Золотой фонд сельского хозяйства: победители соревнования на весеннем севе получили награды

18:01 / 09.04.2025

Традыцыйна ў нашым раёне падчас асноўных аграрных кампаній ладзяцца спаборніцтвы сярод механізатараў у розных намінацыях у залежнасці ад віду работ. Ва ўшанаванні лепшых працаўнікоў паўдзельнічаў і старшыня Астравецкага райвыканкама Сяргей Мядзвецкас.

Пераможцаў у працоўных спаборніцтве пры правядзенні вясенне-палявых работ вызначаюць у наступных катэгорыях: ворыва, культывацыя, сяўба збожжавых, падсеў траў, пагрузка арганікі, яе ўнясенне, унясенне мінеральных угнаенняў.

Да слова, штогадовы ініцыятар конкурсу, райкам прафсаюза работнікаў АПК, для гэтага цяпер выкарыстоўвае выкананую за дзень норму. Формула падліку дастаткова простая: агульныя гектары ці танаж падзяляюцца на ўсю колькасць дзён, якую адпрацаваў работнік. Праўда, да заліку дапускаліся механізатары, якія правялі ў полі больш за 5 змен.

Фінішная прамая сяўбы і вызначыла лепшых на пасяўной кампаніі, у лік якіх увайшлі трактарысты-машыністы з 4-х гаспадарак. Узнагароджванне расцягнулася на 2 дні.

Першым пераможцаў павіншаваў старшыня райвыканкама Сяргей Мядзвецкас. Кіраўнік раёна падзякаваў механізатарам за выдатны вынік і пацікавіўся ўмовамі работы і тым, як сябе ў гэтым сезоне паказала тэхніка.

Ва ўзнагароджванні паўдзельнічалі і першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула.

Сапраўдным прарывам гэтага сезона стала перамога Юрыя Мажэйкі з КСУП “Варняны”. Ад душы парадавалася за земляка, таму што многія гады сейбіты гаспадаркі не траплялі ў турнірную табліцу.


Сёлета для механізатара, як кажуць, сышліся ўсе карты: вопыту ў хлебаробчай справе Юрыю Мечыслававічу не займаць. А яшчэ мужчыну даверылі новыя трактар МТЗ-3522 і пасяўны комплекс, бункер якога ўпрыгожвае лунаючы над полем бусел, беларускі сцяг і лагатып гаспадаркі. І гэта перамога яшчэ адно пацвярджэнне, што наша айчынная тэхніка не саступае замежным аналагам.




На пытанне, як атрымалася перамагчы, механізатар усміхнуўся:

– У нас усё, як кажуць, па фэн-шуі. Мадэль трактара 3522, нумар таксама – 3522, – жартаўліва сказаў Юрый Мажэйка. – Калі сур’ёзна, то на гэта паўплывала некалькі фактараў: новы агрэгат, які паралельна з прыгортваннем у глебу насення ўносіць мінеральныя ўгнаенні, яго 9-метровы захоп і доўгія загонкі, калі на круг атрымлівалася каля 3 кіламетраў.

Да слова, раннімі збожжавымі ў КСУП “Варняны” хлебароб засеяў звыш 500 гектараў.

З 7-мі прызавых месцаў 4 занялі механізатары “КСУП” Гудагай”. На ворыве роўных не было Пятру Сяргею – прозвішча гэтага хлебароба добра вядомае на Астравеччыне, таму што ў мінулыя сезоны ён неаднойчы станавіўся лепшым на сяўбе.


– Для мяне няма розніцы, якія работы выконваць, – падзяліўся пераможца. – Цяпер, напрыклад, рыхтую глебу пад цукровыя буракі і кукурузу. Пад раннія збожжавыя заараў пад 700 гектараў.

Улічваючы бясснежную зіму, вільгаць у глебе сёлета без перабольшвання на вагу золата. Лепшы вынік на культывацыі паказаў Генрых Млынскі, які за 9 дзён апрацаваў звыш тысячы гектараў. Дарэчы, некалькі гадоў назад у аналагічным працоўным спаборніцтве мужчыну прызналі лепшым на пагрузцы арганікі. А сёлета ў гэтым відзе работ перамогу святкаваў яго калега Ігар Алёкса.


– У КСУП “Гудагай” працую з 2019 года, і гэта першае маё значнае дасягненне, – расказаў механізатар. – “Амкадорам” пагрузіў звыш 15-ці тысяч тон арганікі, а калі пачнецца касавіца, буду заняты на трамбоўцы зялёнай масы.

Лідарам раёна па ўнясенні арганікі прызнаны Анджэй Ясевіч з КСУП “Гервяты”. Прозвішча гэтага механізатара неаднойчы значылася сярод лепшых трактарыстаў-машыністаў, а таксама пераможцаў раённага конкурсу “Лепшы араты”, які праводзіўся ў мінулыя гады.



Механізатара заспелі на адным з палёў. Яго ён заворваў на трактары ў счэпцы з новым 12-корпусным плугам вытворчасці Мінойтаўскага заводу. На Астравеччыне падобны прычапны агрэгат ёсць толькі ў КСУП “Гервяты”.


Яшчэ адзін механізатар гэтай гаспадаркі Дзмітрый Янковіч святкаваў перамогу ў намінацыі “Падсеў траў”. У мінулыя сезоны хлебароб таксама быў лепшым у гэтай катэгорыі.

– Са СПУшкі, як і кожную вясну, перасяду на бульбасаджалку. Сёлета ў нашай гаспадарцы пад другі хлеб адвядзём 35 гектараў, – падзяліўся механізатар. – Не паспеем азірнуцца, як падаспее жніво, а там і бульбакапанне. Апошнім на спецыяльным агрэгаце ў нашым КСУПе таксама займаюся я.


 Унікальны механізатар – інакш і не скажаш пра Іосіфа Жэгарыса з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”. Яго стаж работы ў сельскай гаспадарцы пад 40 гадоў, з якіх 20 сезонаў хлебароб убіраў “саўгасныя” нівы на “Лідзе-1300”. Хлебаробачая машына ў Жэгарыса заўсёды была дагледжанай, дарэчы, як і трактар, які ён атрымаў у 2000 годзе.


Пяць гадоў назад па выніках жніва мужчына прызнаны лідарам раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых сярод камбайнераў, якія працуюць на тэхніцы, якой больш за 10 гадоў, і пераможцам абласнога спаборніцтва. Іосіф Станіслававіч неаднойчы быў лепшым на ўнясенні мінеральных угнаенняў. Першае месца ў гэтай катэгорыі – дадатковае пацвярджэнне яго механізатарскага майстэрства. Мужчына апрацаваў звыш 3-х тысяч гектараў.

Парадавала, што прафсаюзная пярвічная арганізацыя саўгаса не засталася ў баку ад гэтага мерапрыемства. Дырэктар Дзяніс Кірпа ўручыў каштоўны падарунак Іосіфу Жэгарысу і Альберту Капусту, які падвозіў да “Расы” “мінералку”.




Сёлета ўпершыню вызначылі лепшага адказнага за хуткасць і дакладнасць у прадстаўленні актуальных звестак пра ход яравой сяўбы ў намінацыі “Інфармацыйная аператыўнасць”. Ім стала спецыяліст па ідэалагічнай рабоце РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Вікторыя Хвясечка.


Кампетэнтна

Пра ход сяўбы

Сяргей Мядзвецкас:

– Сяўба збожжавых яравых культур на Астравеччыне завяршылася. Радуе, што гэты від работ выканананы ў аптымальны тэрмін. Нізкія тэмпературы тыдня ўнеслі невялікія карэктывы ў плануемы фронт палявых работ: перагледзелі аб’ёмы і тэрміны прыгортвання насення кукурузы ў глебу. У раёне сеюць цуровыя буракі, актыўна рыхтуюцца ўчасткі, уносяцца арганічныя ўгнаенні, працягваецца назапашванне мінеральных. Ажыццяўленне ўсяго комплексу агратэхнічных палявых работ адбываецца з улікам тэмператур.

Насенная інспекцыя сумесна з агранамічнай службай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання праводзяць пастаянны маніторынг азімага рапсу, яравога ячменю. На дадзены момант сур’ёзных пагроз для іх не назіраецца – сітуацыя трымаецца на кантролі.

Паралельна з гэтым у гаспадарках раёна працягваецца падрыхтоўка тэхнікі да корманарыхтоўкі, таму што з пацяпленнем наступіць гэта кампанія.

Пра механізатараў

Іван Карніла:

– Удзячны ўсім за старанную работу. Лічу, што на месцах у гаспадарках спрацавалі зладжана. Раннія яравыя збожжавыя пасеялі ў тэрміны, хоць для нашага паўночнага раёна гэта дазваляецца рабіць да 25 красавіка – а мы ўжо адсеяліся! Жадаю ўсім не скідаць набраных абаротаў.

Пра конкурс

Юрый Адула:

– Выкананая за дзень норма  больш аб’ектыўны паказчык ацэнкі работы хлебаробаў. Па-першае, час работы ў полі механізатараў вар’іраваўся, некаторыя знаходзіліся на рамонце; па-другое, тэрміны яравой сяўбы, хоць і неістотна, але крыху адрозніваліся ў межах гаспадарак. Парадавала, што прызавы п’едэстал занялі прадстаўнікі амаль усіх гаспадарак. Зазначу, што спаборніцтва не скончылася, пазней вызначым і ўзнагародзім лепшых на сяўбе цукровых буракоў і кукурузы. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич