Даведаліся, як праходзіць на Астравеччыне другі ўкос у КСУП “Гервяты”

15:00 / 14.07.2022
На Астравеччыне працягваецца другі ўкос: на раніцу 14 ліпеня травы ляглі ў пракосы больш чым на 2 200 гектарах, што складае 25% ад плана. Найбольш папрацаваць давядзецца гервяцкім корма­нарых­тоў­шчы­кам – у гэтай гаспадарцы самыя вялікія ў раёне па плошчы сенажаці – 2 550 гектараў (скошана 470).

Напачатку тыдня карэспандэнт пабываў у КСУП «Гервяты», каб даведацца пра нюансы другога ўкосу. 

У дзень прыезду насупраць малочна-таварнага комплексу «Дайлідкі» працавалі тры сучасныя камбінаваныя ратацыйныя модульныя касілкі, адну з якіх набылі сёлета. А корманарыхтоўчыя камбайны стаялі на механічных майстэрнях у чаканні: па тэхналогіі скошаная трава павінна правяліцца патрэбны час, толькі потым яе можна падбіраць і закладваць з выкарыстаннем кансерванта ў сянажна-сіласныя траншэі. 

Першым у КСУП «Гервяты» навамодную касілку некалькі гадоў назад асвоіў Рымантас Трапшыс – механізатара неаднойчы прызнавалі лепшым касцом у раёне. Паспрыя­ла не толькі новая тэхніка, але і майстэрства мужчыны. 



– Другі ўкос у самым разгары. Напачатку першага травы выглядалі дрэнна – пэўныя хваляванні на іх конт былі, але пасля дажджоў і сонечнага надвор’я травастой пацягнуўся ўгору, – коратка ахарактарызаваў корманарыхтоўку Рымантас.

Не менш плённа за свайго калегу працуе і Віктар Кардзіс. 



– На гэтым участку люцэрну кладзём у пракосы другі раз. Перавага гэтай кармавой культуры ў тым, што за сезон можна атрымаць некалькі ўкосаў, – дастаткова хутка адрастае, – расказаў касец. – Дзень на дзень не даводзіцца: аб’ём выкананай работы залежыць ад розных фактараў: надвор’я, участка, тэхнікі.

У трыа гервяцкіх касцоў гарманічна – мяркуючы па зладжанай хадзе па полі касілак – упісаўся і Вітаўтас Касевіч – чалавек не новы ў сельскай гаспадарцы. Сёлета яму даверылі новую ратацыйную модульную касілку КМР-9. 



– Працоўную дзейнасць пачынаў у мясцовай гаспадарцы, апошнія гады працаваў на будоўлі атамнай электрастанцыі, потым вярнуўся ў КСУП «Гервяты», – сцісла апісаў сваю працоўную біяграфію касец. – Перавага гэтай касілкі – дзевяціметровы захоп, праўда, люцэрну кладзём не ў адзін валок, а распылам – так яна лепш і хутчэй правяліцца, і на змену нам могуць заступаць корманарыхтоўчыя комплексы. 

…Тры магутныя касілкі на адлегласці каля 10 метраў адна ад другой смела ныралі ў люцэрнавае поле і пакідалі пасля сябе прыкрытае сакавітай травой зялёнае кароткае колкае шчацінне. …Праўда, пагодзілася толькі ў панядзелак – а потым зялёны канвеер, не толькі гервяцкі, часова спынілі праліўныя дажджы.

Недаравальным было б, пабыўшы ля малочна-таварнага комплексу, не зазірнуць на яго: па-першае, каб на свае вочы паглядзець, колькі ёмістасцей для захоўвання травяністых кармоў ужо закладзена, а таксама пацікавіцца, ці хопіць сенажу для грамадскага гурта на зімне-стойлавы перыяд. 

Каменціруе памочнік начальніка МТК «Дайлідкі» Людміла Бароўская:

– Праблем з травяністымі кармамі за апошнія гады не прыгадаю. Да гэтага часу ёсць мінулагодні сянаж і сілас. На комплексе ўтрымліваецца звыш 2 400 галоў, з якіх амаль 900 – дойны статак. На 11 ліпеня запоўнены і закрыты 4 траншэі – гэта толькі побач з нашым жывёлагадоўчым аб’ектам. У мінулыя сезоны зялёную масу трамбавалі кругласутачна, другі сезон, згодна з новым рэгламентам, трактарысты-машыністы робяць гэта да 22.00, а на ноч масу накрываюць плёнкай. Траншэя, як таго і патрабуюць правілы, закладваецца каля 3-4 дзён. 



Рацыён рагуль залежыць ад групы. Самыя прадуктыўныя, якія даюць у сярэднім за дзень звыш 25-30 кілаграмаў малака, атрымліваюць 12 кілаграмаў камбікорму, 24 – сіласу, 2 – саломы, па 7 кілаграмаў сенажу і зялёнай масы. Акрамя гэтага, на кармавых сталах ёсць і канцэнтраты. 

У параўнанні з мінулым годам пакуль «мінусуем»: сярэдні надой ад каровы па комплексе складае 22 кілаграмы. На гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны: шмат кароў было ў запуску, былі хворыя жывёлы – але сітуацыя выпраўляецца. Думаю, да канца лета зменім «мінус» на «плюс». 


Текст:
Фото: Алёна Ганулич