Ігар Марзалюк пагаварыў з астраўчанамі пра захаванне гістарычнай памяці і генацыд беларускага народа

10:30 / 28.11.2022
364

Дыялогавая пляцоўка, на якой разгледзелі тэмы недапушчэння рэабілітацыі нацызма і злачынствы Арміі Краёвай супраць беларускага народа, прайшла ў шматфункцыянальным культурным комплексе з удзелам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктарам гістарычных навук, прафесарам Ігарам Марзалюком. Яна стала лагічным прадаўжэннем інтэрактыўнай выставы “Партызаны Беларусі”, якую прэзентаваў выдавецкі дом “Беларусь сегодня”.

У абмеркаванні тэмы захавання гістарычнай памяці і выхавання патрыятызму таксама прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, пракурор раёна Аляксей Тамчанок і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, сілавых структур, арганізацый і прадпрыемстваў Астравеччыны, школьнікі.


– Большасць з нас непрафесійныя гісторыкі і ніколі імі не стануць. Але хочацца, каб мы праз адукацыю, выхаванне, мемарыяльную палітыку, фільмы, культуру стваралі ёмісты малюнак беларускай прышласці – ад узнікнення дзяржаўнасці да Рэспублікі Беларусь. У кожнага народа ёсць пэўныя сімвалы, якія павінны ведаць усе, якія выклікаць пазітыўныя пачуцці. Важнейшая задача гістарычнай палітыкі і ўсяго таго, што робіць сёння ўлада, – супольна стварыць вобраз беларускай вечнасці, каб кожны беларус з дзяцінства ўспрымаў прыналежнасць да Беларусі як кісларод, без якога нельга існаваць; каб ён разумеў, што за яго спінай – традыцыі; што ён невыпадкова нарадзіўся тут, у гэтай краіне, і ён не горшы за іншых. Гэта адчуванне сваёй годнасці, і нам трэба навучыцца шанаваць і любіць сваё, і з гонарам пра гэта гаварыць, – упэўнены Ігар Марзалюк.

– Я – праект 17 верасня 1939 года, – адзначыў падчас гутаркі з астраўчанамі Ігар Марзалюк. – Так сталася гістарычна, што з дзяцінства бачыў жыццё Заходняй і Усходняй Беларусі, мог многае параўноўваць. Хачу адзначыць, пры ўсёй нашай разнастайнасці, мы захавалі еднасць і можам сёння смела гаварыць: мы – беларусы, у нас адзіны гістарычны код. Калі еду ў які-небудзь рэгіён, стараюся акцэнтаваць увагу на яго спецыфіцы, разумеючы, што ў кожным свае адметнасці і адценні. Многія людзі пытаюцца: як пры нашай разнастайнасці захаваць еднасць? Адказваю: беларуская мадэль камунікацыі паўставала ў выніку ўзаемадзеяння дзвюх важнейшых канфесій – праваслаўнай, да якой належыць большасць людзей на нашай тэрыторыі, і каталіцкай. І ў нас няма варожасці паміж сабой і не было ніколі. Нашы вытокі паходзяць з той пары, калі былі больш, чым адна вера, больш, чым адна этнічная супольнасць. Адсюль і наша беларускае звыклае слова “цярпімасць”.

Менавіта гэтая цярпімасць і талерантнасць беларусаў прывялі да таго, што на многія факты Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне шмат гадоў з лепшых памкненняў, як нам здавалася, прыкрывалі вочы.

– За 1941 год няма ніводнага дакументальна засведчанага выпадку збройнага супрацьстаяння супраць нямецкіх акупантаў на гэтых землях з боку польскіх падпольных структур. Па адступаючых войсках Чырвонай арміі – яны стралялі, па партызанскіх атрадах – стралялі. І масава па загаду польскай улады пайшлі супрацоўнічаць з акупантамі ў іх адміністрацыю. Чаму? Каб панаваць у гэтым рэгіёне. Таму і пачалося вынішчэнне беларускага нацыянальнага актыву, разбіраліся з усім беларускім, што было на нашай тэрыторыі, – адзначыў Ігар Марзалюк.


Армія Краёва на тэрыторыі Беларусі дзейнічала ў чатырох акругах: Беластоцкім, Віленскім, Навагрудскім і Палескім – у ёй налічвалася больш за 10 тысяч чалавек.

– Нам не вядома ніводнага факта, каб акаўцы абаранілі ад знішчэння цывільнае беларускае праваслаўнае насельніцтва. Для ўмацавання польскасці, павелічэння баявых атрадаў АК сюды прыязджалі цэлымі групамі этнічныя палякі з Кракава, Любліна, Варшавы. Беларусаў у складзе Арміі Краёвай практычна не было. Наша насельніцтва падтрымлівала савецкіх партызан, што стварала для іх крывавыя непрыемнасці ад акаўцаў, – расказаў выступаючы.

Пра ўсё гэта сведчаць дакументы, якія захаваліся ў архівах. Акаўцы нават тады, калі супрацоўнічалі з партызанамі, а гэта закончылася ў 1943 годзе, лавіравалі паміж імі і немцамі: пры забойстве мірных жыхароў партызанам яны гаварылі, што ліквідавалі людзей за сувязь з немцамі, а немцам – што яны расстралялі сталінскіх жыда-бандытаў.

– Вось вытрымка з дырэктывы, падпісанай адным з кіраўнікоў Палескай акругі АК, “сливайтесь с партизанами, завоевывайте у них авторитет и доверие, а при удобном случае – убивайте их!” – такая была палітыка. Але самае жудаснае пачнецца ў другой палове 1943 года, калі немцы зрабілі стаўку на падраздзяленні АК на тэрыторыі Беларусі – і тыя пайшлі з імі на супрацоўніцтва – яны цалкам кантралявалі тэрыторыю былой Заходняй Беларусі. Толькі атрады Навагрудскай акругі АК у асенне-летні перыяд 1943-1944 гадоў правялі 81 аперацыю супраць беларускіх партызан – і гэта былі не дробныя сутычкі.

Ігар Аляксандравіч узгадаў гістарычныя факты, калі ўкраінскія, літоўскія і латышскія паліцэйскія фарміраванні забівалі ні ў чым невінаватых людзей, палілі і знішчалі вёскі.

Пагаварылі падчас сустрэчы і пра неабходнасць і важнасць захавання гістарычнай памяці – пры гэтым, па словах Ігара Марзалюка, рабіць гэта трэба ненавязліва.

– Мы проста павінны навучыцца чуць адзін аднаго. Нас спрабавалі нацкаваць адзін на аднаго, правесці лінію падзелу. І мне шкада тых хворых людзей, што мараць не пра памнажэнне любові сярод беларусаў, а пра ўзмацненне нянавісці. Ніколі не паверу ў прадуктыўнасць ідэі, пабудаванай на знявазе толькі за розныя густы. Таму, бываючы ў розных рэгіёнах, мы ўсе думаем найперш пра адзіную Беларусь і разумеем, што наша краіна – самая вялікая фундаментальная каштоўнасць, наш агульны нацыянальны дом, які нам будаваць разам!


Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений