Спасибо за помощь, островчане!

08:07 / 19.12.2012

"Астравецкая праўда"  пісала, што 3 снежня з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў аддзел культуры райвыканкама сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавалі дабрачынны канцэрт у падтрымку дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі – а такіх у нашым раёне 7, а таксама хлопчыку, хвораму на гемафілію. Ужо праз некалькі дзён дапамога знайшла сваіх адрасатаў.






Дзякуючы нераўнадушным людзям, якія купілі білеты на канцэрт, арганізацыям раёна, якія пералічылі грошы на пазабюджэтны рахунак аддзела культуры, а таксама майстрам раённага і Гервяцкага Дамоў рамёстваў, якія перад канцэртам арганізавалі распродаж сваіх вырабаў, удалося назбіраць для хворых дзяцей значную суму грошай – з вылікам падаткаў атрымалася 26 мільёнаў. 12 снежня дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Анастасія Клімашэўская, дырэктар раённага Дома рамёстваў Тамара Гаваноўская, спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Свірская і аўтар гэтых радкоў адправіліся ў сем’і, дзе выхоўваюцца хворыя дзеці, з добрай місіяй – уручыць грошы, якія былі сабраны падчас дабрачыннай акцыі, і салодкія падарункі пад ёлку на Новы год.



Кожная з васьмі сямей атрымала па 3 250 000 рублёў (3 мільёны – ад выручкі за дабрачынны канцэрт, і 250 тысяч – ад касцёла Космы і Даміяна) – безумоўна, гэтыя грошы не будуць лішнімі для хворых дзяцей.

Дзеці і іх бацькі падзякавалі ўсім жыхарам раёна, якія працягнулі ім руку дапамогі. Іх вочы свяціліся, і было бачна, што яны радуюцца не столькі грошам, колькі клопату і ўвазе, якімі іх адарылі здавалася б абсалютна чужыя людзі. Чужыя блізкія людзі…


Вольга ШОЎКУН, фота аўтара.