Пра сябе, работу і сям’ю расказвае Валянціна Алёкса – жанчына з Дошкі гонару

10:28 / 22.07.2022
560
Валянціна Алёкса, аператар машыннага даення МТФ «Дравянікі» КСУП «Гудагай».Стаж работы –  больш за 20 гадоў.

Пры сучасным тэмпе жыцця многія наракаюць на недахоп часу: маўляў, было б у сутках больш за 24 гадзіны – іншая справа. А Валянціна Алёкса з вёскі Дравянікі, чый партрэт сёлета змешчаны на раённую Дошку гонару, усюды паспявае: кароў падаіць на малочна-таварнай ферме, сваіх мужчын накарміць смачненькім, шасцімесячнага ўнучка Арцёмку пагушкаць, грады прапалоць і жывёлу накарміць... Карэспандэнт «АП» пагутарыў з гераіняй пра сакрэты працавітасці, работу і жаночае шчасце. 

Дамаўляючыся на сустрэчу ў тэлефоннай размове, мая гераіня адразу акрэсліла: «Дом пазнаеце па плоце – ён адзін такі ў вёсцы: з бетону, пафарбаваны ў зялёны і белы колеры». Знайшлі хутка! Адразу ў вочы кінуліся дагледжаныя клумбы, роўненькая трава-мурава…

Дзверы адчыніла стройная жанчына з немаўляткам на руках. 

– Валянціна, – прыязна прадставілася гаспадыня, – а гэта мой унучок Арцёмка! 


***
Валя – астравецкая, нара­дзілася і гадавался тады яшчэ ў гарадскім пасёлку. Яна была сярэдняй дачушкай: у Кежуноў падрасталі яшчэ Святлана і Ганна.

 – Да працы звыклая з дзя­цінства. Каровы, праўда, бацькі не трымалі, але рохкалі свінні ў хлеўчуку, па панадворку сноўдалі куры і качкі, – расказвае жанчына. – Кожнае лета я бавіла ў бабулі Лёні ў Быстрыцы. Моцна ўдзячна ёй, што ўсяму мяне навучыла! Карову я ўмела даіць ужо ў 10 гадоў.
У лясным гушчары, які туліўся да стромкага берага Віліі, было безліч грыбоў і ягад. Валя глядзела за авечкамі, пасвіла кароў, дапамагала старэйшым сенаваць – словам, жыла звычайным для вясковых дзяцей жыццём.

– Бабка Лёня дапамагала маме, якая рана выйшла на работу, падгадаваць мяне, – працягвае жанчына. – Заўсёды, калі я прыязджала ў Быстрыцу, бабуля рабіла мне ўпяканую бульбяную кашу, праўда, без скварачак. Нічога смачнейшага ў жыцці не ела!

На працягу ўсёй вучобы ў школе Валя кожнае лета ездзіла да бабулі не толькі дапамагаць і адпачываць, але і падпрацоўваць у калгасных парніках у Петраполі. 

– Вызначанай мары, кім хачу стаць, у мяне не было. Хацелася зарабляць грошы, мець свой рубель. Дарэчы, на першы заробак купіла вялікі і смачны торт, – з усмешкай узгадвае жанчына. – Пасля школы нікуды не паступала, пайшла дапамагаць маці ў камбінат будаўнічых матэрыялаў – яна была станочніцай, а тата працаваў там жа на пілараме. Тут пазнаёмілася з Валодзем. Праз год згулялі вяселле…

Спачатку маладыя жылі ў Астраўцы з жончынымі бацькамі, але потым пераехалі да мужавых.

– Дома кіпеў рамонт, а ў мяне гадавалы сынок на руках. Вырашылі з мужам, што часова пажывём у Дравяніках. Так сталася, што гэтае «часова» расцягнулася больш чым на 20 гадоў, – працягвае Валяціна Чаславаўна. – Муж пайшоў працаваць на ферму, а я ў дэкрэце. Праўда, доўга не сядзела. Тагачасная загадчыца МТФ «Дравянікі» Галіна Аповіч паклікала – людзей не хапала. Спачатку была прыбіральшчыцай, пазней стала падменнай даяркай, потым – пастаяннай. 

Аператарам машыннага даення жанчына працуе больш за 20 гадоў. Валянціна Чаславаўна – адна з лепшых даярак на ферме. За 2021 год ад каровы за год яна надаіла звыш 7 300 кілаграмаў малака – гэта на 228 кілаграмаў больш узроўню 2020 года.

– Для мяне было вялікай нечаканасцю, што мой партрэт трапіў на Дошку гонару, – прызнаецца даярка. – Добрую навіну першым паведаміў галоўны заатэхнік нашай гаспадаркі Іванавіч (Віктар Алёкса. – Заўв.аўт.). «Заўтра, Валянціна, едзеш у Астравец фата­графавацца на Дошку гонару. Віншую!» Як і любому працаўніку, мне, канешне, прыемна, што маю працу заўважылі і адзначылі, – расказала жанчына. 

...У 5 гадзін раніцы, пакуль Арцёмка спіць, Валянціна Чаславаўна спяшаецца на ферму – балазе, яна непадалёк ад дома. Вечарам – другая дойка.

– У маёй групе крыху больш за 50 галоў. Кароў не падзяляю. Галоўнае, каб вымя было добрае. Навошта тады рагуля, калі малака не дае? – з веданнем справы тлумачыць ганаровая даярка. – Да слова, уся наша сям’я працуе ў КСУП «Гудагай»: муж на нашай ферме даглядчыкам, старэйшы сын, які падарыў нам унучка, – у будаўнічай брыга­дзе, малодшы таксама ў гаспадарцы. Трымаем парачку кабанчыкаў, курэй, качак, садзім вялікі агарод – жывём, як і ўсе вяскоўцы.

На развітанне задала сваёй гераіні традыцыйнае журналісцкае пытанне: што робіць вас шчаслівай?

– Як і любую жанчыну, дзеці, муж; калі дома і на рабоце ўсё добра, – на хвіліну жанчына прыпынілася і з пяшчотай паглядзела на паўгадавалага ўнука, які за ўсю нашу размову ніводнага разу не заплакаў. – А яшчэ Арцёмка! Пагляджу ў яго блакітныя вочкі – і сэрца любоўю напаўняецца.
Текст: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений