Зямля хадзіла ходам – пра расстрэл кямелішкаўскіх яўрэяў узгадвае Ванда Гасцевіч

12:00 / 28.04.2024


Дзяцінства. Гэтая пара жыцця звычайна дорыць адчуванне радасці і застаец­ца ў памяці чалавека на­заў­жды. Аднак ёсць людзі, якія не хочуць прыгадваць свае дзіцячыя гады. Бо яны не гулялі ў хованкі, а ўцякалі ад бамбёжак і абстрэлаў у схо­вішчы. 

Не хадзілі ў школу – іх першым настаўнікам была вайна…

Вандзе Казіміраўне Гасцевіч, жыхарцы вёскі Чэхі, было дзевяць гадоў, калі пачалася вайна. Дзяўчынка тады не ўспрымала поўнасцю значэння гэтага слова, аднак, гледзячы на дарослых, разу­мела, што пачалося штосьці страшнае. 


Вяскоўка з болем і тугой прыгадвае асобныя моманты. Як на ўскрайку вёскі Кемелішкі было яўрэйскае гета – цяпер там усталяваны помнік ахвярам генацыду. Як дарослыя расказвалі, што людзей там марылі голадам, здзекваліся з іх. Як гітлераўцы  сагналі яўрэяў да рова, расстралялі і засыпалі пяском – Ванда Казіміраўна прыпамінае, што яшчэ некаторы час зямля там «хадзіла ходам», бо многія яшчэ заставаліся жывымі, спрабавалі ратавацца. Гэтая карціна і цяпер стаіць перад вачыма жанчыны  і прымушае яе сэрца скаланацца. 


Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, Астравецкая раённая бібліятэка.

(Паводле ўспамінаў Ванды Казіміраўны Гасцевіч.)