Якое запаветнае жаданне Рэгіны Дрэмы выканаў Дзед Мароз
Я была адзінай дачушкай у бацькоў, да таго ж самай малодшай. Да таго часу, як я сябе памятаю, старэйшы брат працаваў, сярэдні вучыўся ў школе. Ад яго я і даведалася пра Дзеда Мароза, які выконвае жаданні дзяцей. Калі мы ставілі перад навагоднімі святамі елку, я з радасцю ўпрыгожвала яе: выстрыгала з паперы цацкі, як умела і што прыдумала. Мне здавалася, што яны вельмі прыгожыя і Дзеду Марозу абавязкова павінны спадабацца! Але ён ні разочку так і не прыйшоў…
Я марыла хутчэй падрасці і пайсці ў школу – туды, расказваў брат, Дзед Мароз прыходзіць кожны год.«Вучылася» я каля брата, калі ён рабіў хатнія заданні: вывучыла літары, спрабавала чытаць. Памяць мела добрую і вершы запамінала хутчэй, чым ён, нават падказвала часам – з-за гэтага брат злаваўся.
І вось нарэшце я пайшла ў школу! Настаў доўгачаканы Новы год і ранішнік. Колькі было радасці! Вось ён – сапраўдны Дзед Мароз, ён гаворыць са мной, слухае мой вершык, частуе цукеркамі, да яго можна дакрануцца… Ён пытаецца: «Чаго ты хочаш, дзяўчынка, аб чым марыш?»
– Я хачу навучыцца чытаць хутка і прачытаць шмат кніжак! А яшчэ я хачу пісаць вершы, каб іх чыталі іншыя.
Сама не ведаю, адкуль у мяне ўзялося такое жаданне і як я асмелілася яго агучыць. Але Дзед Мароз стукнуў сваім кійком і важка прамовіў:
– Хай будзе так!
Iшлi гады. Я навучылася чытаць, брала кнiжкi ў школьнай бiблiятэцы. Толькi тата не дазваляў вечарамі доўга сядзець з кніжкамі, гасiў газавую лямпу. Але калі ярка свяцiў месяц, я чытала пры яго святле.
Потым сама стала патроху складваць вершы. У школе мяне выбралі членам рэдкалегiі – аднекуль прарэзаліся здольнасці да малявання. І калі стала працаваць, мяне заўсёды выбіралі рэдактарам заводскай насценнай газеты. Я пісала для яе нейкія вершыкі, гумарыстычныя замалёўкі.
Але «дзе нарадзілася, там і прыгадзілася»: вярнуўшыся на радзіму, стала пісаць у раённую газету – і, дзякуючы «Астравецкай праўдзе», мяне заўважылi і ацанілі. Прыемна, калі знаёмыя і нават незнаёмыя людзі пры сустрэчы кажуць, што чытаюць маю пісаніну ў «раёнцы» і дзякуюць. Ды і ўзнагарод у мяне за гэты час сабралася – цэлая «сцяна славы». Ёсць Ганаровыя граматы нават ад Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Але найбольш, вядома, ад «Астравецкай праўды» – за перамогі ў розных конкурсах і за супрацоўніцтва з газетай.
Так што Дзед Мароз выканаў маё запаветнае жаданне! Дзякуй яму за гэта. А найперш, вядома ж, «Астравецкай праўдзе».
Рэгіна Дрэма