На Островетчине начались работы по посеву озимых культур

10:00 / 25.08.2014
Зярнятка да зяртятка – каласок. Каласок да каласка – неабсяжныя збожжавыя палі, суцэльны залаты акіян, які сёлета разрадзіўся на Астравеччыне добрым ураджаем. І не паспелі скончыцца песні камбайнаў на ўборцы новага ўраджаю, як іх падхапілі трактары, сеялкі…

Ніякага намёку на перадых пасля напружанага і самага высокага па ўраджайнасці ў раёне жніва ў гервятцаў быць не можа: расслабляцца няма калі, бо прамаруджванне – занадта дарагая раскоша. Усе сілы зараз кінуты на корманарыхтоўку і пасеў азімых.

Пакуль машыны на ўсіх парах імчалі да зернесушылак, дзяржаўныя засекі напаўняліся збожам – палеткі

ўжо рыхтаваліся для закладкі асновы будучага ўраджаю. Колкая пожня, не паспеўшы астыць ад нядаўна прашоўшых камбайнаў, пад націскам магутных плугоў рыхтуецца прыняць у сваё ўлонне насенне азімых культур.

– Мы ўжо прыступілі да сяўбы азімых. Пачалі, як звычайна з крыжакветных. Плануецца пасеяць 650 гектараў рапсу, 125 гектараў сурэпіцы. Насенне рапсу, як сартавое, так і гібрыды, ёсць у неабходнай колькасці, – расказвае галоўны аграном СВК “Гервяты” Дзяніс Валер’евіч Кірпа. – На сённяшні

дзень (20 жніўня. – заўв. аўт.) ужо каля 95 гектараў занята крыжацветнымі. Сеем хуткімі тэмпамі, бо ўсталявалася спрыяльнае надвор’е.

У пацвярджэнне слоў галоўнага агранома на калгасным полі каля вёскі Чэхі ў самым разгары – сяўба азімага рапсу: пыл стаіць слупом – складана не тое, што фотаздымак зрабіць, а нават разглядзець удалечыні сеялку. Аднак праз тры хвіліны, зрабіўшы круг, сеялка па намечанай маркерам лініі вяртаецца назад. Непарыўны колазварот сяўбы: побач з градзінкамі фосфарных угнаенняў ледзь бачнымі радочкамі падаюць чорныя бубкі насення рапсу. Тоны насення, якое памяшчаецца ў бункер, хопіць магутнаму “Джон Дзіру” прыкладна на чатыры дні работы (на гектар ідзе 6 кілаграмаў насення).

Гэтак жа спраўна і хутка, як сеюць азімыя, гервятцы завіхаюцца на нарыхтоўцы сенажу. Ружовыя галоўкі канюшыны паслухмяна кладуцца пад вострымі нажамі касілак. Праляжаўшы дзень-два, шматгадовік як мае быць правяліцца. Затым ў работу ўступаюць граблі “Міленіўм”, якія, дарэчы, цалкам апраўдваюць на справе сваю назву: іх дванаццаціметровая шырыня пакідае за сабой роўныя валкі, якія затым падбіраюцца кормаўборачным камбайнам.

Трактарыст – машыніст СВК “Гервяты” Віталь Станіслававіч Сцефановіч на нарыхтоўку сенажу прыйшоў, што называецца, з пылу-з жару – са жніва. На камбайне “Палессе” ён намалаціў 1250 тон зерня, а зараз перасеў на “Ягуар”. Ад пытанняў “тысячнік” адмахваецца – маўляў, няма часу адрывацца ад справы:

– Са світання да цямна працуем. Тут, як і на ўборцы зерневых: чым хутчэй справімся, тым лепш, – гаворыць Віталь Станіслававіч. – Цяжка? Ды не! Да працы не прывыкаць – яна ў радасць. Як папацееш – такую затым і зарплату атрымаеш. Я, напрыклад, усім задаволены. Прыйшоў у калгас у 1998 годзе – і сыходзіць не збіраюся.

Здробленую зялёную массу адвозяць да траншэяў, якія ўжо цалкам падрыхтаваныя, каб прыняць у сваё чэрава новую порцыю сакавітага корму. З-за вялікіх аб’ёмаў корманарыхтоўкі – ужо нарыхтавана 25 тысяч тон – у дадатак непадалёк ад траншэяў “вырастаюць” прыцярушаныя саломай бурты.

Дзяніс Валер’евіч, як сапраўдны гаспадар палёў, кожны дзень сочыць за ходам уборкі і пачаткам азімай сяўбы. І тэлефон галоўнага агранома СВК “Гервяты” не змаўкае: “Хай на Пугавічы падскочыць за рапсам!” – камандуе ён камусьці ў трубку. А літаральна праз хвіліну адсочвае надзённае пытанне з палівам: “А саляркі колькі прывязуць?”. Галоўнае – не ўпусціць момант і своечасова засеяць крыжацветныя, кааб рапс пайшоў у зімоўку ў аптымальнай стадыі развіцця. Хто-хто, а аграрыі добра ведаюць, што адзін дзень год корміць.

Алена ГАНУЛІЧ