кош бульбы? І чаму няма запаведзі, якая б і ад бацькоў патрабавала любові і шанавання ў адносінах да сваіх дзяцей?
– Таму што кожную з дзесяці запаведзяў трэба разумець куды больш шырока, чым напісана. Тая ж чацвёртая перадвызначае ўзаемашанаванне бацькоў і дзяцей. Бацькі таксама абавязаны шанаваць сваіх дзяцей. Гэтая ж запаведзь, дарэчы, рэгламентуе і адносіны паміж настаўнікам і вучнем.
А наконт маці-алкагалічкі... Адно магу сказаць: я за такіх жанчын малюся.


– Але давайце вернемся да Бібліі. Як вы думаеце, чаму змію ўдалося спакусіць менавіта жанчыну?
– Напэўна, з-за яе прыроднай цікаўнасці. І эмацыянальнасці. Паглядзіце, як хітра дзейнічае змій. Спачатку ён, як бы між іншым, пытаецца ў Евы, ці ўсе плады ў Эдэме яны маюць права каштаваць? Ева адказвае, што ўсё, акрамя яблыка з дрэва пазнання, паспытаўшы якое, яны абавязкова памруць. Няпраўда – разупэўнівае яе гад. І ў душы Евы пасяляецца сумненне. І яна тут жа заўважае (хаця да гэтага чамусьці не звяртала ўвагі), якія прыгожыя плады растуць на забароненым дрэве. Пару кампліментаў, крыху іроніі – і Ева спрабуе яблык пазнання. Ці не такім шляхам грэх дзейнічае і сёння? І ўпаўшы ў яго, сучасная жанчына, гэтак жа, як і яе біблейская прамаці, спрабуе супакоіць сябе: паспыталі – і засталася ў жывых. Фізічна – так, але ёсць жа яшчэ і смерць духоўная.


– Сястра Алена, а чаму сярод апосталаў не было ніводнай жанчыны?
– Таму што ў жанчыны іншая роля. Калі кожная жанчына добра выхавае сваіх дзяцей, мы будзем жыць у святым грамадстве.


– Але той факт, што жанчына была створана з рабра Адама, дазваляе многім мужчынам ставіцца да прадстаўніц супрацьлеглага полу з пачуццём перавагі.
– На гэтую тэму ёсць наступны анекдот. Мужчына моліцца каля абраза Маці Божай: “Слаўся, Марыя, ласкі поўная...”
– Слухаю цябе, сын мой, – звяртаецца да яго Багародзіца.
– Не перабівай мяне, жанчына, – адмахваецца ад яе “вернік”. І працягвае скорагаворкай, – ..Бог з табой, блаславёная Ты між жанчынамі...
Так і ў жыцці: разумны чалавек да жанчыны ставіцца з ўдзячнасцю і павагай. А на неразумнага і крыўдзіцца не варта.


– Зразумела, што роля жанчын не зменіцца ніколі – быць маці, ахоўніцай ачага і г.д. Але сучасная жанчына нярэдка хоча ісці далей і вышэй. Яна нароўні з мужчынамі хоча кіраваць дзяржавай, пісаць кнігі, рабіць навуковыя адкрыцці. А ёй, замест таго, каб думаць “пра вялікае”, кожную раніцу трэба падаць мужу чыстыя шкарпэткі і зрабіць сыну бутэрброд у школу. Хіба няма ў такой расстаноўцы абавязкаў пэўнай несправядлівасці?
– Жанчыну, якая хоча развівацца, так бы мовіць, вышэй сярэдняга, не турбуюць чужыя шкарпэткі. Як правіла, такія жанчыны наогул адмаўляюцца заводзіць сям’ю. Яны рэалізуюць сябе ў навуцы, літаратуры, палітыцы. І гэта – іх права.


– Як вы ставіцеся да жаночага дня 8 Сакавіка?
– Па-мойму, гэта трохі дзіўнае свята, якое першапачаткова насіла яўную палітычную афарбоўку. Лічылася Днём вызвалення жанчын. Ну і якую свабоду за ледзь не сто гадоў існавання гэтага свята атрымала жанчына? Тыя ж мужавы шкарпэткі – па-ранейшаму яе абавязак. Хаця сёння пра вызваленасць жанчын ужо амаль не ўзгадваецца. 8 Сакавіка хутчэй можна назваць днём, у які жанчына ўспамінае, што яна... жанчына. Кветкі, падарункі, муж на кухні – усё гэта добра, але так павінна быць не раз у год, а кожны дзень. Нельга не прыгадаць і яшчэ адзін аспект жаночага дня – традыцыю яго святкавання. Абавязкова з алкаголем. На кожным працоўным месцы. І сумна, і смешна глядзець, як потым ушчэнт п’яны мужчына нясе ў заціснутым кулаку зламаныя гваздзікі – падарунак сваёй суджанай. І гэта падчас Вялікага посту! Ці не больш правільна было б адзначыць падобнае свята дома? За філіжанкай гарбаты. Алкаголь – свайго роду падман, ружовыя акуляры на час.


– Як вы сказалі ў самым пачатку нашай размовы, мужчына і жанчына – адно цэлае. І мы пакаленне за пакаленнем знаходзім і трацім адно аднаго, памыляемся і паступаем правільна. Што ж мы шукаем адзін у адным?
– Мужчыне трэба жаночая цеплыня, пяшчота, а жанчыне – мужчынская ўвага. І яшчэ тое, што прапісана ў Бібліі, дзе сказана, што гаспадар сям’і – мужчына. І ён павінен утрымліваць сям’ю. Але і прымаць рашэнні таксама павінен самастойна. На жаль, нямногія сучасныя жанчыны даюць мужчыне права самастойнага прыняцця рашэнняў. А потым шчыра здзіўляюцца: чаму іх мужы ну зусім-зусім не гаспадары?
І яшчэ. Хочацца адзначыць, што добрых сем’яў у свеце шмат. У тым ліку і ў Астраўцы. Сем’яў, дзе ёсць павага, еднасць, любоў. Толькі расказваць пра іх трэба больш. У тым ліку і нашай раённай газеце.


– Дзякую за размову. З надыходзячым святам!


Гутарку вяла Ганна ЧАКУР