Што любіць чытаць у «раёнцы» Людміла Лаздоўская

12:00 / 24.04.2024


Адна з адданых чытачоў «АП» – Людміла Лаздоўская, якая працуе педагогам-арга­нізатарам у Міхалішкаўскай сярэдняй школе.

– З дзяцінства памятаю, што раённая газета заўсёды была ў нашай хаце. Цяпер і я пастаянна выпісваю яе. Можна лічыць,  «Астравецкая праўда» – гэта спадарожнік нашай сям’і.

У розныя часы  аддавала перавагу публікацыям розных тэм – як у любога чалавека з узростам мяняюцца інтарэсы, так адбываецца і з чытацкімі запытамі. Але аднолькава заўсёды захапляюць матэрыялы пра землякоў, іх сем’і і традыцыі. Асабліва цікава і прыемна чытаць, калі ты ведаеш чалавека ці нешта чуў пра яго. У такіх выпадках адчуваеш гонар, што побач з табой жывуць рознабакова адораныя, працавітыя, цудоўныя і неверагодныя людзі. Заўсёды радуюся перамогам, поспехам і дасягненням жыхароў Астравеччыны, пра якія піша «раёнка». 

Ды і сама неаднойчы трапляла ў газету. (Усміхаецца.) Я расказвала пра дзядулю – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Таксама былі ў «Астравецкай» дзеці: сын пасля ўдзелу ў конкурсе піянерскай арганізацыі, дачка першакласніцай давала інтэрв’ю пра тэлефон. Тыя газеты захоўваем у сямейным архіве.

У цэлым, лічу, газета адлюстроўвае тое, што адбываецца ў раёне, вобласці, краіне. Да таго ж шмат матэрыялаў можна пачытаць на сайце «АП» ці паглядзець фота і відэа ў групах «раёнкі» ў сацыяльных сетках – гэта спадручна і па-сучаснаму. 

Цяжка, напэўна, адпавядаць запытам кожнага чытача, бо аднаму падабаецца тое, іншаму – гэтае. Але, на мой погляд, знайсці штосьці цікавае менавіта для сябе можна. 

Я хацела б часцей бачыць творчую старонку, дзе расказваюць пра захапленні жыхароў раёна. Так пра іх даведваюцца не проста чытачы, а такія ж творчыя землякі – а агульныя інтарэсы аб’ядноўваюць. Хтосьці, магчыма, паспрабуе новае захапленне, пра якое прачытае ў газеце. 

Што я параіла б зрабіць у «раёнцы»? Ёсць у мяне адна ідэя, але пакуль не скажу. (Смяецца.) Прапаную, калі канчаткова прадумаю.

__________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________   

Фота з архіва гераіні.


Текст: Светлана Фёдорова