Успомніць, калі і з якой нагоды друкавала “раёнка” іх фотаздымкі, мы прапанавалі чытачам газеты.

13:00 / 08.05.2024

Успомніць, калі і з якой нагоды друкавала «раёнка» іх фотаздымкі, мы прапанавалі чытачам газеты.

І знайшлі пацвярджэнне таму факту, што тыя, хто трапіў на старонкі газеты, захоўваюць гэтыя нумары з матэрыяламі і здымкамі пра сябе, родных, а некаторыя – нават знаёмых. Праглядваючы дасланыя фота, адзначыла, якія яны розныя. Як і нагоды, па якіх былі зроблены.

Так, Аксана Нехарошых захавала здымак «Астравецкай праўды» за 2009 год: карэспандэнту пашанцавала пасядзець у крэсле аператара аўтазаправачнай станцыі, распытаць пра работу і сфатаграфаваць ра­зам трох  каралеў АЗС-40: А. Падляшчук, Г. Пілецую, В. Шавель. 

І яшчэ адным здымкам падзя­лілася Аксана: на заднім плане бабуля і дзядуля Зоя і Віктар Боберы з унукам Эльдарам – у Астраўцы праходзіла сямейнае свята «Мы ра­зам – і ўсё цудоўна!». Цудоўны здымак астравецкіх сямей, датаваны маем 2017 года! Сёння Эльдар ужо не той малыш, які, седзячы на трохкалёсным веласіпедзе, з цікавасцю пазірае на тое, што адбываецца вакол, а дарослы хлопчык. 


Ад Генрыха Лукашэвіча ў рэдакцыю таксама паступіла не­калькі здымкаў. Датаваныя рознымі гадамі, яны расказваюць цэлую гісторыю чалавека працы, перадавіка, актывіста, які з зайздроснай перыядычнасцю  трапляў у раённую газету. Так, у 1983-м ён, трактарыст сельгастэхнікі, з калегамі на першай старонцы. У 1897 годзе механізатар Генрых Генрыхавіч расказвае пра сваю работу на новенькім трактары – зноў жа на першай паласе. Потым трапіў у рубрыку «Людзі і іх справы» – у 1989-м. Пра аднаго з лепшых механізатараў калгаса імя Чапаева Генрыха Лукашэвіча расказвае «раёнка» за 1997 год, ён жа – на панарамным здымку ў 1998-м…








Аляксандра Працута расказала гісторыю, як у лістападзе 2022 года трапіў у газету яе сын Данік. І паведаміў маці аб гэтым сам разважлівы хлопчык. «Мама, мама! Мы, калі са школы ішлі і кідаліся сняжкамі, бачылі цётку з фотаапаратам. Яна, здаец­ца, нас сфатагра­фавала… Уяўляеш, мы ў нашай газеце будзем!»


…Люблю пераглядаць падшыўкі нашай газеты розных гадоў – там столькі цікавых людзей і падзей, якіх ўспамінаеш з задавальненнем. З такім жа задавальненнем праглядзела фота тых, хто адгукнуўся на прапанову іх даслаць. Думаю, вы таксама. Вось яна, вялікая сіла друку! Так што дзякуй, дарагія чытачы, і са святам вас!


Текст: Ольга Хотянович