Островецкие медики на межрайонном КВНе

10:00 / 01.12.2012
2

Выязную тэрапію гумарам правялі медыцынскія работнікі з чатырох раёнаў – Ашмянскага, Астравецкага, Смаргонскага і Навагрудскага. На міжраённым КВЗ “Жартам сказана, ды ўсур’ёз задумана”, які прайшоў 16 лістапада ў Смаргоні, людзі ў белых халатах прадэманстравалі, што ў іх ёсць талент не толькі лячыць, а яшчэ і ўздымаць настрой людзям.


Першы раз падобнае мерапрыемства праводзілася 9 гадоў назад – тады каманда Астравецкай ЦРБ стала лепшай. Сёлета было прынята рашэнне аднавіць гэтую традыцыю і надалей часцей сустракацца на вечарах гумару і смеху.
У самы кароткі тэрмін каманда нашых медыкаў – якая, дарэчы, узяла сваю мінулую назву “Вірус-транзіт” – падрыхтавала яркую і іскрамётную праграму. А дапамогу ім аказаў аддзел культуры. Некалькі дзён каманда і яе мастацкія кіраўнікі карпелі над сцэнарыем, прыдумвалі жарты, рэпеціравалі, перапісвалі, зноў рэпеціравалі – і нарэшце “Вірус-транзіт” у поўнай баявой гатоўнасці адправіўся ў Смаргонь, каб пазмагацца з іншымі камандамі на рынгу весялосці і знаходлівасці.
Праграма традыцыйна складалася з трох конкурсаў: прывітання, музычнага конкурсу і хатняга задання. Улічваючы, што сцэнарый рыхтавалі медыцынскія работнікі, а ў зале прысутнічалі ў асноўным іх калегі, то кожная тэма знаходзіла водгук у  гледачоў – усе смяяліся ад душы. Узнімалася праблема дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, і “вірус-транзітнікі” пры дапамозе лагічнага ланцужка прыйшлі да высновы, што, чым больш высокая ўраджайнасць у краіне – тым лепшая дэмаграфічнай сітуацыя. Так што ўся надзея на вас, хлебаробы!
Работа і адпачынак урачоў, праблемы вакцынацыі, будаўніцтва АЭС – на гэтыя і многія іншыя злабадзённыя пытанні жаратавалі нашы медыкі.
Не абышлі яны і тэму скандалаў у паліклініцы. Асабліва рассмяшыла мініяцюра пра бабулю, якая прыйшла ў Беларусбанк, але, убачыўшы, што тут “лавіць” няма чаго, бо ўсе касы працуюць і чаргі няма, пайшла скандаліць у паліклініку. І такое здараецца!
У музычным конкурсе астравецкія медыкі дзяліліся тым, як яны ўмеюць адпачываць. Толькі ці можна гэта назваць адпачынкам? Прыедзеш на рыбалку і толькі кляваць пачне, ці прыгожую дзяўчыну запросіш у госці, ці проста паедзеш у круіз – у самыя прыемныя і радасныя моманты жыцця абавязкова раздасца тэлефонны званок: на работу! Хіба гэта жыццё? Хаця  “айбаліты” прызнаюцца, што без такіх званкоў і дзяжурстваў яны, напэўна, аслаблі б.
Але асноўнай “фішкай” нашай каманды стала хатняе заданне – вось тут ужо зала смяялася да слёз. Заўсёды праходзіць на “ўра” расповед пра тое, як рэагуюць людзі розных нацыянальнасцей на тыя ці іншыя пытанні нашага жыцця. Улічваючы, што атамную станцыю ў Астраўцы будуюць усім светам, астравецкія медыкі вырашылі паразважаць пра тое, як мужчыны розных нацыянальнасцей сустракаюць сваіх каханых каля астравецкага раддома. Атрымалася ў іх гэта вельмі ярка і дасціпна. Словам, малайцы!
Увогуле выступленне каманды “Вірус-транзіт” прайшло на адным дыханні і было прасякнута такім пазітывам, што змагло зарадзіць залу добрымі эмоцыямі. А для саміх гумарыстаў, як прызнаўся адзін з удзельнікаў каманды, ён жа – намеснік галоўнага ўрача У.Ч. Мажэйка, удзел у КВЗ стаў своеасаблівай перамогай над сабой. Сапраўды, разняволена і артыстычна выступаць на сцэне, даносіць свае жарты да гледачоў патрабуе ад людзей, не звязаных з прафесіяй культработніка, сапраўднага майстэрства і маральнай вытрымкі.
Нашы медыкі даказалі, што ўмеюць не толькі лячыць, а яшчэ быць артыстамі, спевакамі і гумарыстамі. У выніку на міжраённым КВЗ яны занялі другое месца, саступіўшы пальму першынства ашмянскай камандзе.
Некалькі слоў хацелася б дадаць пра групу падтрымкі каманды Астравецкай ЦРБ – яна была самай актыўнай і галасістай. Спецыяльная форма, плакаты, слоганы – балельшчыкі падрыхтаваліся да конкурсу не менш, чым артысты. І калі б праводзіўся дадатковы конкурс сярод груп падтрымкі, то астравецкая заняла б першае месца.
– Усе нашы бальнічныя КВЗэншчыкі – малайцы! – дзеліцца сваімі ўражаннямі ад свята гумару галоўны ўрач Астравецкай ЦРБ В.І. Тачоны. – Я ўдзячны, што яны адразу адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у гэтым конкурсе і з ахвотай падрыхтавалі праграму. Канешне, хацелася б падзякаваць аддзелу культуры за падтрымку, у прыватнасці, яго начальніку С.Л. Сяўко за прадастаўленыя касцюмы для вакальнай групы “Астраўчанка”, якая радавала гледачоў сваімі песнямі паміж конкурсамі.
Дарэчы, на падвядзенні вынікаў было прынята рашэнне аб штогадовым правядзенні КВЗ сярод медработнікаў, і ў наступным годзе пляцоўкай для свята гумару і смеху абраны Астравец. Так што – сустрэнемся!


--------------------------
Вольга ШОЎКУН.