Пра жніво і шлях у прафесію расказвае Іван Зімніцкі

14:11 / 01.08.2022
542
Прыязджаючы ў гаспадаркі раёна рабіць рэпартажы пра ход асноўных сельгасработ, часта сустракаю знаёмыя твары хлебаробаў: большасць з іх шмат гадоў працуе ў аграпрамысловым комплексе раёна. 

У КСУП «Міхалішкі» неадна­разова сустракалася з вадзі­целем Іванам Зімніцкім, але пагутарыць змястоўна не атрымлівалася. Нарэшце, выдалася нагода: партрэт Івана Пятровіча змешчаны на раённую Дошку гонару. Летась яго прызналі адным з лепшых вадзіцеляў на корманарыхтоўцы. 
У адзін з даждж­лівых дзён, калі кам­байны стаялі ў майстэрні, суст­рэлася і пагутарыла з Зімніцкім.

Жыццё неаднойчы ставіла Івана Пятро­віча перад выбарам. Але ён з уласцівай вяскоўцам сціпласцю, працавітасцю і прыроджанай сарамлівасцю выбіраў больш знаёмую і звыклую дарогу. Можа, менавіта пагэтаму мужчына працуе на адным месцы больш як 40 гадоў?



– Я з Вераб’ёў. У хаце жылі некалькі пакаленняў: бабуля з дзедам, бацькі, цётачка да замужжа і мы з сястрой. Бацькі працавалі на мясцовым цагельным заводзе. Пасля яго закрыцця мама перайшла ў механізаваную перасоўную калону, а бацька – у Спондаўскую сярэднюю школу рабочым, – працягвае мужчына. 

– Конь быў у багацейшых сем’ях. Мы трымалі карову, парачку кабанчыкаў, курэй. Касіць я навучыўся рана. Сенажаці – што шнурочкі, і далёка ад вёскі. У кожнай сям’і мелі рагулю, трэба было летам назапасіць кармоў на ўсю зіму. За 2-3 кіламетры хадзілі на сенакос: скасілі – праз дзень-другі траву трэба перавярнуць; задажджыць – скласці ў стажкі; распагодзіцца – раскідаць іх, – узгадвае летнія дзіцячыя клопаты Іван Пятровіч. – У нашай мясцовасці касіць людзям дазвалялі толькі пасля пачатку жніва, да гэтага рыхтавалі кармы для калгаснага статка. Акрамя таго, кожная сям’я павінна была накасіць і здаць 5 тон сена з няўдобіц. Абкошвалі, што маглі – дарогі, узлескі. Цяпер, куды ні глянь, столькі травы стаіць – толькі касі, а сена ўжо нікому не патрэбна. Адзінкі на вёсцы кароўку трымаюць. 

У рэдкіх забавах ды паўсядзённай працы лета прамінала хутка. У верасні школьныя званкі клікалі дзетвару за парты. 

– У Страчскай васьмігодцы я быў сярэднячком. Многія аднакласнікі хацелі хутчэй развітацца са школай і зарабляць свой рубель. А мне мроілася мора. Да цётачкі, якая жыла з намі, заляцаўся кавалер са Свіры, марак. Мне так яго форма падабалася! Надумаў паступаць у калініградскую «мараходку». Бацькі не пусцілі: маўляў, няма калі вучыцца, трэба працаваць, – з настальгіяй узгадвае юначую мару Іван Пятровіч. 

Але жыць за ўласныя грошы Зімніцкаму доўга не давялося: у 1976 годзе яго забралі ў армію за тысячы кіламетраў ад родных Варабёў – у далёкі Усурыйск. 

– Прыморскі край незвычайны. Сопкі, прырода прыгожая і клімат мяккі: цёпла ажно да лістапада, – успамінае мужчына. – Служыў я ў авіяцыі ля самай кітайскай граніцы. 

Пасля дэмабілізацыі Івана Зімніцкага ў астравецкім ваенкамаце настойліва «сваталі» ў міліцыю, але пасля двух гадоў армейскага жыцця яму не хацелася жыць па раскладзе. За кампанію з сябрамі юнак уладкаваўся ў аўтапарк шафёрам. 

– У Спондах меліяратары асушалі палі, а мы вазілі грунт. У адзін з рэйсаў зазірнуў у мясцовы магазін. Там убачыў дзяўчыну – і з першага позірку прыгажуня запала ў душу, – узгадвае знаёмства з жонкай Іван Пятровіч. – Пасля вяселля з Яняй два гады жылі з маімі бацькамі. З жыллём тады складана было. 

Дзеля ўласнага кутка Іван перайшоў з аўтапарка ў калгас «Савецкая Беларусь». Маладой сям’і спачатку выдзелілі невялікую кватэру, пазней – дом у Страчы.

– Росквіт нашай гаспадаркі прыпаў на сярэдзіну 80-ых. Кармоў хапала на ўсю зіму, засекі збожжам поўніліся, – працягвае мой суразмоўца. – Пры Валерыі Іосіфавічы Руновічы я ўвогуле дома, можна сказаць, не спатыкаўся: вазіў крупу, муку, піламатэрыялы – усё гэта выпускалі ў нашай гаспадарцы – і іншую прадукцыю ў Гродна, Мінск, Оршу. Ды і мы тады былі маладымі, здаровымі, з усім спраўляліся.

Цяпер Іван Зімніцкі кожнае лета возіць збожжа. Па словах мужчыны, яго «дзядулька» – пятнаццацігадовы МАЗ – не падводзіць. 

– Хочацца, каб збожжа лепш сыпалася. Калі быў прычэп, то больш за тысячу тон перавозіў, – расказвае вадзіцель. – Хоць увогуле трымаюся залатой сярэдзіны: у перадавікі не рвуся, не плятуся ў канцы. Лічу: узяўся працаваць – дык не лянуйся. Раней у гаспадарцы ладзіліся працоўныя спаборнітвы сярод камбайнераў, вадзіцеляў. За першыя тры прызавыя месцы нам давалі прэміяльныя чэкі на 3, 5, 10 рублёў адпаведна. Да параўнання: буханка хлеба тады каштавала 18 капеек. Быў імпэт працаваць, перамагаць. Хоць не грошы галоўнае. Прыемна, калі тваю работу заўважаюць, цэняць. Калі даведаўся, што мой партрэт змясцілі на раённую Дош­ку гонару, усцешыўся: не дарэмна амаль 40 гадоў вазіў зерне. 

Кажуць, што сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць сад і выгадаваць сына. З гэтай місіяй Іван Пятровіч цалкам справіўся.

– Жывучы на вёсцы, усюды трэба прыкласці рукі. Дзеці выраслі, раз’ехаліся. Старэйшая, Тамара,  жыве з сям’ёй у Міхалішках, працуе эканамістам. Віталь скончыў лінгвістычны ўніверсітэт, але па прафесіі не працуе – стаў айцішнікам. Засталіся мы ўдваіх з Яняй, – расказвае мужчына. – Зімой, калі больш вольнага часу, душой адпачываю на рыбалцы. Моцна люблю ціхае паляванне. Летась жонка ўжо прасілася, каб больш не насіў грыбоў. А што ж рабіць, калі яны, асабліва калі ўжо выходзіш з лесу, нібыта кідаюцца пад ногі: крамяныя баравікі, падасінавікі ў чырвоных шапачках… 
Але цяпер Івану Пятровічу няма часу думаць пра грыбы. Збожжа саспела – і, як і кожны год, жніво паклікала вадзіцеля ў дарогу…

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений