Уборачная кампанія КСУП “Міхалішкі” вачыма яе ўдзельнікаў

09:34 / 11.08.2023
Народнае выслоўе «Дождж не тады ідзе, калі просяць, а калі жнуць і косяць» найбольш яскрава і поўна характарызуе сёлетнюю ўборку.
Пакуль хлебаробы КСУП «Міхалішкі» на механічных майстэрнях у аднайменным аграгарадку чакалі, калі прасохне збажына, пагутарыла з імі пра жніво, ураджай і самую памятную ўборку. 

…загадчыка раслінаводчага ўчастка Антона Дзенюша:

Дзенюш Антон аграном.jpg

– Жніўны клін у нашай гаспадарцы адзін з самых невялікіх у раёне – 2 479 гектараў, з якіх тысячу ўжо абмалацілі. На ўборцы новага ўраджаю працуе 9 камбайнаў. На новай хлебаўборачнай машыне шчыруюць сын з бацькам Аляксандр і Дзіма Субаткевічы. Стала ўжо традыцыяй, што ўбіраць ураджай нам дапамагаюць працаўнікі лясгаса.
Тэхніка разбіта на два звяны: адно абмалочвае збожжавыя, другое – рапс. Дарэчы, уборка крыжакветкавага больш працаёмкая: пасля кожнага набітага бункера трэба чысціць сіта.
У сельскую гаспадарку пайшоў мэтанакіравана. Аграномам хацеў быць з дзяцінства, хоць і да тэхнікі цягнула. Для мяне, як для агранома, гэтае жніво – трэцяе, а так – шостае. Работу сумя­шчаю з вучобай на завочным аддзяленні ў гродзенскім універсітэце. Раслінаводчы ўчастак №1 – гэта землі Міхалішак, Завідзінентаў, Туроўя. Яшчэ падчас вучобы ў Навагрудскім аграрным каледжы летам у пары на камбайне быў з бацькам. Некалькі сезонаў запар тата працуе без памочніка. Калі яго звяно малоціць збожжа ці рапс на маім участку, то дапамагаю яму перачапіцца.
Асаблівых хваляванняў няма, акрамя надвор’я, – дажджы стрымліваюць уборку. Раслінаводства, асабліва ў нашым паўночным рэгіёне, па-раней­шаму знаходзіцца ў зоне так званага рызыкоўнага земляробства…
…Сёлетняе жніво мне запомніцца на ўсё жыццё. Пятага жніўня я ажаніўся з самай прыгожай і цудоўнай дзяўчынай у свеце. 

…камбайнера Валерыя Дзенюша:

Дзенюш Валерый камбайнер.jpg

– У маладосці да арміі 2 ці 3 сезоны быў памочнікам у камбайнера на «Ніве». Пасля арміі з 1991 года без перапынкаў працую ў калгасе. Тады хлебаўборачныя агрэгаты слабенькія былі – за сезон намалочвалі па 300-400 тон – не тое, што зараз. На «Джон-Дзіры» працую 19-ты сезон. Тэхніка, канешне, добрая, але гады даюць пра сябе ведаць. Асабліва складана ў апошні час з запчасткамі – нідзе не дастаць. Самі выкручваемся, як і дзе што замяніць, прыдумаць. 
Найбольш за ўсе гады намалочваў звыш 1 400 тон зерня, а так амаль кожны сезон маю тысячу. Не ведаю, ці атрымаецца сёлета, ці дазволіць ураджай. Апошнія гады працую без памочніка – налаўчыўся, ды і больш зараблю. На гэтым камбайне за ўсе сезоны ўжо «ўзяў» сваю 20-ку. 
З культур люблю пшанічку. Яна высокая, добра сыплецца – адно задавальненне яе ўбіраць. Самы капрызлівы ячмень – цяжка ўбіраць. 
Кожны з нас хоча намалаціць як мага больш – прычына, як па мне, нават не ў грашах. Можаце лічыць гэта справай мужчынскага гонару. 
За мной яшчэ замацаваны кормаўборачны комплекс КВК-800 і трактар МТЗ-1222 – 23 гады ў адных руках. Але ніколі так сэрца не трапечацца ўнутры, як падчас уборкі. Летам не магу дачакацца, калі выведу ў поле свой «Джон-Дзір». Гэтыя адчуванні зразумее той, хто не адзін сезон працуе на жніве.

…дырэктара Вадзіма Саковіча:

Саковіч Вадзім дырэктар КСУП Міхалішкі.jpg

– У якасці кіраўніка гаспадаркі для мяне гэта першая ўборка. Дырэктарам КСУП «Міхалішкі» прызначылі 17 студзе­ня. Вядома, калі працаваў галоўным інжынерам у сельгаспрадпрыемстве суседняга раёна было больш спакойна: меншая сфера адказнасці. 
Без перабольшвання скажу, што мае падначаленыя самыя перадавыя і працавітыя людзі. Прозвішчы спецыяльна называць не буду, таму што кожны з удзельнікаў жніва – і вопытныя, і маладыя – стараюцца ў меру сваіх сіл і магчымасцей. Кагосьці выдзеліць, а пра кагосьці змаўчаць мне не дазволіць сумленне. 
Адзінае што ўзгадаю галоўнага агранома Алега Кавалевіча – думаю, у гэтым мяне падтрымаюць многія. Нягледзячы на малады ўзрост, гэта спецыяліст вышэйшага класу, які па-сапраўднаму хварэе за ўраджай і наш КСУП. Ды і камбайнеры ў нас дружныя. На масавым жніве без паломак не абыходзіцца. Механізатары дапамагаюць адзін аднаму. 
Адразу, калі прыйшоў у гаспадарку, заняўся пытаннем забяспечанасці спецадзеннем. Выдалі ў поўным аб’ёме ўсім работнікам. На гэтым мехдвары, напрыклад, былі праблемы з душавой. 
Вырашылі і гэтае пытанне. Цяпер, вярнуўшыся з поля, кожны механізатар па жаданні можа памыцца. 
Усе занятыя на ўборцы і корманарыхтоўцы работнікі забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем – гатуюць, да слова, вельмі смачна нашы дзяўчаты з кафэ «Вілія». Аплата такога абеду для механізатара ці вадзіцеля сімвалічная: 10% яго кошту, ці крыху больш за 1 рубль.
…Па ўсім бачна, што гэты год будзе няпростым – травы і збожжавыя не ўрадзілі. Тым не менш, жывёлу зімой трэба будзе карміць. Першым укосам нарыхтавалі крыху больш за 60% сенажу ад запланаванага. Каб кампенсаваць недахоп, паклалі ў пракосы каля 250 гектараў пшаніцы – фураж выйшаў добры. Эксперыментальна кропкава скошвалі рапс, дзе пайшла падсада. Думаю, што пасля дажджоў правядзём і трэці ўкос. Спадзяюся, што ўкладзёмся ва ўсе агратэхнічныя нормы і тэрміны спачатку на ўборцы, а потым і на сяўбе азімых. 

…вадзіцеля Станіслава Мілашэвіча:

Мілашэвіч Станіслаў.jpg

– Шафёрам у «Міхалішках» працую ўсё жыццё. Пасля школы крыху парабіў на трактары – забралі ў армію. Як вярнуўся «з ботаў», так і застаўся – горад ніколі мяне не вабіў. Ужо каля 40 сезонаў летам зерне важу. Ладна адпрацаваў на ЗІЛе, а ў 2005 годзе мне далі КамАЗ. Люблю сваю машыну – гэтая марка самая лепшая ў свеце. Пэўна ж чулі, што ў знакамітых гонках «Дакар» яны заўсёды ў пераможцах? 
Праўда, тэхніка з-за ўзросту псуецца, ведаць пра сябе даюць і спёка, і холад. Сёлета цалкам кабіну памяняў. Спісаны КамАЗ знайшлі ў адной са смаргонскіх гаспадарак. Пераварваў, латаў – затое цяпер блішчыць, як новая. 
Ледзь не штогод першым у нашай гаспадарцы перавожу тысячу тон зерня, але не гэта галоўнае. Не дажджыла б – і справілі б у калгасе дажынкі. Маю на ўвазе не такія, як раней, калі накрывалі сталы, разам збіраліся. Закрылі б уборку, балазе, камбайнаў хапае – і пачалі б сеяць. У сельскай гаспадарцы ўсё, па вялікім рахунку, па крузе ідзе… 
Летась новы гомсельмашаўскі агрэгат прапаноўвалі мне паспытаць у полі. Наадрэз адмовіўся – толькі за рулём аўтамабіля я як рыба ў вадзе.  (Усміхаецца.) Увогуле да тэхнікі рукі з дзяцінства цягнуцца і галава, здаецца, нядрэнна думае. Цяпер, напрыклад, пакуль на майстэрнях чакаем выхаду ў поле, не сяджу без справы: разабраў акамулятар, «падпсіхоўвае» ён нешта. 
На днях шэф і прафсаюз віншавалі мяне з юбілеем – падарунак уручылі. Але дзень нараджэння ніколі не адзначаю, максімум магу вечарам зазірнуць да сястры ў Белую Ваду на вячэру – і хутчэй назад, у свае Дварышчы – заўтра ж на работу. Не разумею я лайдакоў, якія за чаркай свету белага не бачаць.
Ураджай сёлета горшы, але трэба прыбраць усё, што радзіла ніва. За дзень найбольш перавозіў 277 тон, найменш – 70. Усё залежыць ад таго, у колькі выйшлі ў поле і якую культуру ўбіраем. Найлепш сыплецца пшаніца, але і рапс сёлета ў нас на зайздрасць суседзям вымахаў. Адзін год тры тысячы тон узяў. А пры Шафарэвічу наш калгас (тады яшчэ імя Мічурына) першае месца ў раёне заняў па ўраджайнасці збожжавых. 

…загадчыка зернесклада Ірыны Сераковай:

66.jpg

– Сёлетняе жніво для мяне, відаць, апошняе: збіраюся на пенсію – трэба ўжо пра сябе падумаць і здароўем заняцца. 
Гэты зернесушыльны комплекс «ЛідаАрай» узвялі ў 2009 годзе – 
з таго часу і я тут. За змену найбольш дапрацоўвалі 400 тон зерня, цяпер – па 100, 200. Спачатку збожжа было добрае – дастаткова было раз прагнаць і можна размяркоўваць, што на выкананне дзяржзаказу пойдзе, а што ў засекі, – а цяпер вільготнае. 
Парадаваў у гэтым годзе ўраджай рапсу, з уборкі гэтай культуры ў нашай гаспадарцы і распачалося жніво. 
Не магу нарадавацца на аператараў зернесушыльнай устаноўкі. У пары з вопытным Віктарам Мілашэвічам сёлета працуюць зусім маладыя хлопцы Андрэй Чайкін і Паша Салагуб. Напачатку перажывала, як справа пой­дзе, тым больш стартавалі з рапсу. Важна разумець, што работы па дапрацоўцы крыжакветкавага больш адказныя і небяспечныя – усё ж алейная культура, і «змяншаць» вільготнасць трэба да 7% у адрозненне ад збожжавых, дзе дастаткова 13-14%. Крыху перасушыш – і можа загарэцца. Але дарэмнымі былі хваляванні: хлопцы нібыта ўсё жыццё працуюць на сушылцы. Вядома, тут вялікая заслуга і Антонавіча. Другі сезон школьнікі добра спраўляюцца з абавязкамі: падмятаюць, падсуваюць зерне своечасова.
Найбольш запомнілася жніво, калі ў нашай гаспадарцы валавы намалот пераўзышоў 10 тысяч тон. Уявіце сабе ўсю гэтую тэрыторыю ў горах зерня – яно было паўсюль, куды ні кінь вокам. А раздзялялі гэтыя залатыя астраўкі невялікія сцяжынкі – 
прайсці толькі. Ніводнага кілаграма зерня не змарнавалася! 
Текст:
Фото: Алёна Ганулич