Следить за порядком на улицах Островца правоохранительным органам помогают добровольные дружины

16:00 / 08.12.2013
1
Добраахвотныя ахоўнікі вуліц ў выхадныя дні выходзяць разам з супрацоўнікамі патрульна-паставой службы на вуліцы Астраўца. Пры гэтым самі працуюць не ў праваахоўных органах. Яны – звычайныя работнікі розных службаў. І ў той жа час – добраахвотныя дружыннікі па забеспячэнню аховы правапарадку.

У Астраўцы створаны і дзейнічаюць такія добраахвотныя дружыны. Гэта дружыны ДРБУ-159, РЭС, ДЛГУ “Астравецкі лясгас” і ВУ “Астравецрайгаз”. Разам з патрулём дружыннікі вечарам у пятніцу, суботу і нядзелю сочаць за спакоем і правапарадкам на вуліцах горада, дапамагаюць затрымліваць хуліганаў і іншых парушальнікаў.
Такое сумеснае патруляванне станоўча ўплывае на статыстыку правапарушэнняў у раёне. Толькі ў гэтым годзе разам з супрацоўнікамі патрульна-паставой службы дружыннікі затрымалі 36 парушальнікаў парадку. Па словах супрацоўнікаў аддзела прафілактыкі і правапарадку раённага аддзела ўнутраных спраў, асабліва добрасумленна і якасна да выканання сваіх абавязкаў адносяцца дружыннікі лясгасу і Астравецрайгазу. Дарэчы, кіраўніцтва РАУС стараецца заахвоціць сваіх добраахвотных памочнікаў і накіроўвае ў іх арганізацыі лісты з хадайніцтвам аб узнагароджванні сваіх добраахвотных памочнікаў. Акрамя гэтага, актывістам-дружыннікам прадастаўляюцца заманлівыя бонусы: дадатковыя дні водпуску, адгулы па неабходнасці, грашовыя прэміі.
Заахвочваюць і падтрымліваюць добраахвотных памочнікаў не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Напрыклад, у гэтым годзе на абласным семінары добраахвотных дружын камандзір дружыны ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Іван Іванавіч Чапукойць быў узнагароджаны ганаровай граматай “За добрасумленныя і адказныя адносіны да навядзення правапарадку”, а таксама грашовай прэміяй.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.



У тэму:

– Наша дружына была створана ў 2010 годзе, – расказвае камандзір дружыны лясгаса Іван Іванавіч Чапукойць. – Зараз яна складаецца з дзесяці чалавек. Дзяжурым разам з патрулём па аднаму чалавеку. Каго прыходзілася затрымліваць? Часцей за ўсё гэта нецвярозыя людзі, якія “хапанулі” лішку і не вельмі кантралююць свае дзеянні. Навошта мне гэта патрэбна? (Задумваецца) Мы хочам, каб у нашым горадзе было ціха і спакойна. Дык чаму не паўдзельнічаць у гэтым?