В Островце почтили память жертв Хатыни и всех уничтоженных деревень

16:33 / 22.03.2024


Мінуў 81 год з дня трагедыі для Беларусі: 22 сакавіка 1943 года нямецкія карнікі ўварваліся ў Хатынь, знішчылі амаль усіх яе жыхароў і ўшчэнт спалілі вёску. У памяць аб іх, а таксама ўсіх зруйнаваных фашыстамі населеных пунктаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Астраўцы ля помніка савецкім воінам і партызанам прайшоў мітынг.

Дзяўчаты ў чорных сукенках, якія праз танец перадалі трагізм і сум па спаленай вёсцы. Пранізваючы да дрыжыкаў па скуры і слёз на вачах маналог хлопчыка Колі, якому назаўсёды засталося 9 гадоў. Чырвоныя гваздзікі ў руках прысутных – бы жывы напамін пра крывавы намер фашысцкіх захопнікаў. І гук метранома падчас хвіліны маўчання, які кожным ударам адгукаўся ў скронях нягучным запаветам: “Мы павінны памятаць! Тады Хатынь, як і сотні іншых спаленых вёсак Беларусі, будуць жыць”.


– Ахвярамі трагедыі ў Хатыні прызнана 149 чалавек, з якіх 75 – дзеці, – нагадаў звесткі пракурор Астравецкага раёна Аляксей Тамчанок. – Сёння Хатынь – месца памяці і смутку не толькі канкрэтнай вёскі, гэта нямы напамін пра ўсе знішчаныя падчас акупацыі і неадноўленыя населеныя пункты; пра мільёны ахвяр фашыстаў і іх паслугачоў. Больш за два гады пракуратура расследуе крымінальную справу пра генацыд беларускага народа. Матэрыялы паказваюць, што кожны з 1 133 дзён акупацыі – гэта дзень гвалту, забойства і здзекаў. Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў нам трэба як ніколі згуртавацца ў барацьбе за праўду і справядлівасць. Светлая памяць усім загілым ў тыя страшныя гады.


– Разам з нявіннымі ахвярамі Хатыні мы аплакваем жыхароў усіх вёсак, пасёлкаў, хутароў Беларусі, знішчаных цалкам або часткова падчас Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыла старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун. – Мы ўшаноўваем усіх, хто не вярнуўся з той вайны. Гэта 50 мільёнаў жыхароў планеты, з якіх большая частка – нашы савецкія людзі. Іх подзвіг нельга забыць. І мы павінны шанаваць і зберагчы тое, што яны далі нам коштам свайго жыцця – мір і спакой на зямлі.


 Ускладанне кветак і маўкліва схіленыя галовы нашчадкаў перад памятнымі плітамі Героям Вялікай Перамогі. Не патрэбны словы, каб сказаць відавочнае: помнім, смуткуем і раскажам нашчадкам. Каб не паўтарылася трагедыя Хатыні…







Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич