На сельскім сходзе ў Варнянах абмеркавалі пытанні бяспекі жыццядзейнасці

11:00 / 30.04.2024


Падобныя сустрэчы, якія пастаянна ладзяцца ў розных аграгарадках Астравеччыны, даюць магчымасць не толькі нагадаць вяскоўцам пра асноўныя надзённыя тэмы, але і ўзняць розныя пытанні. Сельскі сход у Варнянах прысвяцілі папярэджанню надзвычайных сітуацый.

– Прыемна, што ў зале прысутнічаюць старшакласнікі, якія знаходзяцца ў кроку ад дарослага і самастойнага жыцця. Думаю, многія ўзнятыя тэмы бяспекі зацікавяць іх, – адкрываючы пасяджэнне, сказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко. – Калі чалавек гіне, асабліва ў працаздольным узросце, а тым больш па неасцярожнасці, – гэта страшна. Толькі разам мы можам прадухіліць такія выпадкі. Кожны павінен паклапаціцца не толькі пра сябе і блізкіх, але і не забываць пра родзічаў ці знаёмых, асабліва пажылога ўзросту. Бо разам з людзьмі старэюць іх дамы, печкі, дымаходы, праводка.


Генадзь Бычко нагадаў, што ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і замацавана, што дарослыя дзеці павінны клапаціцца пра сваіх састарэлых  бацькоў. 

Начальнік Астравецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Віталь Рыбак пачаў сваё выступленне са статыстыкі. У Беларусі з пачатку года адбылося 1 816 пажараў, на якіх загінула 211 чалавек (летась – 172), у тым ліку 5 дзяцей (у 2013-м – 1). А таксама прывёў прыклады з жыцця. Найбольш страшная вогненная трагедыя адбылася ў адной з вёсак Брэсцкай вобласці, на якой загінула чацвёра дзетак. Над устанаўленнем прычыны пажару працуе следства.

Віталь Рыбак акцэнтаваў увагу, што ў межах акцыі “За бяспеку разам”  асаблівая ўвага надавалася наведванню жылля пэўных груп грамадзян: адзінокіх і адзінока пражываючых, сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльнанебяспечным становішчы. Таксама начальнік РАНС нагадаў, што забаронена выпальванне сухой расліннасці, а таксама параіў звярнуць увагу на стан аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў – часта аглядавая камісія выяўляе іх непрацуючымі.


Таксама выступаючы папрасіў не забываць пра правілы паводзін на вадзе і ні ў якім выпадку не пакідаць дзяцей без нагляду.

Тэму пажарнай бяспекі, але на тэрыторыі Варнянскага сельскага Савета, працягнуў яго старшыня Аляксандр Вярбовіч:

– За 4 месяцы  на нашай тэрыторыі адбыўся адзін пажар. Хоць аглядавыя камісіі працуюць сістэмна, тым не менш тэма бяспекі не траціць сваёй актуальнасці, як і навядзенне парадку на зямлі. У гэтым накірунку вядзецца вялікі фронт работы. Знесены і закапаны непрыдатныя для жыцця дамы ў Варнянах па вуліцы Савецкай, Сыманэлях, Петраполі. Потым гэтыя ўчасткі выстаўляем на продаж.

Даведка

У Варнянскім сельскім Савеце 71 населены пункт, дзе пражывае звыш 3 тысяч чалавек, з якіх 86 – адзінокія. Больш за 300 дамоў прызнаны пустуючымі, у тым ліку 116 можна купіць за 1 базавую велічыню.

Начальнік Астравецкага раёна газазабеспячэння Юрый Шоць сказаў, што забаронена захоўваць балоны ў непадключаным стане, а таксама пра актыўную работу па перазаключэнні дагавароў на пастаўку звадкаванага газу.

– Усім нашым абанентам раю як мага хутчэй гэта зрабіць. Абласное ўнітарнае прадпрыемства “Гроднааблгаз” адзінае ў краіне для гэтага закупіла звыш 14 тысяч газавых балонаў, – расказаў начальнік Астравецкага РГЗ.

Намеснік дырэктара Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Свірская расказала пра дзейнасць іх установы і дапамогу розным катэгорыям грамадзян, а спецыялісты аддзялення пярвічнага аналізу, прыёму, інфармавання і прагназавання Ірына Мілешка і Наталля Ган – пра нюансы атрымання адраснай сацыяльнай дапамогі і мацярынскага капіталу.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич