Якім было надвор’е 28 верасня - 4 кастрычніка

09:59 / 28.09.2022
147
Восень сёлета прыйшла па раскла­дзе – у першыя дні верасня – і панавала амаль увесь месяц: то прымаразкамі ранкі студзіла, то халоднымі дажджамі зямлю палівала, то вятрамі зрывала лісце… Усе хутаюцца ў кофты і курткі ў чаканні бабінага лета і цяпла ў кватэрах, але  прыход і аднаго, і другога зацягваецца.

Якой была мяжа паміж вераснем і кастрычнікам у іншыя гады, мы даведаліся, пагартаўшы дзённікі варонскіх натуралістаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.

Дзённая тэмпература ў межах +10°С звычайная для гэтага перыяду. І менавіта на яго прыпадае самы прыгожы час восені, за які яго так любяць мастакі, паэты і іншыя рамантыкі, – бабіна лета. Такім быў канец верасня ў 1989 годзе: тэмпература да +20°С, сонца… А вось кастрычнік у тым жа годзе пачаўся з пахаладання: ноччу +3°С, днём +6-8°С. Падобныя рэзкія метамарфозы адбываліся з надвор’ем і ў 1998 годзе. 

Прыгожым развітаннем з летам быў тыдзень з 28 верасня па 4 кастрычніка ў 1991-м: +20°С 30 верасня, +15°С 4 кастрычніка. Стэфан Рамэйка зафіксаваў грымоты і бліскавіцы 1 кастрычніка 1991-га і 2 кастрычніка 2006 года. 

На пачатак кастрычніка прырода «прызначыла» бабіна лета ў 1996 годзе: дзённая тэмпература складала +24°С. Цёплым быў гэты тыдзень восені і ў 1999, 2002, 2003, 2005, 2006, 2007, 2011, 2014, 2016 гадах.   

Верасень – час першых прымаразкаў. Сёлета яны «выскачылі» рана, на самым пачатку месяца. А ў 1992-м і 2002-м, як сведчаць запісы Стэфана Рамэйкі, замаразкі адзначаліся 23 і 24 верасня, у 2000 годзе – у перыяд з 22 па 25-га, у 1993 годзе – у апошні дзень месяца. У 1998-м першыя прымаразкі былі 1 кастрычніка, а 3-га слупок тэрмометра ноччу апускаўся да –4°С. «Ноччу замерзла вада ў вёдрах», – запісаў 2 кастрычніка 2014 года Станіслаў Памецька. 

Народныя прыкметы

Калі журавы адлятаюць у вырай у першы дзень кастрычніка, то на Пакровы (14 кастрычніка) трэба чакаць маразоў і ўвогуле зіма абяцае быць ранняй. 
Паўночны вецер 3 кастрычніка «прадказваў» блізкія халады, паўднёвы – пацяпленне, заходні – дажджы, усходні – сухое надвор’е. 
Калі на Астафія (3 кастрычніка) ляціць павуціна пры цёплым і туманным надвор’і – снег выпадзе не хутка.
Надвор’е, якое стаяла 4 кастрычніка, будзе трымацца чатыры тыдні. Калі ў гэты дзень ясна і дзьме паўночна-ўсходні вецер, то зіма абяцае быць халоднай.


Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.



Фото: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений