Галасы вясны чуліся ў Астраўцы 9 Мая

19:04 / 09.05.2023
На святочнай пляцоўцы ў Астраўцы працавалі зоны, дзе можна было песню ваенных часоў саспяваць і сябе на веданне тэматычных фільмаў праверыць.

2.jpg

Абмінуць палаткі і адкрытыя зоны, што развярнуліся на пляцоўцы каля САК “Імпульс” падчас святкавання Дня Перамогі, было немагчыма, настолькі яны былі цікавымі і арыгінальнымі.

3.jpg

Песні пра вайну астраўчане і госці свята маглі паспяваць ад душы і пад музыку – акцыя “Галасы вясны” не абмяжоўвала ва ўзросце. З жадаючых саспяваць караоке нават выстройваліся чэргі. Да слова, у палатцы можна было прысесці і паслухаць, як спяваюць таварышы, або выступіць, так бы мовіць, на падпеўках.

9.jpg

-- Мы з сябрамі адразу завярнулі сюды на караоке, -- расказвае Алег Мундуць з Астраўца. – Песні ваенных часоў ведаю добра – заўсёды слухаю іх перад Днём Перамогі. І спяваю часта, таксама ў караоке, толькі па тэлевізары. Атрымалася, здаецца, нядрэнна. Сярод іншых выбраў “Тры танкісты” – без гэтай кампазіцыі, лічы, няма свята, якое мы сёння адзначаем. Ура!

Яркія і прыгожыя фотазоны так і вабілі сфатаграфавацца. Дарослыя і дзеці з задавальненнем пазіравалі ў вялікай зорцы, на фоне чырвона-зялёных шарыкаў сярод яркай зеляніны лесапарку і нават каля “ваеннага” вогнішча, дзе пад ціхія гукі баяна адпачывалі салдаты, якія, здаецца, толькі-толькі прыселі пасля бою…

5.jpg

Цікавай падалася ідэя работнікаў бібліятэкі: яны прапанавалі гасцям свята на карце раёна і Астраўца пазначыць стужачкай, адкуль яны прыехалі. І як жа шмат людзей з розных, самых аддаленых і маленькіх куточкаў Астравеччыны сабралася на свята! 9 Мая сапраўды агульны святы дзень!

8.jpg

7.jpg

6.jpg

--Я адразу звярнуў увагу на карту Астравецкага раёна – яна размясцілася якраз на ўваходзе ў зону адпачынку. Хацеў дзецям паказаць, -- паведаміў Уладзімір Вянгроўскі. -- А калі мне прапанавалі прымацаваць “стужачку”, згадзіўся – хоць мы самі з Мінска, але я ў Астраўцы нарадзіўся і вырас. Таму наша “стужка” пазначыла вуліцу Валадарскага. Пойдзем далей – упэўнены, наперадзе яшчэ шмат цікавага.

10.jpg

У палатцы цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы не толькі напомнілі пра ветэранаў-медыкаў, але і выставілі для агляду экспанаты: медыцынскае адзенне і інструменты, якімі карысталіся ў шпіталях падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Палявы кінатэатр разгарнулі работнікі раёна газазабеспячэння і прапанавалі ўсім жадаючым паўдзельнічаць у віктарыне – праверыць сябе на веданне ваенных кінастужак. А за правільныя адказы ўручалі салодкі падарунак.

4.jpg



Текст:
Фото: Ольга Хотянович