Як жывуць Карвэлі. Пісьмо жыхаркі вёскі

17:00 / 08.04.2024


Могілкі, Слабодка

У пачатку сакавіка да нас у Дубнікі завітаў аўтаклуб «Ваколіца». Прыехалі дзяўчаты павіншаваць з вясной і жаночым святам. Песні нам спявалі, гумарэскі расказвалі, а напрыканцы падарылі кветкі, зробленыя сваімі рукамі. І перад Новым годам прыязджалі, дзяцей і дарослых павіншавалі. Малайцы, што нас не забываюць! 

Помніць пра нас і раённая бібліятэка. Вялікі дзякуй Марыне, якая абслугоўвае вёску. Ёй можна патэлефанаваць і замовіць любую кнігу. Вельмі там ветлівыя людзі працуюць…

Нядаўна Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў: «За вёску адказваеце галавой. Страцім вёску – страцім краіну». Справядлівыя словы нашага бацькі. У сакавіку мінулага года жыхары Карвэляў і Дубнікаў напісалі калектыўны ліст-просьбу ў Астравецкі райвыканкам, каб на могілках спілавалі векавыя дрэвы. Прыехалі работнікі ЖКГ – і спілавалі. Праўда, толькі пяць сосен, а больш за дзесяць пакінулі. 

Скардзіцца няма на што – хіба што на дарогу, па якой немагчыма праехаць ні вясной, ні восенню. Ад Карвэль да Варнян усяго 5 кіламетраў, але ж пакутуюць людзі, ламаюцца машыны. І ўсё гэта кладзецца на раённы бюджэт. Колькі ўсялякага транспарту да нас прыязджае: школьны аўтобус па дзетак у садок і школу, паштовая машына тройчы на тыдзень і столькі ж – аўталаўка. Наведваецца і ФАП на колах, а працуюць у ім ветлівыя і ўважлівыя людзі, да прыкладу, наш «доктар» Марыя Уладзіміраўна Пахілка. Вялікі дзякуй за ФАП галоўнаму ўрачу бальніцы Уладзіміру Часлававічу Мажэйку, а таксама нашаму Раману Русланавічу Літвінскаму з Варнянскай амбулаторыі. А яшчэ ў Карвэлях знаходзіцца вялікая ферма, куды прывозяць людзей на работу. Малакавоз едзе з хуткасцю чарапахі – такая ў нас дарога. І трэба думаць, як гэта выправіць. 

Пенсіянерка, жыхарка в. Карвэлі

 Галіна ТАРАШКЕВІЧ.

Кампетэнтна

Дзмітрый Салагуб, начальнік участка добраўпарадкавання, азелянення і саначысткі Астравецкага РУП ЖКГ:

– Зразумела, што прыбіраць ігліцу і шышкі каля магіл пажылым людзям цяжка, аднак выдаліць усе дрэвы за раз на ўсіх могілках раёна немагчыма. На балансе ЖКГ знаходзіцца 99 могілак. Амаль на ўсіх расце шмат дрэў: дзе – з дзясятак, а дзе – па пяцьдзясят. Каля ста дрэў мы выдалілі, на гэты год ужо запланавана 70. У першую чаргу ўбіраем аварыйныя дрэвы: сухастоі або тыя, якія пахіліліся і могуць у любы момант упасці. Так было і ў Карвэлях. Дрэвы, што засталіся, жывыя і моцныя, таму вырашана пакуль іх пакінуць. 

Дзмітрый Куліна, начальнік ДРБУ-159:

– 28 сакавіка камісія правяла абследаванне аўтадарогі Варняны-Дубнікі і ўстанавіла, што яе пакрыццё знаходзіцца ў здавальняючым стане, крытычных дэфектаў палатна няма. 5 сакавіка тут зрабілі рамонтнае прафіліраванне. Паўторна яно запланавана на красавік. Работы па падтрыманні гэтай дарогі ў належным стане будуць працягвацца.


Текст: Ольга Хотянович