Раіса Лукша будучага мужа ўбачыла ў сне

08:00 / 20.02.2023

Расказвае Раіса Рыгораўна:
– Хочаце верце, хочаце – не, але мужа будучага я прысніла. Прычым двойчы.
Я ў той час вучылася ў Ленінградзе ў кулінарным вучылішчы, дзе рыхтавалі повараў для газавікоў, якія працуюць у палявых умовах. З нашай вёскі – я родам са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці – туды многія паступалі. Пасля заканчэння гэтага вучылішча можна было ўладкавацца на добрую работу з прыстойнымі заробкамі. У мяне на той час ужо не было бацькоў: мама памерла ад сардэчнага прыступу, бацька патануў – і я магла разлічваць толькі на сябе. Таму і падалася пасля школы ў Ленінград, каб атрымаць прафесію, якая будзе карміць усё жыццё.
І вось у ноч на Ражаство прысніла, што танцую ў клубе з прыгожым высокім светлавалосым хлопцам. Я не варажыла – сон проста так і ўбачыла. 
Праз год, у тую ж святую ноч, зноў сню таго ж хлопца: нібыта мы ляжым з ім на адной падушцы...
З таго часу стала прыглядацца да стрэчных юнакоў: можа, каторы з іх і ёсць той, што быў у сне? Але нікога падобнага не сустракала.
Закончыла вучылішча. Майстар шкадавала мяне, сірату,  прапаноўвала заставацца ў паўночнай сталіцы – маўляў, паступіш у інстытут, станеш тэхнолагам ці загадчыкам вытворчасці – гэта ж не каля пліты стаяць, жыллё з цягам часу атрымаеш. Я не пагадзілася: якая там зарплата ў тэхнолага? Марыла паехаць на поўнач… Так, за доўгім рублём. А хто б мне дапамог тым рублём?
Сястра з мужам тым часам пераехалі ў Малі – будавалі ў калгасе нешта «шабашнікі» столінскія, многія з іх потым тут атабарыліся. Стала яна прасіць: прыязджай бліжэй да мяне, удваіх лягчэй будзе… На размеркаванне я ішла першай і папрасілася ў Вільнюс. На літоўскую сталіцу было толькі 2 месцы на тры групы, 90 чалавек, – мне пашчасціла.
У адзін з першых выхадных прыехалі мы з сяброўкай у госці да сястры. Выйшлі прагуляцца, а тут моладзь з турыстычнага злёту прыехала. І ўбачыла я ў натоўпе хлопцаў высокага прыгажуна са свайго сна. Погляды нашы сустрэліся… З таго дня больш не развітваліся.
Дарэчы, сястра праз нейкі час вярнулася на радзіму. Такое ўражанне, што ёй трэба было сюды прыехаць толькі для таго, каб мы з Тадзікам спаткаліся. 
Новы 1988 год сустракалі разам – і Тадзік зра­біў мне прапанову. 13 лютага мы пажаніліся. Распісваліся ў мальскім клубе – і я пазнала файе з калонамі, дзе мы танцавалі ў першым маім сне. 
Мяне не хацелі адпускаць з працы. Мужу прапа­ноўвалі пераязджаць у Вільнюс, давалі работу, абяцалі жыллё. Ды дзе там: радзіма… Не скажу, каб мяне вельмі вабіла вёска, але ж куды іголка – туды і нітка.
Сталі жыць у Малях. Напачатку – з яго бацькамі. Я да першага дэкрэтнага працавала ў падсобным цэху. А калі Юлька крыху падрасла, прапанавалі пайсці поварам у калгасную сталовую. Цяжка было: я адна, а карміць трэба дзве змены падсобнага цэха і ўвесь калгас. Але і зарпату атрымлівала пад тысячу рублёў! Гэта ў час, калі і 200  лічыліся добрым заробкам.
Хутка падаспеў другі дэкрэтны… Андрэйку было 8 месяцаў, калі мяне паклікаў тагачасны старшыня калгаса «Чырвоны Кастрычнік» Часлаў Іосіфавіч Рынкевіч і прапанаваў выйсці на работу: патрабаваўся повар у дзіцячы садок, які калгас толькі што здаў у эксплуатацыю. Я ў роспачы: а куды дзіця дзець? «У садок аддасі», – быў адказ. Калгас купіў вялікі манеж, у якім наш Андрэйка і бавіўся, пакуль мама баршчы варыла ды катлеты смажыла.
 Канешне, я б не пагадзілася на гэтую авантуру, але Часлаў Іосіфавіч зрабіў прапанову, ад якой немагчыма было адмовіцца: дом. Недабудаваны, ні вокан, ні дзвярэй не было. Але ж свой. І яшчэ крэдыты двойчы праўленне выдзяляла беспрацэнтныя, каб яго дабудаваць і выкупіць. Усё жыццё ўспамінаю Часлава Іосіфавіча з удзячнасцю, так ён нам дапамог!
У садку я працавала больш за 15 гадоў. А ўво­гуле поварам – больш за 30. Любіла сваю работу! Не ўяўляю, чым яшчэ магу займацца. Але стала хварэць, давялося пакінуць працу.
Дзеці нашы ўжо выраслі, вывучыліся. Юля закончыла Акадэмію МУС, атрымала два дыпломы з адзна­кай – юрыста і крыміналіста. Андрэй выпуснік Ваеннай акадэміі, цяпер служыць у Асі­повічах. У абодвух сем’і. У нас добрыя зяць і нявестка, цудоўныя ўнукі: шасцігадовы Герман і пяцігадовая Сонечка. 
Мы радуемся, што дзеці сталі дастойнымі людзь­мі, што ўсё ў іх добра – работа, сем’і, жыллё. Чым можам – дапамагаем. Хоць яны і самі рупяцца, не чакаюць, калі бацькі нешта ў дзюбу пакладуць.
А мы засталіся ўдваіх. Муж мяне шкадуе, аберагае, асабліва цяпер, калі стала хварэць. Ды ўсё жыццё я за ім пражыла як за каменнай сцяной. І ні пра што ў жыцці не шкадую: ні што ў Піцеры не засталася, хоць і мару калі-небудзь з’ездзіць туды з Тадзікам, спаткацца са сваёй маладосцю; ні што Вільнюс змяніла на Малі. Галоўнае ж не дзе жыць, а з кім. Калі побач твая сям’я, дарагія сэрцу людзі, то ўсюды добра і шчасліва і ўсе нягоды можна перажыць.
Текст: Нина Рыбик