Цэнтр бяспекі ў гімназіі №1 карыстаецца папулярнасцю ў дзяцей і дарослых

17:00 / 19.04.2024


Рэсурсны цэнтр эфектыўных педагагічных практык «Цэнтр бяспекі» ў гімназіі №1 актыўна прымае наведвальнікаў, прычым не толькі з астравецкіх школ.

– Інавацыйны праект рэалізавалі дзякуючы падтрымцы АТ «Атамбудэкспарт» і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У першую чаргу мы стваралі яго, каб вучыць астравецкіх школьнікаў асновам бяспекі жыццядзейнасці ва ўсіх сферах, – расказала кіраўнік цэнтра і настаўнік АБЖ Таццяна Казак. – Але ўжо прымалі з экскурсіямі не толькі дзяцей. Пабывалі ў нас удзельнікі рэспубліканскага семінара па міжнародных праектах па прыцягненню замежнай бязвыплатнай дапамогі і абласнога семінара па АБЖ, раённыя метадычныя аб’яднанні для класных кіраўнікоў і намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце. Ужо ёсць заяўкі на наведванне ад школ Ашмянскага раёна. Экскурсіі праводзім бясплатна – усё у межах адукацыйнага праекта.


Увазе наведвальнікаў – 10 інтэрактыўных пляцовак, дзе, гуляючы, можна вывучыць правілы. Напрыклад, падчас «паездкі па горадзе» ў імправізаваным аўтобусе растлумачаць, каму трэба саступіць месца, і дадуць парады на выпадак сустрэчы з бадзялымі жывёлінамі. Таксама ў цэнтры расказваюць, як бяс­печна зняць грошы ў банкамаце.


Асабліва падабаецца школьнікам у кватэры бяспекі, лесе і «адпачываць» на вадаёме. Інтарэс зразумелы: тут усё як у жыцці. 

Вось і хлопчыкі з дзяўчынкамі з Рытанскай школы, з якімі мы сустрэліся на экскурсіі, лёгка адшукалі памылкі ў кватэры, якія «падрыхтавалі» дарослыя: пакінутыя на бачным месце запальніцу, таблеткі і іншыя. Тут жа яны адпрацавалі алгарытм выкліку па тэлефоне выратавальнікаў. Правільна адказвалі дзеці на пытанні экскурсавода на лясной палянцы і на беразе вадаёма.  Яны таксама даведаліся, як праверыць, ці падыходзіць выратавальны жылет (дарэчы, яго і іншыя атрыбуты выратавальнай службы на вадзе цэнтру дала раённая арганізацыя ТВВАД).

Замацаваць атрыманыя веды можна падчас гульні на планшэтах «Правер сябе», якую распрацавалі настаўнікі Таццяна Казак і Марына Сцепаняк.

Цэнтр бяспекі – месца, дзе можна правесці занятак па АБЖ на любую тэму. Таксама тут арганізоўваюць пазакласныя прафілактычныя мерапрыемствы.


Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова