Па сцяжынках да школьных парогаў Гервяцкай і Жукойнінскай школ прайшоўся былы настаўнік Ягор Драўніцкі

18:00 / 04.02.2024


Убачыўшы аднойчы ў інтэрнэце матэрыялы нашага праекта, былы настаўнік Жукойнінскай і Гервяцкай школ Ягор Драўніцкі даслаў у рэдакцыю газеты свае ўспаміны.

Жукойнінская сярэдняя школа

Мой педагагічны шлях пачаўся ў Маркунскай васьмігодцы пры былым загадчыку РАНА Расціславе Герце. Затым была Жукойнінская школа.

Вёска Жукойні, што знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад шашы Віцебск – Вільнюс, у час майго нас­таўніцтва 60-х – пачатку 70-х была дастаткова вялікай. Яна з’яў­лялася цэнтрам калгаса імя Гімбіцкага. Тут былі бальніца, амбулаторыя, клуб, вялікі мураваны магазін, пошта і новая цагляная аднапавярховая школа. 

Падобных ёй навучальных устаноў у гэтым мікрараёне не было, таму тут вучыліся дзеці нават з далёкіх вёсак, такіх як Па­дольцы, Барані, Белая Вада, Кай­міна. Класы былі вялікія, але кі­раў­ніцтва школы рабіла так, каб вучні займаліся ў адну змену. Падвозу не было, дабіраліся хто як мог. Бывала, у зімовы час бацькі коньмі падвозілі меншых дзетак. 

Кіраваў школай у той час ветэран вайны, ардэнаносец Пётр Яфімавіч Папкоў. У калектыве працавала больш за дзясятак настаўнікаў – усе былі дружнымі, ніколі не чулася слоў «не буду» або «не хачу». Завучам была настаўніца фізікі і матэматыкі Ганна Іванаўна Лукша. Працавалі мэтанакіраваныя, крыху гарэзлівыя настаўнікі і больш вопытныя сур’ёзныя педагогі. 

Узгадаю некаторых калег. Гэта настаўнік беларускай мовы і літаратуры Серафім Дзмітрыевіч Собаль, па сумяшчальніцтве партарг калгаса. Яго жонка Леанарда Станіславаўна Собаль вяла фізкультуру. Нямецкую мову выкладала Наталля Сцяпанаўна Казлова, Ірына Аляксееўна Данільчанка – рускую мову і літаратуру, Лілія Іванаўна Ромаш – беларускую мову, Вацлаў Іпалітавіч Мізей – гісторыю, Раіса Уладзіміраўна Тубіс – геаграфію. Некаторых запамятаў – як-ніяк прайшло паўстагоддзя – няхай прабачаць былыя калегі.

Асабліва хочацца адзначыць настаўніцу фізікі і матэматыкі Ганну Іванаўну Лукшу – цяпер Гаўрыловіч. Яна валодала глыбокімі ведамі, што дапамагло падрыхтаваць вучаніцу школы Вольгу Валодзька да міжнароднай алімпіяды па матэматыцы, дзе дзяўчына заняла прызавое месца.

Мы ўмелі працаваць і дружна праводзіць вольны час. У выхадныя выязджалі на прыроду, гулялі ў валейбол, рыбачылі, праводзілі ў клубе КВЗ з розыгрышамі. У той час я крыху музіцыраваў – часам давалі канцэрты, на якія збіраліся і маладыя, і старыя жыхары вёскі – іх было шмат. Моладзь мясцовай бальніцы, настаўнікі школы, маладыя працаўнікі сяла прыходзілі ў клуб і танцавалі розныя танцы: беларускую полечку, факстрот, кракавяк. І хлопцам не было сорамна, калі дзяўчаты вучылі нас мудрагелістым выкрунтасам – так мы часам называлі гэтыя танцы.

Гаспадарку тады ўзначальваў Анатоль Іванавіч Дудзько. Ён любіў і падтрымліваў моладзь і ўсе нашы задумкі наконт вольнага адпачынку. Мы ж, маладыя, энергічныя, па першым закліку дапамагалі калгасу ў сельскагас­падарчых работах.

Я быў сакратаром камітэта камсамола калгаса. Менавіта ў Жукойнінскай партарганізацыі ўступіў у члены кампартыі і ганарыўся гэтым. Дарэчы, у раёне я быў самым маладым партыйцам.

У камсамольскай арганізацыі калгаса налічвалася каля 30 чле­наў. Рэгулярна праводзілі кам­са­мольскія сходы, на якія пры­хо­дзі­ла не толькі інтэлі­ген­цыя, але і маладыя меха­нізатары.

У той час ва ўсіх вёсках была правадная радыёсетка, уста­ноў­лены так званыя радыё­кропкі. Вяскоўцы мелі магчымасць слухаць навіны краіны і свету. Цікава, але для некаторых ра­дыёкропкі былі і будзільнікам, таму што вяшчанне пачыналася ў 6 гадзін раніцы, а заканчвалася апоўначы. 

У кожным калгасе перад будынкам упраўлення гаспадаркі быў стэнд, на якім размяшчалі рэспубліканскія або цэнтральныя газеты. У будынку, як правіла, атрыбутам была Дошка гонару лепшых працаўнікоў сяла. Я крыху займаўся фата­графіяй і помню, што дошку абнаўлялі штогод. Тут меўся і камсамольскі стэнд аб нашым жыцці – так званы «Камсамольскі пражэктар», дзе адзначалі ўчынкі і хібы асобных маладых людзей.

Маладыя настаўнікі і медыкі жылі ў здымных вясковых дамах, большасць харчавалася разам з гаспадарамі. Часам мы для іх станавіліся як родныя. І, канешне, з ахвотай дапамагалі сем’ям, у якіх жылі. 

Усе былі дружнымі, жылі без махлярства, дзетак выхоўвалі ў дабрыні, спачуванні да чужой бяды і падтрымкі ў радасці. Не было п’яніц і гультаёў. І жыццё ішло, як кіно на экране. Дарэчы, пра кіно. На той час тэлевізар быў рэдкасцю, але два разы на тыдзень у клубе дэманстравалі мастацкія фільмы. Перад пачат­кам пракручвалі ролікі з жыцця Беларусі. І заўсёды ў вяско­вым клубе збіралася розна­­ўзроставая аўдыторыя.

Газеты і часопісы выпісвалі ў кожны дом, а гэта сведчыла пра тое, што людзі цікавіліся навінамі і падзеямі ў краіне і свеце.

Аб працы ў Жукойнінскай школе і жыхарах гэтай вёскі ў мяне захаваліся найлепшыя ўспаміны.

Гервяцкая сярэдняя школа

У 1970 годзе мяне перавялі працаваць у Гервяцкую сярэднюю школу настаўнікам матэматыкі замест Вольгі Ульянаўны Ліпскай, якая выйшла ў дэкрэтны адпачынак.

Едучы з боку Варнян у Гервяты, першае, што трапляла на вочы, гэта прыгожы будынак школы. Яна была візітоўкай вялікага населенага пункта, як гаварылі старажылы, мястэчка, бо тут таксама месціліся сельсавет і касцёл.

Праца ў Гервятах мела для мяне асаблівае значэнне. Тут я ажа­ніў­ся, тут у нашай сям’і нара­дзіўся сын, адсюль адпра­віў­ся ў войска выконваць свой гра­мадзянскі абавязак.

На той час дырэктарам школы быў Эдуард Міхайлавіч Пяткевіч, яго намеснікам – Мікалай Рыго­равіч Ліпскі, а арганізатарам – Іван Іванавіч Індушка. Менавіта пад іх кіраўніцтвам установа стала лічыцца ў раёне ўзорнай. Гэты статус не дазваляў калектыву расслабляцца, не было панібрацтва, гайкі, як кажуць, не закручвалі, усё рабілі дэмакратычна з улікам характара кожнага педагога, яго аўтарытэту ў калектыве.

Я не памятаю, каб Эдуард Міхай­лавіч павышаў голас, прылюдна даваў заўвагі, эмацыянальна вы­казваў сваю нязгоду. Ён быў чала­векам высокай маральнай адказ­насці і эрудыраваным педагогам.

Добрых слоў заслугоўвае і яго намеснік Мікалай Рыгоравіч Ліпскі. Ён умеў зрабіць расклад урокаў так, каб задаволіць усе запыты, глыбока ведаў праграмны матэрыял па прадмеце і поўнасцю арганізоўваў вучэбны працэс у школе. 

Завуч па вучэбна-аргані­затар­скай рабоце Іван Іванавіч Індушка за­помніўся тым, што пры ім у школе прадоўжылі работу па стварэнні гісторыка-краязнаўчага музея. Ён быў энтузіястам гэтай справы. А таксама арганізаваў школь­ную агіт­брыгаду, якая выступала не толь­кі ў вёсках свайго мікрараёна, але і ў Варнянах, Солах.

На жаль, усе яны ўжо пайшлі з жыцця, але іх справы і задумкі працягваюць іх вучні і аднадумцы.


Помніцца, што на адным з семі­на­раў Мікалай Рыгоравіч сустрэўся з настаўнікамі-нава­тарамі, якія пазнаёмілі яго з навінкамі афармлення кабінетаў. У той час ужо набірала сілу кабінетная сістэма. Вярнуўшыся ў Гервяты, ён сабраў нас, раска­заў, што і як рабіць, каб прывесці кабінеты ў сістэму, каб яны працавалі на вучня. Мы і самі ездзілі ў іншыя школы, вывучалі вопыт работы і пераносілі лепшае ў сваю ўстанову.

А тады пасля заканчэння ўрокаў усе ішлі дамоў, пера­апраналіся і зноў вярталіся ў школьную май­стэрню. Гэта быў час творчых пошукаў, цікавых задум. Усе працавалі з такім натхненнем, што разыходзіліся толькі позна вечарам, змучаныя, але радасныя.

Пазней ужо да нас за вопытам прыязджалі супрацоўнікі іншых школ. Усе нашы намаганні не прайшлі дарма. Прымяненне новых методык выкладання, укараненне вопыту лепшых настаўнікаў-наватараў далі плён: вучні пас­пя­хова выступалі на прадметных алімпіядах, пры паступленні ў вну пацвярджалі веды і адзнакі. Не помню нівод­нага абітурыента, які атрымаў бы нездавальняючую адзнаку. 

Мы не толькі давалі веды, але і выхоўвалі ў вучняў любоў да роднай зямлі, працавітасць, дабрыню і сумленнасць.

У Гервяцкім сельсавеце жылі этніч­ныя літоўцы, таму школа адзі­ная ў раёне сярод сельскіх была рускамоўнай. Аднак тут выкладалі і рускую, і бела­рускую, і літоўскую мовы і літа­ратуры. Настаўнікі лі­тоўскай мовы прыяз­джа­лі з віль­нюскіх устаноў аду­кацыі – пом­ніц­ца, што аўтобус Вільнюс – Гіры ха­дзіў два разы на дзень. 

І ніколі не было ніякіх супярэчнасцей паміж карэннымі жыхарамі розных нацыянальнасцей. Разам працавалі, адпачывалі, жаніліся і гадавалі дзяцей. У школе адносіны паміж вучнямі таксама былі добра­зычлівыя.

Калгас «Радзіма» ўзначальваў вядо­мы ў раёне і вобласці Анд­рэй Андрэевіч Галагаеў. Пад яго кіраў­ніцт­­вам гаспадарка дасягнула вы­сокіх вынікаў, змянілася аблічча вёскі, былі пабудаваны новыя катэджы для працаўнікоў, у належны стан прыведзены вуліцы.

Школа і гаспадарка падтрым­лівалі адна адну – ішлі, як кажуць, поплеч. Калгас дапамагаў установе будаўнічымі матэрыяламі, свежай гароднінай, а настаўнікам – весці ўласную гаспадарку. Летам на базе школы працаваў лагер працы і адпачынку. Вучні дапамагалі на розных участках калгасу. 

Добрыя стасункі былі паміж школай і мясцовым лясніцтвам. Штогод вучні ўдзельнічалі ў пасадцы дрэў, пры школе працаваў гурток «Зялёны патруль», які сачыў за чысцінёй лесу, выяўляў сухія дрэвы на лесапасадках. 

Было добрай традыцыяй, што на летніх канікулах старшакласнікі разам з педагогамі-мужчынамі займаліся рамонтам школьных кабі­нетаў, гаспадарчых пабудоў, навя­дзеннем парадку на тэрыторыі.

На базе школы працаваў ВВК па вывучэнні трактара і сельгасмашын. Выкладаў гэту дысцып­ліну Станіслаў Уладзі­міравіч Вяр­біцкі. Меўся і ўласны грузавы аўта­мабіль. Уся гэта тэхніка служыла доб­рай дапамогай у розных гас­падарчых работах.

У школе таксама быў конь – і многія ўмелі з ім абыходзіцца: запрэгчы ў колы, узгараць участак.

Дзяўчаты на занятках гурткоў ву­чыліся шыць і вязаць. Школа выпус­кала адукаваных і з багажом жыццёвых навыкаў маладых людзей.

У пачатку 70-х гадоў у школе вучылася больш за 100 вучняў і працавала больш за 20 настаўнікаў. Сярод іх настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Ула­дзіміравіч Насякайла, пачатковых класаў Ефрасіння Ягораўна Галагаева, Марыя Васільеўна Люс­тэр, Галіна Фёдараўна Рудакова, матэматыкі Вольга Ульянаўна Ліп­­ская, фізічнай культуры Леа­нід Іосіфавіч Пукшта, гісторыі Люд­міла Андрэеўна Галагаева, хі­міі Люд­міла Пятроўна Герліх, матэ­матыкі Раіса Міхайлаўна Пят­кевіч, пачатковай ваен­най пад­рыхтоўкі Іосіф Эдуардавіч Доў­нар, нямецкай мовы Тарэза Аляк­сандраўна Шчасная, рускай мовы і літаратуры Людміла Міка­лаеўна Радзівановіч. Я выкладаў фізіку і астраномію. Разам з вуч­нямі мы нядрэнна абста­­лявалі кабінет фізікі сродкамі тэхніч­нага навучання, прымалі ўдзел у раённых прадметных алім­пія­­дах.

Не ведаю, як склаўся лёс боль­шасці настаўнікаў, але з упэў­ненасцю магу сказаць, што ўсе мы па цаглінках збіралі аўта­рытэт Гервяцкай сярэдняй школы. І вельмі прыемна, што наша праца і праз 50 гадоў прымнажаецца новымі поспехамі і дасягненнямі. Сёння ў гэтым заслуга педагогаў школы на чале з яе дырэктарам Валянцінай Вацлаваўнай Трышынай. І я ганаруся, што мне выпала магчымасць працаваць у гэтай установе.

Гады сціраюць усё. І толькі памяць, як настальгія, вяртае нас у мінулае. 

«Час выбраў мяне» – так можа сказаць любы чалавек. У гэтым упэўнены і я. Сапраўды, кожнае пакаленне пакідае адметны след у жыцці, меркаванні, пасыл нашчадкам. У хуткаплыннасці бурлівага жыцця няма калі спыніцца і азірнуцца, падумаць, што ты зрабіў, які твой сэнс існавання, на што ты годны. І толькі з часам – а такі момант заўсёды наступае – можна вярнуцца да вытокаў і «прачытаць» летапіс свайго жыцця. Так атрымалася і ў мяне. За плячыма больш за 75 гадоў, амаль 50 з іх прысвечаны адукацыі. З нагоды гэтага хочацца пазнаёміць чытачоў з успамінамі пачатку маёй педагагічнай дзейнасці, з асаблівасцямі тагачаснага жыцця вясковай моладзі і людзей больш сталага ўзросту. Як-ніяк сам я родам з Астравеччыны. А затрымацца хачу на часах свайго настаўніцтва ў Жукойнінскай і Гервяцкай сярэдніх школах.

Ягор Драўніцкі, былы настаўнік.

Текст: Главный администратор
Фото: из архива герояУбачыўшы аднойчы ў інтэрнэце матэрыялы нашага праекта, былы настаўнік Жукойнінскай і Гервяцкай школ Ягор Драўніцкі даслаў у рэдакцыю газеты свае ўспаміны.