Паштоўкі з анёлкамі дасылаў з вайны сваёй дачушцы Станіслаў Салатынскі

14:00 / 23.03.2024


Сёлета Беларусь адзначыць 80 гадоў вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзякуючы адважным салдатам Савецкай арміі, мы жывём пад мірным небам.

Луцыя Адула, дачка ветэрана:


– Тэма вайны мне блізкая – помню сваіх салдат. Бацьку Станіславу Іосіфавічу Салатын­скаму і тром мамі­ным братам, Віктару Вікта­равічу, Іосіфу Віктара­вічу і Карлу Віктаравічу Алёхнам, прыйшлі павесткі пасля вызвалення астра­вецкіх земляў ад фашыстаў – у 1944-м.  Дзядзькі трапілі ўсе ў адзін полк – мінамётны, а татка – у пяхотны.

– Бацька родам з Літвянаў, а маці, Ядвіга Алёхна, – з Кемелішак, – пачынае сямейную гісторыю Луцыя Адула з Варнян. – Яны ажаніліся да вайны. Спярша жылі ў бацькоўскім доме таты, а тады адышлі: купілі ў Кемелішках хатку, пачалі паціху абжывацца. У 27 гадоў пайшоў на вайну бацька. Марысі, маёй старэйшай сястры, тады гадок быў. Вядома, ніхто не хацеў сваіх мужчын на пагібель адпускаць… І нашы моцна перажывалі. Але што зробіш, калі такая бяда навалілася! Мама тады сказала: «Калі напісана на родзе, то памрэш і тут». Сабрала ў торбачку сала, цыбулі, хлеба. А бабця медальёнчык татку надзела з выявай Маткі Боскай Вострабрамскай. Гэты нацельны абразік бярог яго. І падчас страшэнных баёў на Одары не даў загінуць, а там жа столькі народу палягло! 

Іосіф Алёхна, дзядзька Луцыі

Лістоў франтавіка ў сям’і не захавалася, затое ёсць дзве паштовачкі з выявамі анёлкаў, якія бацька даслаў з вайны сваёй малышцы. Простыя, напоўненыя пяшчотай радкі чытаем на адной з іх: 

 «Дасылаю табе, дачушка, для радасці гэтых анёлкаў, каб яны дапамагалі цябе забаўляць. Твой бацька Станіслаў Салатынскі. Для Марысі, дачушкі любімай».

 – Шчасце ад вяртання таткі з вайны азмрочыла трагедыя, – гаворыць жанчына, і вочы яе вільгатнеюць. – У той дзень да маці завітала бабуля. Яна з маёй сястрычкай ся­дзела на печы, калі заўважыла ў акне свайго зяця, які падыходзіў да хаты. Ад радасці падалася з печы, зачапіла лямпу, перакуліла на сябе – загарэлася адзенне… Бабулю не ўратавалі…

Бабуля Луцыі Адула (справа)


Пасля вайны ў Станіслава і Ядвігі на­ра­дзіліся яшчэ дачка і сын. 

 – Бацька залатым для нас быў: песціў, шкадаваў моцна. І гатаваў добра. І гаспадар цудоўны.  Не помню, каб дзяліў працу на мужчынскую і жаночую: трэба, то і кароў падоіць, і падсцеліць, і свінням дасць… І рукі меў залатыя: адны толькі лазовыя кашолкі чаго каштавалі! – узгадвае Луцыя. – Спярша бацькі са сваёй зямлі жылі, а калі калгасы ўтварылі, пайшлі туды. Тата брыгадзірам, пасля паляводам працаваў, мама ўзначальвала рэвізійную камісію, пазней малаказборшчыкам была.

Станіслаў Салатынскі з жонкай

– Жыццё ўсталёўвалася. Гадоў з дзесяць пасля вайны прайшло, як вясковых мужчын на зборы пачалі адпраўляць. Вой як тады бабы з дзецьмі галасілі на ўсю ваколіцу – думалі, што ізноў на фронт забіраюць. Мне 5 было, але так у памяць урэзалася, як татку выклікалі. У акно пастукалі: «Стась, хутка на сельсавет! Зборы! З сабой мець рэчмяшок, паёк…» На цэнтры ля каплічкі нашых «салдат» чакала грузавая машына. Некалькі сутак іх не было. А як прыехалі з вучэнняў, усе радаваліся, шчасце неперадавальнае проста! – працягвае дачка ветэрана. 

 – Дзецьмі мы не цікавіліся ў бацькі пра вайну, не распытвалі, дзе быў, як яму там даводзілася. А як пасталелі, гаворку таксама не заводзілі – адчувалі, ды і бачылі, што не трэба варушыць балючае. Не аднойчы даводзілася назіраць, як не мог татка стрымацца, калі школьнікі прыходзілі са святам Перамогі яго віншаваць: кветкі дораць, дзякуюць, а ён плача… – вяртаецца думкамі ў той час жанчына. –  Для многіх ветэранаў тэма вайны была закрытай: не любілі ўзгадваць убачанае і перажытае, напэўна, баяліся нават у думках туды вяртацца.  
Праўда, былі людзі, якім адкрываў душу Станіслаў Салатынскі, –  такія ж, як і ён, салдаты былой вайны Станіслаў Ігнатовіч і Адольф Бялячыц з Дубнікаў і Леанід Багдановіч са Стаўбуроў. «Гэта таткавы таварышы. Любілі яны сабрацца, пася­дзець, пагараваць, – кажа Луцыя. – Усе ўжо на той свет сышлі. Майго бацькі не стала ў 1978 годзе».

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо, из архива героини