Якім было надвор’е 1-6 верасня

10:00 / 31.08.2022

1-6 верасня
Сёлета сонца ў апошнія два тыдні лета абдымала і цалавала нас вельмі шчодра, некаторых – да страты пры­том­насці… Але, наракаючы на заліш­нюю спякоту, памятайце: гэта апошнія цёплыя дзянькі, хутка пра іх будуць нагадваць толькі фотаздымкі ды слоікі з варэннямі-кампотамі-марынадамі, у якіх дбайныя гаспа­дыні імкнуцца закансерваваць смак і водар лета, каб зімой ласавацца яго слодыччу і шчодрасцю…
Пра тое, якім сёлета будзе пачатак верасня, мы неўзабаве даведаемся. А вось як пачыналася восень у іншыя гады, можна прыгадаць, пагартаўшы дзённікі надвор’я, якія вялі на працягу дзесяцігоддзяў Стэфан Рамэйка і Станіслаў Памецька.
Часцей за ўсё ў гэты час стаяла даволі камфортнае надвор’е з золкімі туманнымі ранкамі і дзённымі тэмпературамі ў межах +200С.
Хоць здараліся і выключэнні. Да прыкладу, пачатак верасня 1991-м быў даволі гарачым, тэмпература падымалася да +260С, а 6-га раптам стала вельмі холадна, прайшоў дождж з градам –  і слупок тэрмомет­ра апусціўся да +100С. 
Халаднейшым, чым звычайна, вы­даўся верасень у 1989 годзе – ад +160С да +200С, у 1990-м – +13-160С, у 1998-м – +14-180С, у 2010-м – +14-180С, у 2017-м тэмпература за ты­дзень апусцілася ад +220С да +120С, у 2019-м – ад +250С да +140С. 
У 1993-м першы тыдзень восені быў не толькі халодным: +14-180С, а і дажджлівым. «Дажджы, дажджы… Пагніе ўся бульба. І як яе давядзецца капаць? Зямля ўся размокла», – запісаў 5 верасня Стэфан Рамэйка.
А ў 1992 годзе напачатку верасня было спякотна – ад +220С да +300С. «Недзе вечарам і днём прайшоў дождж, а ў нас усё высахла», – запісаў Стэфан Рамэйка 3 верасня. Такое ж прыкладна надвор’е стаяла ў 1996, 2002, 2018 гадах.
Хоць народныя прыкметы сведчаць, што буслы адлятаюць у вырай на Спаса, 19 жніўня, здаралася гэта і пазней – да прыкладу, у 2011 го­дзе Станіслаў Памецька развітваўся з белакрылымі птахамі 1 верасня, што і засведчыў у сваім дзённіку. Ды і сёлета яны не спяшаліся адлятаць на поўдзень.
Народныя прыкметы
Якое надвор’е 1 верасня – такім будзе і ўвесь месяц.
Гром у верасні прадвяшчае цёплую восень.
Вялікі ўраджай рабіны – да марознай зімы.
Шмат жалудоў на дубах – чакай суровую зіму і вялікі снег перад Калядамі.

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 

Фота даслала Рэгіна Дрэма.