Гады работы ў “Астравецкай праўдзе” ўспамінаюць Іна Дужык (Бычак) і Алена Масейка (Місюкевіч)

18:07 / 05.05.2023
За гады існавання нашай раённай газеты ў рэдакцыі змянілася мноства людзей.
Для некага ўспамінам пра «Астравецкую праўду» застаўся толькі кароткі запіс у працоўнай кніжцы, для іншых яна стала адной са станцый на жыццёвым шляху, а для многіх – справай жыцця. З тых, хто праходзіў у «Астравецкай праўдзе» школу майстэрства ці адточваў сваё журналісцкае пяро, – сённяшнія супрацоўнікі «Гродзенскай праў­ды» Іна Бычак, якую мы памятаем па проз­вішчы Дужык, і Алена Місюкевіч, якая ў «Астравецкай праўдзе» была яшчэ Масейкай. Мы папрасілі іх падзяліцца ўспамінамі пра той час, першыя крокі ў прафесію і людзей, што дапамагалі іх рабіць.

7.jpg


Гэта была школа чалавечых стасункаў

У «Астравецкую праўду» я трапіла ў жніўні 2003 года па размеркаванні пасля заканчэння ГрДУ імя Янкі Купалы. Мы былі першымі выпускнікамі, каго накіроўвалі на работу ў газеты. Канешне, хацелася застацца працаваць у абласным цэнт­ры. Астравец палохаў сваёй аддаленасцю ад «цывілізацыі», якой для мяне на той час быў любімы Гродна. Але тут жыў брат, які забяспечваў надзейны тыл, – ад усведамлення гэтага было не так страшна.
Галоўнага рэдактара Ніну Рыбік ведала завочна: шмат добрых слоў пра яе і пра «Астравецкую праўду» ва ўніверсітэце гаварылі выкладчыкі. З вышыні пражытых гадоў магу сказаць: я не памылілася, прыняўшы рашэнне ехаць на працу, як сказалі на размеркаванні, «пад крыло прафесіянала журналістыкі, выдатнай пісьменніцы, творчага і класнага чалавека».
На работу мяне, маладога спецыяліста, прынялі на пасаду загадчыка аддзела інфармацыі і сацыяль­ных праблем. У галаве адразу ўзнік вір думак і пытанняў... Новы калектыў, новае асяроддзе, новыя стасункі… Усё гэтае новае гатова было прыняць мяне ў свае прыемныя абдымкі, але сум па Гродне, па сяброўках, па ўсім, што засталося за 250 кіламетраў ад Астраўца, не пакідаў доўга… 
Помню, як супакойваў мяне ў хвіліны разгубленасці Андрэй Дашкевіч, які працаваў на той час загадчыкам раённага радыё: «Не перажывай! Ніна Аляксееўна добрая, ты малады спецыяліст, у цябе ёсць выпрабавальны тэрмін, можаш нічога не рабіць». Цяпер гэта выклікае ўсмешку, а тады было бальзамам на душу.
Выпрабавальны тэрмін скончыўся хутка. Настаў дзень, калі рэдактар вырашыла, што пара ўжо маладому спецыялісту паказаць, на што яна здатная. Першае ж заданне вывела мяне з рэжыму адаптацыі і пераключыла на іншы: хутчэй, больш, цікавей…

P9263753.jpg

Так пачаўся мой шлях у журналістыку. 
Тэарэтычныя веды і практыка – рэчы, безумоў­на, розныя. Мне шчасціла на настаўнікаў – што ў школе, што ва ўніверсітэце, што ў «Астравецкай праўдзе».
Калектыў рэдакцыі быў творчы. Кожны – асоба. Па-іншаму не магло і быць: планку задавала рэдактар – няўрымслівая, заўжды з новымі ідэямі, поўная творчых планаў. Гэта натхняла. 
Пісаць тэксты спачатку даводзілася ад рукі. Ды яшчэ на беларускай мове. Гэта быў неацэнны вопыт. Даводзілася думаць над кожным словам, каб не накрэсліць вельмі шмат, увесь час штудзіраваць руска-беларускі слоўнік. Спачатку гэта крыху нервавала, а затым прыйшла асалода ад адчування прыгажосці роднай мовы.
З павагай, добрым словам успамінаю тых, з кім давялося працаваць на працягу двух гадоў. 
…Таісію Сямёнаву, на той час адказнага сакратара, з якой мы працавалі ў адным кабінеце. Інтэлігентная, заўжды паглыбленая ў сябе, рамантычная. Вершы пісала выдатныя. Яна падтрымлівала мяне, маладую, нявопытную, добрым словам, давала парады, падказвала. І любіла, калі я рабіла каву, у мяне яна атрымлівалася заўжды з пенкай. 
…Галоўнага бухгалтара Людмілу Ярмаловіч, якая таксама сядзела з намі ў адным кабінеце. Адказная, прынцыповая. Ас бухгалтэрыі. І ў той жа час добрая, з пачуццём гумару, любячая маці.
…Асобны кабінет быў у Ганны Чакур, загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі. Прыгожая, цікавая, творчая, як кажуць, з галавы да ног. Пахвалу яе трэба было заслужыць. Яе матэрыялы што пра сельскую гаспадарку, што пра культуру, што пра вядомых людзей Астравеччыны заўжды былі захапляльнымі.
…Андрэй Дашкевіч, малады, таленавіты, быў у авангардзе нашага рэдакцыйнага жыцця. Усё ў яго атрымлівалася: ён і на радыё, і на перадавой рэпарцёрскага жанра, і фотаздымкі рабіў выдатныя. Яго архіўныя фота, а таксама Івана Петрыка, і цяпер часам праглядаю з настальгіяй.
Калі праз год у верасні мяне прызначылі на пасаду адказнага сакратара, працавалі мы ў адным кабінеце з выдатнымі прафесіяналамі: вярстальшчыкам Надзеяй Сівец і наборшчыкам Еўдакіяй Ходас. Я чарціла макеты газетнай паласы, а Надзя ўвасабляла іх на камп’ютары. Разам спасцігалі прамудрасці вёрсткі. Ніна Аляксееўна даверыла нам абнавіць дызайн газеты, арганізавала сустрэчу з выкладчыкамі БДУ. Наш творчы тандэм, думаю, апраўдаў надзеі рэдактара. Безадмоўная, гатовая заўжды прыйсці на дапамогу, добрая Надзея зараз, як і я, працуе адказным сакратаром і да гэтай пары мы з ёй час ад часу стасуемся. А Еўдакія Пятроўна засталася ў памяці чалавекам незвычайнай духоўнай прыгажосці, прыкладам жаночай чысціні, сціпласці, дабрыні.
Асаблівая старонка майго жыцця – Ніна Рыбік. Яе я лічу сваёй першай настаўніцай не толькі ў творчасці. Перш-наперш – настаўніцай чалавечых стасункаў. Яна не вучыла, як вучаць настаўнікі. Сваімі творчасцю, учынкамі, жыццёвымі прынцыпамі, недакучлівай апекай Ніна Аляксееўна нібы захапляла ў палон. Мне хацелася заслужыць яе давер, выканаць заданне так, каб яна пахваліла.
 І яна не скупілася на добрыя словы. Канешне, без заўваг і канструктыўнай крытыкі не абыходзілася. Але гэта было заўжды па справе і на карысць. Яна наогул верыла ў маладых, падтрымлівала нас ва ўсім, важдалася з намі, як са сваімі дзецьмі.
Кола стасункаў у Ніны Аляксееўны было непамерным: ад селяніна да высока­пастаўленых асоб. І з усімі яна ўмела размаўляць проста, без пафасу. Асабліва я любіла, калі яна брала мяне з сабой у камандзіроўкі. Запомнілася сустрэча з ксяндзом гервяцкага касцёла Леанідам Несцюком; журналісцкі дэсант «раёнкі» ў Падольскі сельсавет, дзе я ўпершыню пазнаёмілася са стараверамі; бальніца ў Міхалішках, дзе на сацыяльных ложках знаходзіліся адзінокія састарэлыя... Колькі жыццёвых споведзяў – да слёз – мы тады выслухалі… 
Ніна Аляксееўна заўжды давала прастор для творчасці. Сама выдатная пісьменніца, яна і ўва мне абудзіла прагу пісаць не скупымі словамі, а з пэўнай мастацкай агранкай. Прапускаць праз сябе чалавечыя лёсы. Умець разгаварыць суразмоўцу, каб ён адкрыўся. Выслухаць. Бачыць у кожным перш за ўсё чалавека. Быць шчырай у сваіх пачуццях. І я вельмі ўдзячная за такую школу прафесійнага майстэрства і чалавечых стасункаў. 
Я ўдзячна лёсу, што ў маім жыцці ўсё склалася менавіта так, як склалася. Хто ведае, можа, без Ніны Рыбік, без астравецкай «раёнкі» і не было б Іны Дужык? Ва ўсякім выпадку, такой, якой я з’яўляюся цяпер.

Іна БЫЧАК (ДУЖЫК), адказны сакратар.

Цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі!

У дзяцінстве я марыла стаць настаўнікам беларускай ці рускай мовы і паціху «ўжывалася ў ролю»: вяла дома журнал, куды запісвала прозвішчы прыдуманых вучняў, а часам – сваіх аднакласнікаў, ставіла ім адзнакі, запісвала хатнія заданні. Была шчаслівай, калі настаўнікі дазвалялі праверыць сшыткі, выправіць памылкі і нават паставіць адзнаку. Ганарылася, калі падчас дзён школьнага самакіравання давяралі правесці сапраўдны ўрок! 
А ў старэйшых класах усё рэзка змянілася. Я і не помню, адкуль узялося жаданне стаць журналістам. Напэўна, нехта з настаўнікаў, заўважыўшы маю здольнасць пісаць сачыненні, параіў. У той год у Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы ўпершыню аб’явілі набор на спецыялізацыю «літаратурная работа ў газетах і часопісах». Так збег абставін (а можа, лёс: у Гродна я сустрэла будучага мужа) накіраваў мяне ў купалаўскі ўніверсітэт.
Падказалі, што добрым бонусам для паступлення будзе мэтавае накіраванне, якое да таго ж гарантуе наступнае працаўладкаванне. Прыйшлі мы з мамай у рэдакцыю, пагутарылі з галоўным рэдактарам. Ніна Рыбік з такім захапленнем расказвала пра сваю прафесію, што ўсякія сумненні, якія яшчэ заставаліся, адпалі. 
Адной з умоў для абітурыентаў была наяўнасць публікацый. Ніна Аляксееўна растлумачыла, што сачыненні, нават самыя цудоўныя, для газеты не падыходзяць. Уяўляю, колькі давялося карпець над маімі першымі опусамі вопытным журналістам, ператвараючы іх у газетныя артыкулы, – дзякуй ім вялікі за цярплівасць. Памятаю свае артыкулы «Аб’ядноўвае «Лотас» – пра аднайменны клуб для падлеткаў, які арганізавала і вяла Галіна Неціоўская, «Спатканне з Італіяй» – пра вандроўку ў гэтую краіну і сустрэчу з Папам рымскім вучаніцы СШ №2 Святланы Дуброўскай.
Вырашыла я расказаць у газеце пра любімую настаўніцу Марыю Іванаўну Дземяшкевіч. Ніна Аляксееўна прапанавала зрабіць гэта ў форме інтэрв’ю – паспрабаваць сябе ў сур’ёзным журналісцкім жанры. «Пагартай, – параіла, – газеты, паглядзі, якія пытанні журналісты задаюць сваім героям…» Я «накапала» пытанняў са старых газет, настаўніца шчыра на іх адказала, ды яшчэ і дапамагла аформіць дастойнае інтэрв’ю. Прынесла, задаволеная, рэдактару свой «вялікі твор» – Ніна Аляксееўна адразу ж успомніла, з якіх менавіта матэрыялаў я ўзяла пытанні, дапамогу настаўніцы таксама заўважыла. Але ў выніку матэрыял атрымаўся добры, я яго да гэтага часу памятаю. 
Пасля таго ў мяне з’явіўся сапраўдны журналісцкі азарт! Усе свае публі­кацыі ў «Астравецкай праўдзе» выразала і складвала ў асобную папку, перачытвала па некалькі разоў. Некалькі матэрыялаў надрукавалі ў газеце «Пераходны ўзрост». Куплю газету са сваім артыкулам і дахаты лячу, нібы на крылах!
Гады вучобы праляцелі хутка. Пасля заканчэння ўніверсітэта вярнулася ў Астравец. У калектыве мяне сустрэлі добразычліва, кожны гатовы быў падказаць тэму, параіць, як яе лепш раскрыць. Я з захапленнем назірала за працаздольнасцю Ганны Чакур, Таісы Сямёнавай, Іны Дужык – дзівілася, як можна так добра разбірацца ў розных тэмах. Трэба напісаць пра сельскую гаспадарку – калі ласка, пра медыцыну – няма праблем, пра адукацыю – зараз зробім, пра камунальную гаспадарку – лёгка!
Праз месяц работы мяне накіравалі на радыё. Ох і давялося папацець! Ці ж жартачкі: 20-хвілінная перадача тройчы на тыдзень – і ўсё трэба зра­біць самому: знайсці навіны, запісаць перадачу, зманціраваць яе, выпусціць у эфір… 
Неяк трэба было запісаць выступленне начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі да раённых «Дажынак» – яно павінна было адкрываць свята. Я да начальніка, а ён не ідзе на кантакт: то заняты, то на выездзе, то «давайце пазней»… А час, між тым, падціскае! Ніна Аляксееўна выслухала мае стогны і енкі і кажа: «Бяры магнітафон, садзіся ў прыёмнай і чакай… Да «Дажынак» яшчэ двое сутак – некалі ж ён з’явіцца на рабочым месцы. А ты што думала: у рай трапіла? Журналісцкі хлеб – ён такі… Не пускаюць у дзверы – лезь у акно!» 
Так і зрабіла. Гадзіну чакаю ў прыёмнай, дзве, тры… Познім вечарам начальнік усё ж з’явіўся – я выканала заданне і ўздыхнула з палёгкай. А калі раніцай з дынаміка гучалі яго віншаванні, слухала іх, як гераіня: баявое хрышчэнне прайшла паспяхова! 
Гэты вопыт, дарэчы, пазней мне вельмі спатрэбіўся: у гродзенскай раённай газеце «Перспектыва», дзе я стала працаваць, калі пераехала ў абласны цэнтр, таксама пачынала на радыё. Цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі!

19.jpg

Падчас работы ў Астраўцы ў маім жыцці адбылася важная падзея: у верасні 2004 года я выйшла замуж. Калегі павіншавалі мяне ў ЗАГСе і падарылі пыласос – патрэбную ў гаспадарцы рэч. А фотакарэспандэнт зрабіў здымак, які затым быў надрукаваны ў газеце і да гэтага часу захоўваецца ў нашым вясельным фотаальбоме. 

Алена МІСЮКЕВІЧ (МАСЕЙКА), рэдактар аддзела.


Текст: Главный администратор