42 гады працавала паштальёнам Тарэса Вайцюль

18:00 / 05.05.2024


Напярэдадні Дня друку ў рэдакцыю звярнулася грамадзянка Фінляндыі, ураджэнка Рымдзюн Ганна Грыгарынене:

– Вельмі хацелася б павін­ша­ваць з Днём друку сваю маму Тарэсу Вайцюль. Лічу, што гэта і яе свята, бо мамачка 42 гады працавала паштальёнам.

...Сярэдзіна 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Тарэса закончыла 7 класаў – амаль што дарослая! Можна і на свой хлеб ісці. Але на які? Бацьку Івану Тамашавічу хацелася, каб жыццё ў дачкі было крыху лягчэйшым, чым у большасці калгаснікаў. І ён папрасіў старшыню калгаса «Рассвет» Захара Тарасевіча, каб дзяўчыну ўзялі на работу паштальёнам – у той час пошта знаходзілася ў калгасным падпарадкаванні. Кіраўнік, які вельмі цаніў вясковага каваля за яго залатыя рукі, не мог яму адмовіць. Так пачалася працоўная біяграфія дзяўчынкі-падлетка.

На першым часе бацька, шкадуючы дачку, дапамагаў ёй разносіць пошту: запрагаў каня і падвозіў у аддаленыя вёскі і на хутары. Бо сілы ў дзеўчаняці былі яшчэ дзіцячыя, а сумка цяжкая: газеты і часопісы ішлі ў кожны дом, і не па аднаму выданню, як цяпер. І даставіць свежую прэсу адрасатам трэба было ў любое надвор’е: у снег і дождж, у мароз і галалёдзіцу.

А потым Тарэсе Эдуардаўне сталі дапамагаць муж і свае дзеці. Ганна ўспамінае, што яна і дзве яе сястры таксама неаднойчы разносілі пошту па навакольных вёсках. Ды і дома хапала работы: трэба было дагледзець немалую гаспадарку: двух кароў, незлічоную колькасць свіней, авечак, трусоў…

– Я і цяпер памятаю водар свежай, толькі што аддрукаванай газеты, – з настальгіяй гаворыць Ганна.

Лягчэй стала, калі паштальёнам выдзелілі асабісты транспарт – веласіпеды. А яшчэ новыя ўмяшчальныя сумкі, у якіх пах друкарскай фарбы часта перабіваў водар яблыкаў і груш, якімі шчодра частавалі паштальёна ўдзячныя кліенты.


Ганна Грыгарынене расказвае, што галоўнае месца ў матчынай паштальёнскай сумцы заўсёды займала «Астравецкая праўда». Ды і не толькі ў сумцы, але і ў іх доме. 

– Жылі небагата, але «раёнку» выпісвалі заўсёды. Колькі сябе памятаю, яна заўсёды ляжала на стале. «А як жа без сваёй газеты?» – часта паўтарае мама. І сёння, хоць я ўжо 20 гадоў жыву ў Фінляндыі, галоўная сувязь з родным краем – «Астравецкая праўда». Штодня заходжу ў інтэрнэт, каб паглядзець свежыя навіны. А калі прыязджаю дахаты, мяне заўсёды чакае стос раённых газет: мама ведае, што мне трэба перачытаць усё, што надрукавана ў раённай газеце за гэты час. Тады здаецца, што і не ад’язджала нікуды, не развітвалася са сваімі Рымдзюнамі, – гаворыць Ганна Грыгарынене.



Текст: Нина Рыбик