Сельскохозяйственная Островетчина с заданием справляется

17:00 / 19.08.2014
“Разлічыся з дзяржавай – і спі спакойна” – гэтае правіла рэгламентуе самыя розныя сферы жыццядзейнасці людзей. І ўжо тым больш сельскую гаспадарку: прасушыў першыя хлебныя тоны, ачысціў іх ад пустазелля і прымесяў – вязі на прыёмны пункт!

Па стану на 14 жніўня план продажу збожжа дзяржаве гаспадаркі Астравеччыны выканалі на 72 працэнты, паставіўшы перапрацоўшчыкам 9255 тон зерня розных культур. У авангардзе раённага параду здатчыкаў – земляробы СВК “Гудагай”, якія даведзенае ім заданне выканалі на 98 працэнтаў.

– У аснове падобнага поспеху – добрая арганізацыя справы, – лічыць галоўны дзяржаўны інспектар па нарыхтоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі райсельгасхарчу Аляксандр Шчука. – Сёлета ў сувязі з небывала высокімі тэмпамі жніва існавала напружанне з аўтатранспартам. На дапамогу земляробам штодня прыходзіць “гарадскі” транспарт: 7-8 аўтамабіляў прысылала раённая сельгастэхніка і 9 – аўтапарк № 4. Але гэтага не хапала.

За дапамогай астраўчане звярнуліся да суседзяў – і тыя не засталася ўбаку: тры грузавікі Ашмянскай сельгастэхнікі “прыпісаліся” да астравецкага жніва на ўвесь яго тэрмін.

– Але і дваццаці аўтамашын на “цэнтравывазе” не заўсёды хапала, – працягвае Аляксандр.– Таму кіраўніцтва СВК “Гудагай” вырашыла ўзмацніць гэтае звяно ўласным транспартам: машыны, якія днём займаліся адвозкай збожжа ад камбайнаў, познім вечарам або нават ноччу падстаўлялі свае кузавы пад “здатачнае” збожжа, каб раніцай з першымі промнямі сонца даставіць яго на хлебапрыёмны пункт і да пачатку абмалоту вярнуцца да камбайнаў. Вось гэтыя “аўтаўкрапленні” і дапамаглі гудагайцам так удала спрацаваць у выкананні дзяржзаказу. Хоць нельга не адзначыць, што пры чэргах, якія ў самы пік ўборкі былі на прыёмных эстакадах (асабліва гэта тычылася прыёмнага пункта на станцыі Ашмяны), заўсёды існавала рызыка спазніцца да пачатку ўборкі.

На другім “здатачным” месцы ў раёне – СВК “Міхалішкі”, які даведзенае заданне выканаў на 74,2 працэнта. На трэцім – СВК “Варняны”. Замыкаюць зводку СВК “Гервяты” (59,6 працэнта) і саўгас “Падольскі” (55,6).

– Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што на плячах СВК “Гервяты” ляжыць асноўны цяжар выканання даведзенага раёну дзяржзаказу, – гаворыць дзяржінспектар па сельгаснарыхтоўцы. – У адпаведнасці з разнарадкай ён павінен здаць 3300 тон збожжа. У той час як, да прыкладу, СВК “Варняны”, які займаецца свінагадоўляй, – толькі 1600 тон. Лічу, што ўсе прадпасылкі выканання плана ў “Гервят” ёсць. У раёна, дарэчы, таксама.

Закрытай тэмай для гаспадарак Астравеччыны можна лічыць рэалізацыю азімага рапсу – усе яны перавыканалі план здачы крыжакветкавага. Настолькі, што перапрацоўшчыкі, склады якіх пры сёлетняй рэкорднай ураджайнасці гэтай культуры перапоўнены, вымушаны былі адмовіцца ад далейшага супрацоўніцтва. І частку рапсу сельгаскааператывы і саўгас раёна “адпісалі” на нафтабазы ў якасці разліку за гаруча-змазачныя матэрыялы.

У графе “выканана” і продаж піваварнага ячменю, да якасці якога ў півавараў сёлета, лічы, не было прэтэнзій. Р а ё н н ы ўзровень яго рэалізацыі – 132 працэнты. І тут наперадзе – СВК “Гудагай”, які выканаў сваё заданне на 244 працэнты, прадаўшы дзяржаве 974 тоны якаснай сыравіны для будучага піва. На 48 працэнтаў перавыканаў план СВК “Міхалішкі”, на 13 – саўгас “Падольскі”. Асаблівая ўвага – рэалізацыі

пшаніцы. Па-першае, яна на хлебным стале – каралева, а па-другое, здаць яе – няпростая справа.


– Па стану на 14 жніўня гаспадаркі раёна план здачы пшаніцы выканалі на 59 працэнтаў, – гаворыць Аляксандр. – Поўнасцю разлічыўся з дзяржавай СВК “Гудагай”. Рэшта гаспадарак, так бы мовіць, у працэсе рэалізацыі. Ёсць праблемы з якасцю: з-за нізкага ўтрымання клейкавіны пшаніцу ў нас прымаюць амаль выключна чацвёртым класам. Толькі саўгас “Падольскі” і СВК “Гервяты” змаглі прадаць частку свайго ўраджаю трэцім класам – малайцы. Таму што розніца ў цане тоны ІІІ і ІV класа пшаніцы складае 400 тысяч рублёў. Перамножце яе на 7 тысяч тон (гэта наш план здачы) – сума атрымліваецца вельмі салідная.



– У рэалізацыі пшаніцы ёсць свае сакрэты, – працягвае інспектар. – Ёй трэба вылежацца, тады ўтрыманне клейкавіны “падрасце”. Але дазволіць сабе паўзу ў здачы збожжа аграномы не могуць – у выкананні дзяржзаказу свае рэгламенты…

Вось-вось пачнецца рэалізацыя лёну. А за ім – цукровых буракоў.


– Лён у нас вырошчвае саўгас “Падольскі”, – расказвае Аляксандр Шчука. – І даўгунец сёлета аказаўся нядрэнным. Хаця канчатковы вердыкт вынесе, як заўсёды, яго лёжка. Не зусім спрыяльная сітуацыя і з цукровымі буракамі: спёка і адсутнасць ападкаў прыпынілі рост караняплодаў, месцамі “цукровікі” нават “падгарэлі”. Цяпер пайшлі дажджы, але “адпівацца” буракам няма калі – з 1-га верасня павінна распачацца іх уборка. І адцягваць яе мы не можам, таму што плошча вырошчвання і план рэалізацыі ў параўнанні з папярэднім годам выраслі амаль удвая. Паспець бы да маразоў…

Ганна ЧАКУР

Будаўнікі дапамагаюць хлебаробам


З першых дзён уборкі на дапамогу хлебаробам СВК “Варняны” прыйшлі вадзіцелі МПМК 158 Аляксандр Карвель і Валерый Памецька. На аўтамабілях МАЗ-555102 яны штодня адвозяць па 85-90 тон збожжа ад камбайнаў. Паспяваюць яны дапамагчы яшчэ і на перавозцы іншых грузаў. Абслугоўванне сваіх аўтамабіляў вадзіцелі праводзяць ужо пасля заканчэння ўборачнага дня.

Аляксандр Карвель і Валерый Памецька добра ведаюць, што ўраджай сёлета вырас багаты і ўбраць яго трэба своечасова і без страт, таму працуюць без прастояў. Да іх работы з боку кіраўніцтва гаспадаркі заўваг няма. Нельга не дадаць, што пры выкананні сваіх непасрэдных абавязкаў – забеспячэнні будоўлі неабходнымі матэрыяламі – нашы хлопцы таксама працуюць выдатна: па іх віне перапынкаў у рабоце будаўнікоў не бывае.

Юрый САЛДАЦЕНКАЎ,

галоўны механік Астравецкай МПМК-158.

У параўнанні з іншымі


Кожны, хто хоць крыху цікавіцца ходам сёлетняй уборкі, не можа не радавацца яе тэмпам: 80 працэнтаў збожжавага і зернебабовага кліну абмалацілі літаральна на адным дыханні. Аднак, як аказалася, НАВАТ ПРЫ ТАКІХ ТЭМПАХ “гадзіннік” астравецкага жніва прыкметна адстае ад абласнога.

Калі быць зусім дакладнымі, наш раён з паказчыкам 89 працэнтаў займае другое месца… з канца, абганяючы толькі суседку – Ашмяншчыну (83 працэнты). У сярэднім жа па вобласці абмалочана 96 працэнтаў збожжавых і зернебабовых культур. Лідзіруюць Навагрудак, Бераставіца і Карэлічы: па 99 працэнтаў у кожным. Яшчэ пяць раёнаў абмалацілі па 98 працэнтаў сваіх збожжавых палеткаў, Смаргонскі раён – 94 працэнты. Затое наш колас на сёлетнім абласным фоне выглядае нядрэнна. Канешне, Бераставіцкі ды Гродзенскі раёны з іх завоблачным балам ворыва Астравеччыне не дагнаць, але сярод роўных па ўрадлівасці глебы наш раён – яўны лідар.

У сярэднім па вобласці ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых складае 49,8 цэнтнера з гектара (у Гродзенскім раёне – 74,0; у Бераставіцкім – 65,1; у Мастоўскім – 59,1). Астравецкі раён з паказчыкам 44,4 займае дзясятае месца, абганяючы Ашмянскі, Смаргонскі, Слонімскі, Свіслацкі, Лідскі, Іўеўскі і Дзятлаўскі раёны. Самая нізкая ўраджайнасць пакуль у Ашмянскім (37,7), Лідскім (38,6) і Дзятлаўскім (39,5) раёнах.

Летась на адпаведную дату сярэднеабласная ўраджайнасць складала 40,5 цэнтнера з гектара. Самага вялікага яе прыросту дабіўся Гродзенскі раён – амаль на 14 цэнтнераў. Астравеччына прыбавіла да мінулагодняга ўзроўню 8,7 цэнтнера.