Военно-учётные специальности пригодятся и на гражданке

14:00 / 23.04.2024


Памыляюцца тыя маладыялюдзі, якія думаюць, што падчас тэрміновай службы ў арміі акрамя як хадзіць страявой, заступаць на баявыя дзяжурствы, аддаваць вайсковае прывітанне і выконваць загады камандзіраў больш нічаму не навучаць.

Мабыць, яшчэ пару гадоў таму думала прыкладна тое ж, але цяпер ні разу не пагаджуся з падобным меркаваннем.  Узяць хаця б… ваенна-ўліковую спецыяльнасць, якая можа пракласці шлях у грамадзянскую прафесію. І нават калі юнак не абярэ спосабам заробку атрыманыя падчас службы веды і практычны вопыт, то ў паўсядзённым жыцці яны дакладна спатрэбяцца. Так лічаць і вайскоўцы Астравеччыны.

Пра сябе і ваенную спецыяльнасць расказалі карэспандэнту “АП” ваеннаслужачыя пагранічнай заставы “Астравецкая” і вайсковай часці 97106.

АПЕРАТАР КАЦЕЛЬНЫХ УСТАНОВАК

Даніла Якшын:


– Напрыканцы курса маладога байца, які праходзіў у Смаргонскай пагрангрупе, пачаўся адбор для далейшага навучання па спецыяльнасцях – пры гэтым улічвалі нашы пажаданні.

Да прызыву адвучыўся на трактарыста-машыніста, вадзіцеля катэгорыі “С” і пагрузчыка. У органах пагранічнай службы выбраў спецыяльнасць аператара кацельных установак, па-першае, было цікава, па-другое, сказалі, што пасля мы адпаведнае пасведчанне  аб атрыманні гэтай прафесіі – чаму б не скарыстаць такі шанец падчас тэрміновай службы. Уменні за плячыма не насіць. (Усміхаецца.) Так трапіў на паўтара месяцы ў вучэбны пункт у Дзяржынск. Абавязкі аператара, абсталяванне кацельных, тыпы катлоў, прынцып іх работы і абслуговаўвання – вучылі на такіх мадэлях, з якімі потым давядзецца працаваць. Таму прыехаў на заставу цалкам падрыхтаваны для работы. На кацельнай працую пазменна, але гэта не азначае, што мая служба ўвесь час праходзіць толькі там: і фізпадрыхтоўка, і выхады на граніцу – усё гэта таксама прысутнічае.

Цяпер пасля звальнення ў запас магу ўладкавацца на сезонную падпрацоўку аператарам кацельных установак – спецыяльнасць ужо маю.

ПОВАР

Ілля Хамянок:


– Па адукацыі я фельчар-акушэр, а тут яшчэ адну прафесію атрымаў. Пасля “вучэбкі”, у якой адбыў 45 дзён, размеркавалі на пагранзаставу “Астравецкая”. Праслужыў тут 2 месяцы, а потым адправілі на Дзяржынск, у вучэбны пункт, вучыцца на повара. Вярнуўся праз тры з паловай месяцы зараджаны на новую прафесію. (Усміхаецца.) Да слова, “практыку” праходзіў у Смаргонскай пагрангрупе пад кіраўніцтваў старшых таварышаў-повараў.

Увогуле гатаваць аказалася справай няцяжкай. Да таго ж галаву ламаць, што рабіць ды з чаго, не трэба – прадукты ёсць, меню распрацавана, нормы пралічаны… Застаецца толькі варыць-парыць-смажыць – і смачна. Гатуем розныя стравы, нават пірагі пячом. Здаецца, у мяне нядрэнна атрымліваецца. А вось самае складанае працаваць з рыбай: пакуль з філе дастанеш усе косткі, адпрацуеш дробную маторыку рук. (Усміхаецца.)

Дарэчы, як і Даніла, адпаведныя дакументы аб навучанні маю, ды і напрактыкаваўся па гэтай прафесіі добра.  А ўжо  што тычыцца сняданка ці вячэры, на кухні бацькам дакладна буду дапамагаць гаспадарыць. Да службы ў арміі для сябе рэдка гатаваў,  а цяпер дома будзе прафесіянал гэтай справы! (Смяецца.)

ВАДЗІЦЕЛЬ-ВУЛКАНІЗАТАРШЧЫК

Уладзіслаў Паўлючэнка:


– Калі ішоў у армію, пра нейкі канкрэтны род войскаў ці роту, дзе хацелася б служыць, не загадваў. Як кажуць, куды Радзіма накіруе, туды і пайду. (Усміхаецца.) Паколькі меў вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В”, дапускаў, што ў войску хутчэй за ўсё буду сядзець за рулём аўтамашыны. Амаль так і адбылося, з улікам таго, што прафесійныя навыкі я пашырыў.

Пасля заканчэння пачатковай ваеннай падрыхтоўкі часць накіравала мяне на перападрыхтоўку з катэгорыі “В” на “С”. Адвучыўся цягам двух месяцаў у Ашмянскім ДТСААФ і, атрымаўшы новае вадзіцельскае пасведчанне, прыступіў да службовых абавязкаў. Перападрыхтоўка каштуе дзесьці  900 рублёў, для мяне як вайскоўца гэта было бясплатна –Міністэрства абароны разлічылася. На заняткі ў Ашмяны нас вазілі з часці.

Акрамя прафесійнай катэгорыі на месцы атрымаў яшчэ адну спецыяльнасць: вулканізатаршчыка, гаворачы простымі словамі, займаюся шынамантажом.

Служыць яшчэ дастаткова доўга – у арміі ўсяго паўгода, таму часу аттачыць навыкі хапае. Работа з тэхнікай падабаецца, на грамадзянцы можна будзе і на аўтасэрвіс уладкавацца, да таго ж па адукацыі я слесар па рамонце аўтамабіляў.

РАДЫЁТЭЛЕГРАФІСТ

Данііл Васільеў:


– Да прызыву на службу нават і не думаў, што магу трапіць у сувязь. Хацеў пайсці ў аўтабат, што ў прынцыпе было рэальным: вадзіцельскае пасведчанне ёсць, стаж – таксама. А выйшла што ў аўтамабілісты не ўзялі. (Усміхаецца.)

Пасля прызыву накіравалі ў Барысаў у школу падрыхтоўкі спецыялістаў сувязі. Спасцігаў навуку каля паўгода, вучыўся працаваць з канкрэтнай машынай – радыёстанцыяй Р-161А-2М і прыёму і перадачы азбукі Морзэ. Да слова, мары здзяйсняюцца: азбуку Морзэ марыў вывучыць яшчэ да арміі, і вось я яе не проста ведаю, а працую з ёй. (Усміхаецца.)

Пасля вучэбкі размеркавалі ў вайсковую часць 97106. Сюды прыбыў ужо паўнавартасным спецыялістам. Служу на камандным пункце – нясу баявыя дзяжурствы, звязаныя з прыёмам і перадачай радыёданых.

Калі праецыраваць атрыманыя спецыяльныя веды на грамадзянскае жыццё, то як варыянт работа ў Белтэлекам. Чуў, што былых вайскоўцаў-сувязістаў гэта арганізацыя запрашае на субяседаванне. Калі пра бытавыя моманты гаварыць, таксама ёсць “плюс”: наладку тэхнікі зробім лёгка.

Дарэчы, дзякуючы арміі, прафесію я мяняю: пераважуся на кантракт  – за год, што служу, зразумеў: мне тут падабаецца! (Усміхаецца.)

КАМПЕТЭНТНА

Аляксандр Страковіч, намеснік камандзіра вайсковай часці 97106:


– Не ўсіх навабранцаў накіроўваюць на вучобу па ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. Як правіла, часць падае заяўку ў ваенны камісарыят аб патрэбе ў спецыялістах па вакантных накірунках. Зыходзячы з гэтага салдат размяркоўваюць на навучанне. Што тычыцца нашай часці, то гэта будуць альбо 72-гі гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтр, альбо, па прыбыцці ў часць байцоў накіроўваем для перападрыхтоўкі на вадзіцельскія катэгорыі “С”, “D” ці “Е” у ДТСААФ. Ёсць і такія спецыяльнасці, якім вучым на месцы.

Увогуле служба навучыць юнакоў працаваць у калектыве, камунікацыі з кіраўнікамі і падначаленымі, уменню кантраляваць сябе, трымаць дысцыпліну. Да таго ж у арміі юнакі атрымліваюць спецыяльнасці, якія спатрэбяцца не толькі на вайсковай службе, а і ў звычайным жыцці – калі  не ў прафесійным плане, то ў бытавым дакладна. Ці ж зашкодзіць, напрыклад, уменне  разбарціраваць кола або заклеіць пракол? Таму памыляюцца юнакі, якія думаюць, што служба – гэта толькі страявая і выкананне загадаў.

Рыгор Дземідовіч, начальнік групы прызыву Астравецкага райваенкамата:


– Да прызыву на тэрміновую службу ваенны камісарыят таксама прапаноўвае юнакам атрымаць пэўную спецыяльнасць, прычым, як і для вайскоўцаў-тэрміноўшчыкаў, гэта будзе бясплатна.

На навучанне па ваенна-тэхнічных спецыяльнасцях  накіроўваюць грамадзян мужчынскага полу, якія дасягнулі 17-гадовага ўзросту, з’яўляюцца годнымі па стане здароўя да ваеннай службы і належаць прызыву  на тэрміновую службу па заканчэнні навучання.

Падрыхтоўку грамадзян па ваенна-тэхнічных спецыяльнасцях і спецыяльнасцях, роднасных ваенна-ўліковым, ажыццяўляе рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне “Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь” у Гродзенскай вобласці – на вадзіцеляў катэгорыі “С” альбо перападрыхтоўка з “В” на “С”.

Зазначу, што не кожны жадаючы малады чалавек можа прайсці такую падрыхтоўку, ёсць пэўныя абмежаванні, напрыклад, калі дадзена адтэрміноўка, знаходзіцца пад следствам і іншыя – гэта ўсё растлумачаць у ваенкамаце.

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо