"Астравецкая праўда" выбирает своих победителей

10:30 / 01.01.2013

Перад Новым годам журналісты розных знакамітых выданняў любяць вызначаць усялякіх там “гадавікоў”: чалавека года, падзею, спартсмена года, артыста – ну і гэтак далей, прастор фантазіі не абмежаваны.
“Астравецкая праўда” вырашыла трымацца ў рэчышчы сусветных тэндэнцый. Але размах у нас не той, як у “АіФ” ці “Камсамолкі”, ды і, па праўдзе кажучы, браць на сябе падобную смеласць – вызначаць “чалавека года” -- неяк рызыкоўна: а раптам наш выбар не супадзе з вашым, шаноўныя чытачы? Пагэтаму вырашылі мы абмежавацца больш вузкім колам, да таго ж тым, у чым маем нейкае паняцце, і вызначыць “гадавікоў” у розных намінацыях сярод людзей і арганізацый, з якімі працуем разам доўга і плённа.


Найперш погляд наш упаў на нашых пазаштатных аўтараў. Бо, як бы ні стараліся журналісты ўсюды паспець і пра ўсё і пра ўсіх напісаць – гэта проста немагчыма. І без нашых памочнікаў, якія і тэму пакажуць, а, калі трэба, то і “раскрыць” яе дапамогуць, нам давялося б цяжка.
Лепшых няштатных аўтараў мы вырашылі вызначыць у некалькіх намінацыях.
Самым актыўным і плённым з іх рэдакцыйны калектыў прызнаў ветэрана педагагічнай працы і такога ж даўняга нашага “няштатніка” з Варнян Людмілу Кухарэвіч. Яе журналісцкія матэрыялы самых розных жанраў і тэматыкі рэгулярна змяшчаюцца на старонках газеты, і чытачы, якія выбіраюць сабе “чытво” па прозвішчу аўтара, ужо ведаюць: Кухарэвіч – гэта заўсёды цікава, крыху лірычна -- словам, “стыльна” ва ўсіх сэнсах гэтага слова.
За перамогу ў гэтай намінацыі з Людмілай Іванаўнай магла б паспаборнічаць бібліятэкар са Спондаў Іаланта Валуевіч. На жаль, Іаланта Францаўна піша не так шмат, але затое кожны яе матэрыял – гэта “бомба”. І, вызначаючы лепшы матэрыял пазаштатнага аўтара, наша рэдкалегія аднагалосна спынілася на яе грунтоўным і, што не менш значна, цікавым, пранікнёным, прасякнутым любоўю да роднага краю даследаванні “Вёсачка “з понтам”, прысвечанаму Спондам.
На старонках газеты часта друкуюцца фотаздымкі пазаштатных аўтараў. Вызначаючы лепшага няштатнага фотакарэспандэнта, мы знаходзіліся, прама скажам, у разгубленасці: у кожнага аўтара – свой стыль, сваё бачанне свету, свая філасофія, калі хочаце. Пасля доўгіх спрэчак перамогу ў гэтай намінацыі аддалі актыўнасці: нашаму былому фотакарэспандэнту Івану Петрыку, які і зараз супрацоўнічае з газетай і адгукаецца на любую просьбу аб дапамозе, рэгулярна, прыносячы ў рэдакцыю “трафеі” свайго фота-палявання.
Яшчэ адзін былы супрацоўнік нашай рэдакцыі – Таіса Сямёнава. Хоць язык не паварочваецца назваць пазаштатным аўтарам: хоць яна і выбрала для сябе пасля выхаду на заслужаны адпачынак амплуа “свабоднага журналіста”, нашы чытачы, магчыма, і не заўважылі той акалічнасці, што Таіса Сямёнаўна ўжо не працуе ў штаце: яе цікавыя і разнапланавыя матэрыялы гэтак жа рэгулярна з’яўляюцца на старонках газеты. Яна магла б прэтэндаваць на перамогу ў многіх намінацыях, але ж самай бясспрэчнай і адназначнай для Таісы Сямёнаўны з’яўляецца намінацыя “Лепшы верш” – думаецца, тыя нашы чытачы, хто чытае “Літаратурную старонку” ў “Астравецкай праўдзе”, пагодзяцца з гэтым.
Пры вызначэнні лепшага празаіка ўзніклі доўгія спрэчкі: адны галасавалі за Алёну Гануліч, другія – за Ніну Міралькову, трэція – за Яніну Галіну. Менавіта іх, трэціх, і было больш за ўсё, і перамогу ў гэтай намінацыі мы аддаём менавіта гэтаму аўтару “вершаў у прозе”, шчырых і пранікнёных абразкоў, які рэгулярна змяшчаюцца на старонках нашай газеты.
А вось з пераможцам у намінацыі “Самы актыўны ўдзельнік рэдакцыйных конкурсаў” спрэчак не было, бо такім несумненна і відавочна з’яўляецца Рэгіна Дрэма. Ячкі б конкурс ні аб’явіла рэдакцыя – Рэгіна Іосіфаўна заўсёды ў ліку першых і самых актыўных яго ўдзельнікаў. І нават калі перамога дастаецца не ёй, гэтая адвечная аптымістка не спыняецца і, што самае галоўнае, не крыўдзіцца. “Не перамагла сёння – перамагу заўтра,” -- справядліва лічыць Рэгіна і з вартым пераймання пастаянствам дасылае свае творы на ўсе заяўленыя конкурсы.
Самым удалым дэбютам года рэдакцыя назвала фотаработы Алега Кардзіса з Альхоўкі – нашы чытачы, магчыма, памятаюць яго фотанарыс, змешчаны ў газеце напачатку снежня. Моцна хворы хлопчык, які не мае магчымасць наведваць школу і вучыцца на даму, тым не менш у сваіх фотаздымках шчодра дорыць здаровым і шчаслівым людзям сваю прагу жыцця, уменне любіць свет і радавацца яго прыгажосці.
На перамогу ў намінацыі “Партнёр года” прэтэндавалі многія арганізацыі і ўстановы -- і тым не менш такім была названа ААТ “”Ніжагародская інжынірынгавая кампанія “Атамэнергапраект” – генеральны падрадчык будаўніцтва атамнай электрастанцыі, сумесна з якой рэдакцыя “Астравецкай праўды” кожны месяц рыхтуе спецыяльны праект “Беларуская атамная”, аналагаў якому, здаецца, няма ў іншых рэгіянальных газетах краіны.
А лепшым рэкламадаўцам, які змяшчае на старонках газеты найбольш рэкламных матэрыялаў і, што немалаважна, своечасова і ў поўным аб’ёме за іх разлічваецца, названа ВУ “Астравецрайгаз.
Газета не дайшла б да чытача, калі б не нашы партнёры і памочнікі – работнікі пошты. У намінацыі “Лепшы распаўсюджвальнік “Астравецкай праўды” пераможцам названа паштальён аддзялення паштовай сувязі Гудагай Марыя Сальмановіч.



Свае заслужаныя ўзнагароды і адпаведныя дыпломы пераможцы ва ўсіх дзесяці намінацыях атрымаюць падчас чарговага Дня “Астравецкай праўды”, які адбудзецца ў Астраўцы напачатку года.

А пакуль што – прымайце нашы віншаванні. І – будзем сябраваць і надалей! З пераможцамі і ўсімі астатнімі нашымі чытачамі і няштатнымі аўтарамі і партнёрамі!
Да сустрэч у новым годзе!


Галоўны рэдактара “Астравецкай праўды”  Ніна РЫБІК.