Першымі на Астравеччыне тысячу тон збожжа намалацілі Яўген Грабоўскі і Сяргей Семянцоў з КСУП “Гудагай”

17:18 / 07.08.2022

У нядзелю, 7 жніўня, вызначыліся пераможцы працоўнага спаборніцтва, арганізаванага райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, сярод камбайнераў. Першымі ў Астравецкім раёне жаданую тысячу запісалі Яўген Грабоўскі і Сяргей Семянцоў.

Камбайн айчыннай вытворчасці КЗС-1218 працуе на “гудагайскіх” нівах шосты сезон. Па даўняй традыцыі пры намалоце тысячы тон на яго прымацоўваецца зорачка – такіх на хлебаўборачным агрэгаце з пачатку яго работы ўжо 17. Сёння тандэм Грабоўскі-Семянцоў заслужылі яшчэ адну.

Прама ў полі камбайнеры-тысячнікі прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна і гаспадаркі, прафсаюза аграрыяў і прафсаюзнай пярвічкі сельскагаспадарчага прадпрыемства. Прыемным дапаўненнем сталі медалі, дыпломы і грашовыя прэміі.

– Нездарма кажуць: будзе хлеб – будзе і жыццё, – віншуючы першых камбайнераў-тысячнікаў раёна, адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. – Намалаціць першымі тысячу тон збожжа – складана і адказна. У вас гэта атрымалася. Віншую з перамогай і дзякуй за працу!

– Трэці год запар першым у раёне тысячу тон збожжа намалочвае экіпаж на чале з Яўгенам Грабоўскім. Многія цікавяцца, у чым сакрэт? Думаю, у залатых руках механізатараў, у стараннай падрыхтоўцы камбайна да жніва, – падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла. – Буду рады сустрэцца на дзвюх, а магчыма, і трох тысячах. Поспехаў!

Таксама была адзначана работа намесніка дырэктара КСУП “Гудагай” па вытворчасці Андрэя Вінчы, адказнага за арганізацыю і правядзення жніва ў гаспадарцы.

Віншуем хлебаробаў з перамогай!

З першых вуснаў

Яўген Грабоўскі, першы ў раёне камбайнер-тысячнік:

– Ураджай лепшы, чым летась. Радуе, што ў нас атрымалася першымі ў раёне намалаціць тысячу тон. Найбольш намалочваў 2 800 тоны. Ці адолеем трохтысячную мяжу? Наперад загадваць не буду, усё залежыць ад шанцавання, камбайна і надвор’я.

Іван Карніла, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:

– Летась і ўраджай не радаваў і страты былі, і надвор’е падводзіла. Сёлета хоць па тэмпах крыху адстаём, але збожжа на круг дае на амаль на 10 цэнтнераў больш, чым у мінулым годзе. Пакрысе тэмпы нарошчваем: думаю, за два тыдні завяршым масавую ўборку збожжавых.

Трэць жніўнага збожжавага кліна абмалочана на Астравеччыне. З пачаткам масавага жніва ў лідарах прапісаліся “гудагайцы”: тры вадзіцелі гэтай гаспадаркі перавезлі па тысячы тон, а два звяны аператараў зернесушыльных комплексаў у Германішках і Малях дапрацавалі больш дзвюх тысяч тон збожжа і рапсу.








Текст:
Фото: Алёна Ганулич