Предупреждаем ишемическую болезнь сердца

17:00 / 22.05.2014
Штогод у красавіку адзначаецца дзень прафілактыкі захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія па праву лічацца галоўнымі хваробамі ХХІ стагоддзя. Каля паловы насельніцтва краіны памірае ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, сярод якіх найбольш небяспечныя – інсульт і інфаркт міякарда. А папярэднічае ім ішэмічная хвароба сэрца.

Ішэмічная хвароба сэрца – гэта хвароба, звязаная з недастатковым прытокам крыві да сэрца па звужаным і змененым артэрыям. Да асноўных фактараў, якія садзейнічаюць захворванню, адносіцца артэрыяльная гіпертанія – яе таксама называюць “маўклівым забойцам”, бо многія гады хвароба можа працякаць скрыта, паражаючы пры гэтым важныя органы арганізма – сэрца, галаўны мозг, ныркі, сасуды. На ўзнікненне ішэмічнай хваробы сэрца таксама ўплываюць высокі ўзровень халестэрыну, псіхаэмацыянальныя перагрузкі, спадчынныя фактары, шкодныя звычкі, нізкая фізічная актыўнасць.
Пры ішэмічнай хваробе сэр ца прымяняюць комплекснае індывідуальнае лячэнне, якое вызначаецца формай хваробы, фазай яе працякання, асаблівасцямі клінічных прыкмет. Існуюць наступныя метады лячэння і рэабілітацыі хворых: немедыкаментозны, медыкаментозны і хірургічны.
Да немедыкаментознага лячэння адносіцца дыета, лячэбная фізкультура, падабраны рэжым фізічных трэніровак, псіхатэрапія, часам фізіятэрапія, санаторнае лячэнне.
Пры лячэнні медыкаментамі выкарыстоўваюць прэпараты, якія зніжаюць нагрузку на сэрца і артэрыяльны ціск да аптымальнага ўзроўню. Напрыклад, пры прыступе стэнакардыі раяць прыняць таблетку нітрагліцэрына пад язык, разжаваць палову таблеткі аспірыну і абмежаваць фізічную актыўнасць. Калі боль не праходзіць, неабходна тэрмінова звярнуцца да ўрача.
Усё большае распаўсюджванне атрымлівае хірургічнае лячэнне ішэмічнай хваробы сэрца. Найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца аперацыі, якія аднаўляюць нармальны крываток у звужанай каранарнай артэрыі, або аортакаранарнае шунціраванне.
Прафілактыка сардэчных захворванняў павінна перш за ўсё быць накіравана на ўстараненне фактараў рызыкі развіцця гэтай хваробы. Гэта ў першую чаргу ўважлівыя адносіны да свайго здароўя і своечасовае лячэнне – пры ўзнікненні болю ў грудной клетцы абавязкова звярніцеся да ўрача. Неабходна таксама кантраляваць артэрыяльны ціск і ўзровень халестэрыну. Для паляпшэння работы сэрца карысна больш гуляць пяшком, ездзіць на веласіпедзе, плаваць і наогул бываць на свежым паветры. Неабходна адмовіцца ад шкодных звычак – перш за ўсё ад курэння і злоўжывання алкаголю. Даследаванні паказалі, што рызыка сардэчна-сасудзістых захворванняў зніжаецца ў два разы праз год пасля адмаўлення ад курэння.
Здаровы лад жыцця, уважлівыя адносіны да сябе і прафілактыка захворванняў дапамогуць захаваць работу вашага сэрца ў норме. Не забывайце, што яно ў вас толькі адно.


------------------------------------
С. РАДЗЬКО, загадчыца паліклінікі Астравецкай ЦРБ
.