Ветеран войны Юрий Михайлович Александрович к мирному труду вернулся только в 1946 году

09:00 / 11.05.2015
1
Пяхота мінулай вайны… Самы шматлікі і самы пакутніцкі род войск, дзе працягласць жыцця пехацінца ў стралковым палку вылічалася нямногімі месцамі… Выходзячы з бою жывым, кожны таіў у сабе ціхую радасць, што яго куля абмінула…

Нямногія вярнуліся з той крывавай і страшнай вайны  жывымі, каб праз шмат гадоў вучыць маладое пакаленне мужнасці і нязломнасці, высокаму грамадзянскаму абавязку.

Так склаўся лёс і ў прыгожага хлопца-хутаранца, якога ў 18 гадоў у 1944 годзе прызвалі на Вялікую Айчынную вайну. Ён прайшоў нялёгкі ваенны шлях, радуючыся кожнай хвілінцы спакою, цішы і міру, падчас якога можна напісаць аб сабе, аб вайне і сваім каханні той, што верна чакае. Паміж баямі, на прывалах, з вялікай любасцю ўспаміналіся яму сцежкі-дарожкі, па якіх ён бегаў штодня на спатканне да сваёй любай Стасечкі, яе гарачы шэпт і абдымкі, родная хатка, матуля, браты і сёстры… Тады ад сэрца адыходзіў страх перад смерцю і верылася, што ён абавязкова вернецца. Аб гэтым хлопец няспынна прасіў Усявышняга.

Відаць, Гасподзь пачуў салдацкую просьбу і захаваў яму жыццё. А можа, гэта святы Юрый прыклаў сваю дзясніцу, бо нарадзіўся Юрый Міхайлавіч Александровіч у Дзень святога Юрыя ў сям’і хлебаробаў на хутары Газа.

Некалі дзед Юрыя меў валоку зямлі і жыў нябедна. Але калі бацька стаў гаспадаром, справы не пайшлі: дохла, марнавалася жывёла, слабымі былі ўраджаі бульбы, лёну, збожжа. А ў сям’і – шасцёра дзяцей (трое хлопцаў і трое дзяўчат), іх карміць, абуваць-адзяваць трэба. Захварэла ад цяжкай працы маці, а ў 45 гадоў захварэў запаленнем бацька і памёр, пакінуўшы жонку і дзяцей у беднасці і нястачы.

Старэйшы брат Антон дапамагаў маці па гаспадарцы. Ды і Юрый, калі крыху падрос, пайшоў служыць у людзі: пасвіў чужых кароў і хадзіў за плугам у чужой гаспадарцы – усяго прыйшлося паспытаць, каб сям’я не жабравала.

Вучыцца не давялося, хаця маці для таго часу была досыць адукаваная: закончыла 7 класаў польскай мовы – а бацька ўсяго два. Не да навукі было і іх дзецям: пачалася вайна.

Хлопцы падраслі, пасталелі, узмужалі. У Юрыя з’явілася каханая Стася – прыгожая і добрая дзяўчына. Жыві, працуй і радуйся! Ды хлопца забралі ў войска. Падвучылі крыху ваеннай справе, а потым адправілі на фронт у армію імя Т. Касцюшкі ў полк №2 стралком-аўтаматчыкам. У эшалоны – і на фронт, у Польшчу. Так, беларускі хлопец вызваляў Варшаву, але атрымаў раненне і трапіў у шпіталь. Падлячылі – і зноў на фронт, на перадавую.

У паўсотні кіламетрах ад Берліна ў час наступлення яго засыпала зямлёй ад разрыва снарада, і Юрый не памятаў, што з ім было далей. Ачуняў ужо ў бальніцы: кантузія. Там жа ён дазнаўся пра перамогу. Што рабілася тады ў бальніцы! Усе плакалі і смяяліся, абдымаліся і зноў плакалі ад радасці.

Хутка Юрась паправіўся (перамагла маладось) і вярнуўся ў свой полк, дзе і служыў санітарам. Толькі восенню 1946 года яго камісавалі.

Салдат вярнуўся да мірнай працы на сваю радзіму, дзе яго чакала сям’я і верная Стасечка, якая неўзабаве стала яго жонкай.

Зіму перазімавалі ў матчынай хаце. А вясной пачалі будавацца. Перавезлі купленую ў Свіранках хату, хлявы – і пайшлі ў самастойнае жыццё. Тут нарадзіліся двое іх дзетак – сынок і дачушка.

Спакой і любоў у сям’і, мірная праца на зямлі паціху рабілі сваю справу: вайна з яе жахамі адступала, сціраліся вобразы людзей, з якімі ён дзяліў салдацікя будні, твары  маладзенькіх і пажылых салдат, якіх яму давялося хаваць у брацкіх магілах. Ды час ад часу сніўся салдату адзін і той жа сон: з аўтаматам у руках ён некуды бяжыць, а яму ў твар цэліцца фашыст – і Юрый нават бачыць яго скрыўлены ў ярасці твар. Сэрца пачынала шалёна калаціцца прама ў горле, хацелася крычаць – і з тым ён прачынаўся. Доўга не мог уцяміць, дзе ён і што з ім. Ласкавы і лагодны голас жонкі супакойваў, вяртаў да сапраўднасці.

Самастойна Юрый навучыўся цяслярскай справе. Будаваў і шаляваў хаты, вёў гаспадарку. Падрасталі дзеці, усё паціху абсталявалася. Ды стала хварэць жонка. І хаця па хаце яна спраўлялася рабіць усё, нават шыла – абшывала сям’ю, але ў 44 гады Станіслава памерла. А тут яшчэ сталі збіраць з хутароў у вёску, запісваць у калгас – спачатку ён называўся “Мірная праца”, а пазней памянаў назву на “Запаветы Ільіча”. У калгасе былы салдат працаваў, як правіла, там, дзе цяжка: на канюшні, на ферме, на полі – не меў водпуску аж да выхаду на пенсію. Ды і пасля таго працаваў яшчэ доўга.

Праз год пасля смерці Стасі ён сабраў дзяцей і сказаў: “Дзеткі, маці я вам не знайду, а вось гаспадыня ў хаце патрэбна. Мушу я жаніцца. Ужо падсваталі дзяўчыну, яе зваць Ядвігай”. 23 гады пражылі яны разам, працуючы ў калгасе: жонка то ў звяне ільняводаў, то на ферме, Юрый – побач. Ды неўзабаве Ядвіга таксама захварэла на цяжкую хваробу і памерла.

Да таго часу дзеці ўжо выраслі, вывучыліся і раз’ехаліся хто куды: сын са сваёй сям’ёй жыве ў Літве, дачка – у Залессі. Нарадзіліся ўнукі, якім дзед вельмі рады. Ды вяртацца ў родную вёску ніхто з дзяцей не збіраецца. А дзед зноў застаўся адзін. Цяжкая гэта рэч – адзінота. То яна лагодная, то вельмі страшная. Таму жаніўся Юрый Міхайлавіч зноў…

Пакуль быў моцны і здаровы, ён не адчуваў сваіх гадоў. Як воін-франтавік, Юрый Міхайлавіч часта наведваўся ў Варонскую школу да дзяцей, бываў на сустрэчах з такімі ж ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Прыходзілі і да яго школьнікі, слухалі цікавыя аповяды аб жыцці-быцці. Рыхтуючыся да такіх сустрэч, ён апранаў свой ваенны кіцель, цяжкі ад медалёў. Зверху над імі ордэн “Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені” і медаль Георгія Жукава – гэта, як жартуе ветэран, для большай важнасці.

Юрый Александровіч – шчыры, вясёлы і адкрыты чалавек, для якога патрыятызм не проста слова, але лад яго жыцця. Ён прырос, прыкіпеў да сваёй вёскі, дзе і людзі, і паветра – родныя. Ды і без зямлі-карміцелькі ніяк немагчыма: яна і гадуе, і сілы дае, і багацце. А потым забірае да сябе, хавае, дае апошні прытулак. Моцныя ў яго сэрцы дзіцячыя і юнацкія ўспаміны аб газянскіх мясцінах, куды ён залятаў пасля работы па  баравікі, а потым, у сталыя гады, хадзіў на паляванне на бераг Газянкі ці Віліі.

“Жыццё ляціць як скарасны цягнік”, – жартуе ветэран. Да 2013 года ў хатняй гаспадарцы Ю.М. Александровіча быў конь, карова, куры, ладныя парсючкі ды сабака з катом. Любіў ён усю гэтую жыўнасць. Ды здарылася бяда: мужчына зламаў руку. Паправіўшыся, зразумеў, што яму ўжо не справіцца, як раней, з гаспадаркай. Збыў каня і карову, парэзаў свіней… Стаяць зараз ля яго хаты акуратныя, дагледжаныя гаспадарчыя пабудовы: хлеў і адрына, дрывотня і студня – але пустыя. Толькі куры засталіся ды сабака. А вось прастора вакол хаты проста цудоўная: непадалёку рэчачка, неба над галавой – яснае і высокае нават у пасмурны дзень. Хораша! Але сілы ўжо слабеюць. Гарод яны садзяць самі: Юрый Міхайлавіч са сваёй цяперашняй жонкай і гаспадыняй Веранікай Пятроўнай, ды дзеці дапамагаюць. Так што цыбуля, капуста, морква – свае, калгас выдзяляе на зіму бульбу і зерне. Дровы прывозіць лясніцтва за паўцаны, за што яны вельмі ўдзячны і старшыні СВК “Варняны”, і старшыні Варнянскага сельвыканкама, і лясніцтву.

У сваім такім ладным і моцным дамку ветэран адчувае сябе гаспадаром свайго жыцця. Ён вельмі задаволены, што і ў сталыя гады ёсць у яго спадарожніца – сімпатычная і ласкавая, клапатлівая і добрая жанчына. Разам лягчэй пераносіць розныя непаладкі жыцця. Абодва – веруючыя людзі, ва ўсім спадзяюцца на Божую міласць і спагаду.

Часам увечары яны разам глядзяць ваенную перадачу ці фільм, бо самому гаспадару гэта прыйшлося перажыць, ды і ў цяперашнім свеце ў многіх краінах няма міру. А гэтак хочацца былому салдату, каб яго дзеці, унукі і ўсе наступныя пакаленні жылі ў міры, працы, разуменні і шчасці, каб больш не гінулі людзі і не рваліся снарады.

----------------------------

Запісала ўспаміны Людміла КУХАРЭВІЧ.

P.S. Аўтар выказвае ўдзячнасць за дапамогу ў зборы інфармацыі старшыні савета ветэранаў СВК “Варняны” Чаславу Аляксандравічу Свіле.