Островецкие педагоги стали победителями областного этапа конкурса "Учитель года"

12:00 / 12.04.2014




З перамогамі вярнуліся ў Астравец удзельніцы абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2014” – настаўніца замежнай мовы гімназіі №1 Алена Чаславаўна Севасцьян і выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Падольскай школы Тамара Іосіфаўна Качкан.

Перш чым трапіць на абласны этап, настаўніцам давялося прайсці не адно выпрабаванне: атрымаць перамогу ў раённым конкурсе, а потым прыняць удзел у некалькіх турах абласнога этапу.
Спачатку трох фіналістаў нашага раёна – а імі, нагадаю, сталі настаўніцы замежнай мовы і пачатковых класаў гімназіі №1 Алена Чаславаўна Севасцьян і Таццяна Валянцінаўна Казак і філолаг Падольскай школы Тамара Іосіфаўна Качкан – чакаў завочны этап, які прадугледжваў стварэнне мультымедыйнай прэзентацыі, конкурс метадычных распрацовак заняткаў і пісьмовае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці “Навучаючы, я выхоўваю”. І толькі пасля яго праходжання астравецкія педагогі трапілі на занальны тур.
На гэтым этапе настаўнікам давялося праводзіць майстар-класы для педагогаў і даваць урокі. Знамянальна, што праходзілі яны ў розных раёнах Гродзенскай вобласці і горада Гродна.
Так, Таццяна Валянцінаўна Казак майстэрства выкладання дэманстравала на базе адной са школ Кастрычніцкага раёна горада Гродна, Алена Чаславаўна Севасцьян урок англійскай мовы давала ў Слоніме, а Тамара Іосіфаўна Качкан – у Ваўкавыску.
Менавіта пасля занальнага тура і вызначыўся 21 фіналіст. У іх лік трапілі і дзве канкурсанткі з нашага раёна – Алена Чаславаўна Севасцьян і Тамара Іосіфаўна Качкан, якія ў пачатку красавіка сустрэліся ў Гродне, каб пазмагацца за права стаць лепшым настаўнікам Гродзенскай вобласці.
Сёлета ўпершыню конкурс праходзіў у сямі прадметных намінацыях. На працягу двух дзён у Гродзенскай гарадской гімназіі педагогі дэманстравалі прафесійны вопыт і настаўніцкі талент.



У першы дзень неабходна было прадставіць сістэму сваёй педагагічнай дзейнасці: Алена Чаславаўна расказала пра выкарыстанне сістэмы прафесійных проб у адукацыйным працэсе, а Тамара Іосіфаўна распавяла пра фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці сродкамі беларускай мовы і літаратуры. Пасля настаўнікаў чакала яшчэ адно выпрабаванне – публічнае выступленне на адну з прапанаваных журы тэм. І з імі ўдзельніцы з нашага раёна таксама справіліся на выдатна. Ужо вечарам першага дня стала вядома, што Тамара Іосіфаўна Качкан і Алена Чаславаўна Севасцьян сталі пераможцамі кожная ў сваёй намінацыі і ў верасні з іншымі пяццю ўдзельнікамі будуць абараняць гонар нашага раёна і вобласці на рэспубліканскім конкурсе.
На наступны дзень настаўнікаў чакаў суперфінал – правядзенне міні-урока па сваім прадмеце па тэме “Словам можна сагрэць і выратаваць”, падчас якога і вызначыўся адзін пераможца абласнога конкурсу “Настаўнік года Гродзеншчыны” – ім стала настаўніца фізікі з Ашмян.


----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.