Доска почёта: Люция Бирковская и Наталья Сивак

09:00 / 02.05.2015
Лозунгі накшталт “Жанчына павінна” – не тычацца маіх гераінь Люцыі Станіславаўны Біркоўскай і Наталлі Уладзіміраўны Сівак, чые партрэты занесены на раённую Дошку гонару. Яны ідуць па жыцці без слова “павінна” – пры гэтым спалучаюць у сабе ўсе іпастасі прыгожай паловы чалавецтва.


“Выдатніцам” па надоях малака за мінулы год мы задалі пяць пытанняў аб галоўным:

1. Якімі сцежкамі вы прыйшлі ў сельскую гаспадарку?

2. Успомніце свой першы працоўны дзень. Калі было цяжэй працаваць – тады ці зараз?

3. Папулярная ў 90-х гадах песня сцвярджае, што самае галоўнае – надвор’е ў доме. Ці згодны вы з гэтым выказваннем і як сумяшчаеце працу і сямейныя клопаты?

4. Ці пайшоў хто з блізкіх па вашых слядах?

5. Што хаваецца за высокімі вытворчымі паказчыкамі ў надоях і ў чым сакрэт вашага першынства?


Люцыя Станіславаўна Біркоўская , аператар машыннага даення МТФ “Палушы” (СВК “Гудагай”), на заслужаным адпачынку:

1. Нарадзілася я на Ашмяншчыне ў вёсцы Войневічы. Бацькі былі людзьмі простымі, з рабочых: маці працавала ў калгаснай брыгадзе, а тата пастаянна хварэў і быў конюхам. У той час на вёсцы ўсе гаспадарку трымалі – мы таксама. Былі ў нас і авечкі, і каровы, і свінні. Разам з братам і сястрой пастаянна дапамагалі бацькам.

Пасля заканчэння 8 класа паступала ў Маладзечненскі політэхнічны тэхнікум, але не хапіла аднаго бала – вярнулася ў школу. У нас васьмігодка была, пагэтаму 9 і 10 класы заканчвала ў гарадской школе… Раптоўна памёр бацька – пра далейшую вучобу давялося забыць і сваім мазалём ды потам здабываць капейчыну. Спачатку працавала на вытворчасці магнітафонаў у філіяле ад Вільнюскага завода, пасля, як выйшла замуж і нарадзіла дачушку, – у дзіцячым садку.

У 1989 годзе мы пераехалі на Астравеччыну ў вёску Палушы, і з той пары я і працавала даяркай. У верасні мінулага года пайшла на заслужаны адпачынак. Можа, і папрацавала б яшчэ, каб здароўе не падводзіла.

2. Раней кароў даілі тры разы на дзень. Прачыналася ў 4 гадзіны раніцы і бегла на ферму. Пасля першай дойкі хуценька вярталася дадому: трэба было дзяцей накарміць і выправіць у школу. На хуткую руку рыхтавала абед, карміла жывёлу – і ізноў спяшалася на ферму…

Цяжка было. Зараз думаю: і як я ўпраўлялася? Калі перайшлі на двухразовую дойку, то працаваць стала лягчэй. Хоць, вядома, цяжкасці ёсць усюды. А дзе лёгка? Лічу, што праца даяркі – цяжкая і ў той час была, і зараз.

3. Дачушкі, як падраслі, сталі першымі маімі памочніцамі і на ферме, і ў доме, і каля яго. А як жа жыць на вёсцы і не трымаць гаспадарку? У перапынках паміж дойкамі хадзіла ў грыбы і ягады, агарод праполвала… Трэба было дзяўчатак на ногі ставіць. Хацелася, каб яны вывучыліся, у людзі выбіліся.

4. Старэйшая дачка Таццяна працуе бухгалтарам у лясніцтве, а малодшая Ірына – цырульнікам. Харошыя дзяўчаты выраслі – і працавітыя, і з людзьмі добрыя, і ў мяне ўвесь час цікавяцца, што купіць… Маю ўжо дзвюх унучак.

Як бачыце, маёй дарогі не абрала ніводная дачка. Ды маладыя, напэўна, не так адданы жывёліне, як мы ў свой час. Яны ж цэлы дзень на працы прападаюць. А калі глядзець тую свінку ці кароўку? Гэта трэба побач з домам на работу хадзіць. А вось зяць, Андрэй Вайцехавіч Вінча, узначальвае агранамічную службу ў СВК “Гудагай”.

5. У мінулым годзе ў раёне я надаіла ад каровы найбольш малака – 6 400 літраў. Аднак год на год не прыходзіцца. У савецкі час, як прыйшла працаваць на ферму, таксама атрымлівала і граматы, і прэміі.

Вытокі “вялікага” малака ў большай ступені залежаць ад даяркі: жывёлу трэба любіць – і яна табе аддзячыць. Бывае, прыкрыкнеш на якую рагулю – а яна можа ўсяго малака і не аддаць. Не трэба ленавацца да канца выдойваць карову: раз не дадаіў – на наступны дзень ужо столькі малака не атрымаеш.

…Цяжка працавалася, цяжка жылося: трэба было карміць і апранаць, а пасля яшчэ і вучыць дзяўчатак сваіх – але не ў мяне адной такая дарога. Калі ёсць работа (а на вёсцы яе безліч!), тады няма часу думаць, як і калі што паспець. З агарода будзеш мець і бульбіну, і бурак, а кароўка і цябе, і сям’ю пракорміць. Па жыцці трэба ісці са спагадай і з добрымі намерамі. Тады ўсё складваецца найлепшым чынам.


Наталля Уладзіміраўна Сівак , аператар машыннага даення МТК “Рытань” (РУП “Саўгас “Падольскі”), ганаровы донар Рэспублікі Беларусь:

1. Родам я з вёскі Каплічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Нарадзілася ў самай звычайнай сям’і. Акрамя мяне, у бацькоў былі яшчэ тры дачушкі. Тата, як і кожны мужчына, хацеў сына, пагэтаму жартам называў нас “хлопчыкі ў хустачках”. Жылі мы дружна.

Я нядрэнна вучылася ў школе: асабліва лёгка даваліся гуманітарныя навукі, а вось з матэматыкай і фізікай ніколі не сябравала. Пасля заканчэння 8 класа надумала паступаць ў Палескі сельскагаспадарчы тэхнікум. Вырашыла, што на агранома вучыцца не пайду, бо летам горача ў полі, лепш заатэхнікам. Так і сталася.

Пасля вучобы выйшла замуж за Сяргея – мы з ім доўгі час сустракаліся. А пасля размеркавання пачаліся працоўныя будні. Спачатку была лабаранткай, потым – загадчыцай фермы. Дзеткі ў нас нарадзіліся…

Здавалася, жыві і радуйся. Але выбухнуў Чарнобыль. Мая сястра раней пераехала з сям’ёй на Астравеччыну і мяне за сабой перацягнула. Выбіраць не даводзілася: я пайшла ў цялятніцы, а муж – у качагары. У 1991 годзе мы атрымалі ў Рытані катэдж. Некаторы час мне давялося працаваць дворнікам у мясцовым клубе, але такая работа не па мне – перайшла на ферму. Як усё жыццё тут працавала!

2. Дзяўчаты кажуць, што лепш вярнуцца на былую ферму, пакуль яна не стала комплексам, – маўляў, лягчэй працавалася. А я дык нізавошта! Мне пастаянна патрэбен рух, патрэбна ў нешта ўкладваць сваю энергію. Пяць гадзін дойкі праходзяць як адна.

3. Жанчына ўсё паспявае дзякуючы добраму і талковаму мужу. Каб не мой Сярожа, як бы я ўсё паспяваю? Ён – мая энергія, падтрымка і апора. Я збіраю вяршкі, а ён карэньчыкі дарабляе.

Маладыя думаюць, што прыйшло каханне – і ўсё на гэтым. Няпраўда! Трэба разам прайсці агонь, ваду і медныя трубы – вось тады можна гаварыць пра сапраўднае каханне.

Сяброўкі часам жартуюць: не стамляешся 24 гадзіны ў суткі быць побач з мужам – і дома, і на працы? Ніколі не стамлялася ад гэтага! Разам з Сяргеем мы і дзяцей выгадавалі, і гаспадарку ўвесь час трымалі, толькі некалькі апошніх гадоў няма ні курэй, ні свіней. Дзякуючы дапамозе мужа, у мяне застаецца час на кветкі і на сябе.

Кветкаводствам захапілася сем гадоў назад. Каб ведала раней, што столькі станоўчых эмоцый прыносіць гэтае хобі, дык раней пачала б займацца кветкамі. Іх росцяць не рукі– а душа. Прыехалі б вы летам, калі ўсе цвіце і буяе, пабачылі б на свае вочы гэтую прыгажосць!

У працоўны дзень звычайна прачынаюся рана. Люблю заварыць кубачак кавы, выйсці на вуліцу і паглядзець на свае раслінкі. Яны ж сонейка п’юць – а затым аддаюць чалавеку гэтую энергію. Лічу, што жанчына так і павінна пачынаць свой ранак: паўгадзінкі прысвяціць сабе – а пасля ўжо гатаваць сняданак, збірацца, бегчы на працу…

Лічу, што кожная жанчына, незалежна ад узросту, павінна сачыць за сабой. Я люблю прыгожыя і дабротныя рэчы. Некаторыя могуць падумаць – ну куды выйсці на вёсцы ў абноўках? Паверце, калі з’яўляецца ў гардэробе новая рэч, адразу выпадае магчымасць яе апрануць. За апошнія гады дзе я толькі ні была! Пашчасціла трапіць на канцэрт Юрыя Антонава, паслухаць арганную музыку ў Гервяцкім касцёле, з’ездзіць на экскурсію ад прафкама, убачыць “Бяседу” на варонскай сцэне…

Я ніколі не саромелася і не ўтойвала, што працую даяркай. Мне хочацца, каб усе бачылі, што і даярка можа быць моднай,цікавай і прыгожай. Калі жанчына не сочыць за сабой – гэта не значыць, што яе ферма загнала ў такія рамкі: яна сама абрала для сябе такі стыль жыцця.

4. Кожная маці хоча, каб жыццё дзіцяці склалася лепшым чынам. Калі чалавек займае сваё месца, тады ён будзе гарманічным – у сям’і і грамадстве. Гармонія душы і цела – залог жыццёвага поспеху. Мае бацькі ніколі не прымушалі мяне абраць пэўную дарогу, пайсці менавіта ў сельскую гаспадарку – і я таксама ў свой час дала дзецям права выбару.

Дачка Марына зараз жыве ў Гродна, працуе афіцыянткай. Я ніколі падумаць не магла, што яна аддасць перавагу гораду! У дзяцінстве Марынка прыбягала на ферму мне дапамагаць, вельмі любіла жывёл.

А вось сын, наадварот, казаў, што зробіць усё што заўгодна каля хаты, каб толькі не ісці на ферму. Руслан зараз жыве і працуе міліцыянерам у Мінску. Ён з шостага класа марыў стаць праграмістам, аднак пасля службы ў войсках унутраных спраў канчаткова зразумеў, кім хоча быць…

Не так важна, кім ты працуеш, галоўнае – заставацца чалавекам. Я не люблю няпраўды, маны, зайздрослівых людзей. Лепш сказаць у вочы, што думаеш, чым шаптацца за спіной!

5. Памятаю, калі дырэктар нашага саўгаса Андрэй Мар’янавіч Бушмовіч паведаміў мне аб тым, што мой партрэт змешчаны на раённую Дошку гонару – я была ў шоку!

Канешне, прыемна, што менавіта мне выпаў такі гонар, што мяне прыкмецілі, ацанілі заслугі. Аднак за высокімі паказчыкамі ў надоях стаю не я адна – увесь наш калектыў на чале з загадчыцай Гражынай Міхайлаўнай Рабкоўскай. Пагэтаму, напэўна, варта было б напісаць пра ўсіх? Раней у мяне была свая група, за якую я цалкам адказвала. Зараз я з раніцы падаіла кароў, а ў абед на дойцы будзе другая змена. Пагэтаму надоі залежаць не толькі ад пэўнай даяркі, але і ад кожнага работніка комплексу.

2014 год – лепшы ў маёй працоўнай дзейнасці. Я задаволена, што працую даяркай, таму што гэтая работа патрабуе шмат энергіі, спрыту, вынослівасці. А я не магу і хвіліны спакойна пасядзець. Муж гаворыць: я хаджу на работу, а не за зарплатай.Так і ёсць – сябе ж не пераробіш…


--------------------------------

Матэрыялы старонкі падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.