Пра фронт восеньскіх работ раённых аграрыяў расказаў Міхаіл Шлыковіч
09:58 / 09.09.2022
– Масавае жніво скончылася, хоць у раёне працягваецца абмалот грэчкі і проса. Як бы размеркавалі месцы на жніўным п’едэстале сярод гаспадарак раёна, ці якія адзнакі па 5-цібальнай шкале паставілі б ім?
– Ставіць адзнакі – не мая прэрагатыва. Хто лепш спрацаваў, той і сабраў большы ўраджай. Хоць для гэтага не ва ўсіх гаспадарках былі магчымасці: у тых жа «Варнянах», напрыклад, хлебаўборачную тэхніку не абнаўлялі больш за 10 гадоў і яны былі найменш пад патрэбу забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі.
З большага станоўча ацэньваю правядзенне ўборачнай ва ўсіх КСУПах, ураджай убралі без асаблівых страт – хтосьці сам, камусьці дапамаглі суседзі.
Найбольш паспяхова, на маю думку, на жніве спрацаваў КСУП «Гудагай»: збожжа на круг давала звыш 50 цэнтнераў пры сярэднераённых 38. Адзначу станоўчую работу агранамічнай і інжынернай службаў, механізатараў гэтай гаспадаркі – усе камбайнерскія экіпажы намалацілі па тысячы і больш тон збожжа.
У «Гудагаі» быў зроблены добры задзел пад ураджай збожжавых: цалкам і своечасова праведзены праполкі, фунгіцыдныя апрацоўкі пасеваў і іншыя важныя агратэхнічныя мерапрыемствы – таму і вынік відавочны.
На другую прыступку жніўнага п’едэстала пастаўлю, напэўна, КСУП «Гервяты». Яно крыху горш за «гудагайцаў» спрацавала на фунгіцыдных апрацоўках пасеваў, але тэхніку да ўборкі падрыхтавала на «выдатна».
Трэцяе месца аддам РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Парадаваў на ўборцы КСУП «Міхалішкі» – справілася на жніве ўласным сіламі.
Пралікі, якія паўплывалі на ўраджай гэтага года, заключаюцца ў агратэхналагічных момантах: дзесьці недапрацавалі з хімічнымі праполкамі, у КСУП «Варняны» і «Міхалішкі» схібілі на рапсе.
– Якая першачарговая задача цяпер стаіць перад раслінаводчай галіной раёна?
– Якасна правесці сяўбу азімых – гэта значыць, з унясеннем патрэбнай колькасці мінеральных угнаенняў, своечасовым правядзеннем усіх хімічных апрацовак, у першую чаргу – гербіцыдных. І зрабіць гэта варта ў аптымальныя тэрміны. Раней ідэальны для пасеву азімых збожжавых лічыўся перыяд з 25 жніўня па 25 верасня. Цяпер, на маю, думку яго можна смела працягнуць да 1 кастрычніка.
На сёння (раніцу 6 верасня. – Заўв. аўт.) пад сяўбу азімых падрыхтавана амаль палавіна з запланаваных плошчаў. Найлепшыя тэмпы дэманструюць КСУП «Гудагай», «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», дзе заворана адпаведна 1 770 гектараў (54%), 1 748 (43%) і 1 330 (60%).
Зазначу, што насенне крыжакветкавых прыгорнута ў глебу. Пасеяна 550 гектараў свірэпіцы і 3 020 рапсу – трэць плошчаў ён заняў у КСУП «Гервяты».
Азімы клін з большага застаўся на ўзроўні мінулага года – каля 10 тысяч гектараў. Праўда, пабольшалі плошчы пад азімым ячменем – пад яго запланавалі адвесці 330 гектараў. Калі сёлета яго вырошчваў толькі КСУП «Гудагай», то на восень насенне гэтай культуры прыкрыюць у глебу ўсе гаспадаркі раёна. Азімы ячмень хутчэй даспявае, што дазволіць знізіць нагрузку на камбайн на масавай уборцы збожжавых і ў больш раннія тэрміны забяспечыць грамадскі статак уласным фуражом.
Другая па важнасці задача – уборка кукурузы на сілас. На зерне думалі абмалаціць каля 1 200 гектараў гэтай цеплалюбівіцы, але будзем арыентавацца па сітуацыі і, магчыма, скарэктуем план у бок павелічэння назапашвання сіласу.
– Неўзабаве, напэўна, падаспеюць і іншыя культуры… На вясковых падворках поўным ходам капаюць бульбу.
– Вырошчваннем другога хлеба на Астравеччыне займаюцца толькі КСУП «Гудагай» і «Гервяты». Пад бульбу адведзена крыху больш за 120 гектараў. У раёне ўжо пачалося бульбакапанне.
На подступах збор ураджаю ў варнянскім садзе. Па ўсім бачна, што ў гэтым годзе яблыкі ўрадзілі лепш. Пачынаючы з наступнага тыдня працаўнікі гэтай гаспадаркі будуць спраўляцца ўласнымі сіламі, а праз тыдзень-два, спадзяюся, па традыцыі апошніх гадоў на дапамогу ім прыйдуць работнікі раённых прадпрыемстваў і арганізацый.
Бліжэй да пачатку трэцяй дэкады верасня распачнецца ўборка цукровых буракоў. Пад салодкія караняплоды адведзена 1 645 гектараў. Папярэднія вынікі рабіць рана, але ўраджай будзе лепшым. Калі летась у КСУП «Варняны» з гектара накопвалі пад 200 цэнтнераў, то ў гэтым годзе, думаю, 450, а то і больш. Адгружаць цукровікі гаспадаркі будуць на Жабінскі цукровы завод.
– Міхаіл Мечыслававіч, на Астравеччыне даўно не было дажджоў. Ці паўплывае цяперашні недахоп вільгаці ў глебе на будучы ўраджай?
– Пойдуць дажджы – хутчэй з’явяцца ўсходы. Адзіны мінус: унесеныя пад рапс гербіцыды (КСУП «Гудагай», «Гервяты», РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі») могуць дрэнна спрацаваць з-за недахопу вільгаці.
– А насеннага матэрыялу хопіць?
– На раён для сортазмены выдзелена 122 тоны эліты.
На сёння гаспадаркі забяспечаны насеннем на 44%. Варта разумець, што гэтая лічба расце з кожным днём. Зараз шмат партый праходзіць праверку па розных параметрах (усходжасці, чысціні) у раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. У цэлым па Астравеччыне засыпана 143% насення на сяўбу. Усе гаспадаркі раёна будуць забяспечаны пад патрэбу кандыцыйным (годным для сяўбы) насенным матэрыялам.
– Што вас радуе і засмучае як галоўнага тэхнолага раённых палёў?
– Складана адказаць… (Задумваецца.) Жніво парадавала: валавы намалот у бункернай вазе склаў пад 60 тысяч тон, без уліку грачыхі і проса. Але гэта не мяжа, нам ёсць да чаго імкнуцца. На Астравеччыне былі больш ураджайныя гады: у 2015-м, напрыклад, сабралі пад 90 тысяч тон. Каб атрымаць такі ўраджай, трэба дакладна выконваць усе агратэхнічныя працэсы вырошчвання культур – да гэтага і будзем імкнуцца.
- Больш за 120 га адведзена пад бульбу.
- 1 645 га адведзена пад цукровыя буракі.
- 122 т эліты насення выдзелена для сортазмены.
- Пад 60 000 т склаў валавы намалот у бункернай вазе.