"Зелёные парковки" в городе запрещены

18:00 / 25.08.2014
Вы ведаеце, што такое «зялёная паркоўка»? І што будзе, калі парушыць яе правілы? І чым абернецца нявіннае, на першы погляд, жаданне пакінуць транспарт за мяжой уласнага двара? Вось і я не ведала да нядаўняга часу і ў падобным рэйдзе ўдзельнічала ўпершыню.


Спачатку разбяромся, што ж такое “зялёная паркоўка”. Так называецца стаянка вялікагрузных аўтамабіляў у непрызначаных для гэтага месцах. Напрыклад, вярнуўся дальнабойшчык з рэйсу, гнаць фуру на спецыяльную стаянку паленаваўся, у двары дома яе паставіць – месца малавата, ну і вырашыў прыпаркавацца на траўцы побач з домам. Аб тым, што транспарт можа некаму перашкаджаць, замінаць ці некага проста раздражняць, уладальнік не думае. Ці кіруецца вядомай жыццёвай мудрасцю: каму трэба – той аб’едзе… Ды толькі, аказваецца, не ўсё так проста. І такая паркоўка можа закончыцца пратаколам і штрафнымі санкцыямі.

Разам з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Віктарам Аляксандравічам Славінскім і дзяржаўтаінспектарам дарожна-патрульнай службы Алегам Францавічам Козічам мы едзем выяўляць па Астраўцы такія “ няправільныя ” паркоўкі.


– Едзем на завулак Кастрычніцкі, – прапануе Віктар Аляксандравіч. – Паглядзім, як там адрэагавалі на наша папярэджванне, ці прыбралі з гарадской тэрыторыі фуру.


Сапраўды: не паспелі мы завярнуць на патрэбную вуліцу, як убачылі прыпаркаваны на газоне вялікагрузны аўтамабіль. Відаць, яго ўладальнікі не спяшаліся выконваць распараджэнне супрацоўнікаў ЖКГ і ДАІ. Больш таго – за фурай з’явіўся яшчэ адзін аўтамабіль.


– Што ім “свеціць” за такое парушэнне? – перапытвае Алег Францавіч. – Штраф да 5 базавых велічынь. Ну і, вядома ж, калі не захочуць плаціць яшчэ больш, павінны прыбраць транспарт з гарадской тэрыторыі.


Але ўладальнікі транспарту не спрачаюцца, віну сваю прызнаюць і абяцаюць выправіцца.

Праехаўшы па вуліцах Кастрычніцкая, Сонечная, Янкі Купалы, Гагарына, ніякіх парушэнняў мы не выявілі. А вось на вуліцы Маркава на “зялёнай паркоўцы” стаяла пустая фура – аўтамабіль быў без груза. І прыпаркаваны ён быў вельмі арыгінальна – такое адчуванне, што паміж бліжэйшымі дамамі і ўладальнікам транспарту ніякай сувязі не было. “Нічога не ведалі” пра пакінутую фуру і суседзі. Таму, запісаўшы нумар машыны, мы паехалі далей.


– Давайце пад’едзем зараз да дома №9 у мікрараёне Валадарскага, – накіроўвае Віктар Аляксандравіч. – Патэлефанавала жанчына, якая скардзілася, што ў двары дома хтосьці пакінуў аўтамабіль. Ніхто з жыхароў не ведае, чый ён, а ўладальнік не спяшаецца яго забіраць. Аднак машина людзям перашкаджае.


Жанчына, якая тэлефанавала, не схлусіла: каля дома на газоне пад вяроўкай для бялізны стаіць белы аўтамабіль “Рэно”.


– Ды ён тут ужо некалькі дзён, – расказвае-скардзіцца жыхарка дома. – А хто пакінуў і чаму тут – мы не ведаем. Можа, наогул гэта ўкрадзены аўтамабіль, а стаіць у нашым двары. Эвакуіруйце, ці што? Нам жа і бялізну не развесіць.


Пакуль дзяржінспектар ДАІ запісвае нумар “нічыйнага” аўтамабіля і спрабуе “прабіць” яго па базе, Віктар Аляксандравіч выслухоўвае просьбы-скаргі-заўвагі жыхароў дома.


Далейшая наша паездка па вуліцах горада не прынесла вынікаў. Можа, вадзіцелі вялікагрузных аўтамабіляў у сваёй свядомасці ўжо ўключаюць “чырвонае святло” на “зялёную паркоўку”? Хочацца ў гэта верыць…


Марына МАЦКЕВІЧ